Якой была рэакцыя беларускага ўраду на “12 умоваў Эўрапейскага Саюзу”?

Юрый Чавусаў,
 палітоляг

Мінуў год з часу апублікаваньня Эўрапейскай Камісіяй дакументу пад назвай "Што Эўрапейскі Саюз можа даць Беларусі". Гэта было пасланьне да беларускага народу з апісаньнем тых перавагаў, якія Беларусь можа атрымаць у выпадку паўнавартаснага далучэньня да эўрапейскай палітыкі добрасуседзтва. Таксама ў дакуменце зафіксаваныя 12 умоваў, пры якіх такое далучэньне будзе магчымым. Выкананьне гэтых умоваў чакалася ад беларускага ўраду і знаходзілася ў ягонай кампетэнцыі. Падсумаваньне дзяржаўнай палітыкі ў гэтых накірунках дазваляе казаць, што ўмовы Эўрапейскага Саюзу паўплывалі на ўнутрыбеларускі палітыку, аднак да выкананьня гэтых умоваў яшчэ далёка.

Для беларускіх уладаў дакумент акрэсліў акно магчымасьцяў для кампрамісу і дыялёгу з Захадам. Насуперак ранейшай рэвалюцыйнае пагрозы з Эўропы паступіў мэсадж, што нават без змены правячай групоўкі Беларусь можа быць далучаная да цывілізаваных краінаў. Для гэтага трэба выканаць толькі некаторыя ўмовы, якія не азначаюць простае адлучэньне ад улады кіруючай групоўкі і сутнасна не павінныя мяняць палітычнага рэжыму, але робяць ягонаму стылю кіраваньня больш эўрапейскі дызайн, робяць яго больш “прыстойным”.

Для дэмакратычных сілаў унутры Беларусі гэты дакумент нечакана замяніў сабою пазітыўную праграму беларускай апазыцыі, стаўшыся дэманстрацыяй эўрапейскай альтэрнатывы сёньняшняму стану грамадзтва. Напэўна, гэткі эфэкт дакументу не быў заплянаваны як асноўны, аднак дэ факта дзякуючы яму эўрапейскі выбар (і канкрэтныя прапановы эўрапейскіх структураў) сталі тым стваральным падмуркам, з якім беларуская апазыцыя ідзе да народа.

Сацыялягічны аналіз уплыву гэтых прапановаў на грамадзтва Беларусі з’яўляецца асобным пытаньнем, аднак бясспрэчна, што карэннага зьмяненьня стаўленьня да Эўрапейскага выбару не адбылося. Эўрапейскі шлях пакуль не з’яўляецца агульнанацыянальным выбарам беларусаў, хоць ён ужо фігуруе ў грамадзкім дыскурсе. Эўрапейскі шлях выступае як альтэрнатыва дзяржаўнай ідэялёгіі ўмацаваньня Беларусі як самадастатковай дзяржавы, ізаляванай ад Захаду і Ўсходу. Што ж датычыцца дзеяньняў беларускага ўраду па прыстасаваньні да эўрапейскіх стандартаў, выкананне якіх задэкляраванае Эўропай як умова для спыненьня ізаляцыі краіны звонку, то тут працэсы адбываюцца неадназначныя і супярэчлівыя.

Далей разглядаецца сёлетняя беларуская дзяржаўная палітыка па тых накірунках, дзе Эўрапейскім саюзам былі высунутыя ўмовы паводле дакументу "Што Эўрапейскі Саюз можа даць Беларусі".

