Афіцыйны Мінск падтрымаў ядзерную праграму Тэгерана
Міністры замежных спраў Беларусі і Ірана ў чацвер заявілі пра супольную пазіцыю дзвюх краін адносна шэрагу міжнародных праблем, у тым ліку сітуацыі вакол іранскай ядзернай праграмы. Заявы прагучалі падчас візіту міністра замежных спраў Ірана Манучэхра Матакі ў Мінск. Іранскі госць сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам, кіраўніком Палаты прадстаўнікоў Уладзімірам Канаплёвым і Міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым.
Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Ірана Манучэхр Матакі запрасіў свайго беларускага калегу Сяргея Мартынава ў Тэгеран і пераказаў запрашэнне іранскага прэзідэнта Махмуда Ахмадзінэжада Аляксандру Лукашэнку наведаць з афіцыйным візітам Іран. Апрача таго, было абвешчана, што лідэры Ірана і Беларусі сустрэнуцца ўжо ў блізкім часе ў ходзе саміту Руху недалучэння ў Гаване. Манучэхр Матакі падзякаваў беларускім ўладам за падтрымку ў міжнароднай спрэчцы адносна супярэчлівай ядзернай праграмы Ірана. Міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў гэтую пазіцыю акрэсліў так: “Іран мае поўнае права на любую мірную ядзерную дзейнасць у адпаведнасці з палажэннямі і абавязкамі Дамовы аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі. У нас няма падставаў сумнявацца ў мірным характары ядзернай праграмы Ірана”.
Мартынаў таксама зазначыў, што ўсялякія санкцыі супраць Ірана будуць мець адмоўныя наступствы. Прадстаўнік Ірана запэўніў у мірным характары іранскай ядзернай праграмы, зазначыўшы, што Тэгеран гатовы да працягу перамоваў з прадстаўнікамі Еўрасаюзу. Пры гэтым Матакі негатыўна ацаніў пазіцыю ЗША і Вялікабрытаніі ў гэтай спрэчцы. Прапановы ЗША аб санкцыях супраць Ірана ён назваў незаконнымі: “Ядзерная дзяржава, якая выкарыстала атамную зброю ў Нагасакі і Хірасіме, не мае права патрабаваць, каб іншыя дзяржавы не валодалі хаця б ядзернымі тэхналогіямі. Амерыканцы павінны ўпэўніцца, што мова пагрозаў у сучасным свеце не дзейнічае”.
Гаворачы пра беларуска-іранскія эканамічныя дачыненні, Манучэхр Матакі заявіў пра планы ўзняць двухбаковы таваразварот прыблізна ў 10 разоў – да паўмільёна даляраў ЗША.
Радыё “Свабода”
svaboda.org
|