    1. Эўрапейскі Саюз дэкляраваў неабходнасьць павагі да права грамадзянаў абіраць сваіх лідэраў дэмакратычным шляхам. Ужо пасьля абвяшчэньня дакументу адбылася кампанія па выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў 25-га скліканьня. У папярэднім дэпутацкім корпусе 24-га скліканьня было блізу сотні прадстаўнікоў апазыцыйных партыяў. Нават захаваньне такога прадстаўніцтва апазыцыі дазволіла б уладам не губляючы кантролю канстатаваць прагрэс у параўнаньні з прэзідэнцкай выбарчай кампаніяй 2006 года. Аднак, нават калі апазыцыя не рабіла спробаў пераўтварыць мясцовыя выбары ў значную палітычную падзею, дзеяньні ўладаў былі падобныя да дзеяньняў па прадухіленьні пагрозы каляровай рэвалюцыі. Сотні арыштаў, нерэгістрацыя апазыцыйных кандыдатаў, канфіскацыі накладаў незалежных газет і ўлётак, неўключэньне апазыцыі ў склад выбарчых камісіяў, перашкоды ў агітацыі зрабілі немагчымым прызнаньне гэтых выбараў дэмакратычнымі. Як падаецца, у рэалізацыі гэтых выбараў у асяродку кіруючай эліты рэй вялі “ястрабы”, прыхільнікі рэпрэсіўнага сцэнару, што не адпавядала рэальным пагрозам мясцовых выбараў і зашкодзіла працэсу наладжваньня стасункаў з Эўропай.

    2. Права на незалежную інфармацыю і павага да свабоды прэсы у Беларусі застаецца ў вартым жалю стане. Паляпшэньне сітуацыі тут было магчымае нават праз прыняцьцё чыста дэкаратыўных мераў накшталт допуску нешматлікіх незалежных выданьняў да падпісных каталогаў і дзяржаўнай сыстэмы распаўсюду (зразумела, што чакаць максімальных крокаў, накшталт допуску апазыцыі да дзяржаўнага тэлебачаньня, было цяжка). Аднак нават мінімальных крокаў па выкананьні гэтай умовы ўлады не зрабілі. Адзінае, што фіксуецца меньшая колькасьць крымінальных справаў супраць журналістаў (іх няма сярод палітзьняволеных), але іншыя формы ўціску па-ранейшаму распаўсюджаныя (у тым ліку з сыстэмы распаўсюду і падпісных каталогаў выключаныя расейскія выданьні). Часам нават адбылася інтэнсіфікацыя ўціску, напрыклад, зафіксаваныя выпадкі перасьледу грамадзянаў Беларусі, якія з’яўляюцца карэспандэнтамі замежных медыяў. Да разгляду ў парлямэнце падрыхтаваны законапраект "Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі", які па ацэнках Беларускай асацыяцыі журналістаў патэнцыйна можа пагражаць свабодзе слова ў Інтэрнэце.

    3. Свабода аб’яднаньняў таксама не адчула значнай палёгкі, хоць некаторыя зрухі да лепшага тут зафіксаваныя. Як падаецца, у сферы грамадзянскай супольнасьці ўлады цяпер вынішчылі ўсё што толькі можна, і цяпер стаўка робіцца не на рэпрэсіўныя захады, а на больш дэлікатныя крокі накшталт інтэнсіфікацыі праўрадавых аб’яднаньняў і стварэньня субстытутаў грамадзянскай актыўнасьці ў выглядзе GONGO. У 2007 годзе было ліквідавана праз суд толькі 26 грамадзкіх аб’яднаньняў, што з’яўляецца найніжэйшым паказчыкам з 2002 года (у тым ліку ліквідаваныя былі аб’яднаньні “Стары горад”, Беларускі літаратурны фонд, Партыя Жанчын “Надзея”). Пры гэтым упершыню быў зафіксаваны выпадак, калі грамадзкае аб’яднаньне ў судзе адстаяла права на існаваньне (справа аб ліквідацыі Цэнтра “Супольнасьць”). Павялічылася і колькасьць новых зарэгістраваных арганізацыяў, хоць значным арганізацыям “Рух За свабоду”, “Малады фронт” і “Вясна” было адмоўлена ў рэгістрацыі. Крымінальныя справы за дзейнасьць незарэгістраваных NGO скончылся абвінаваўчымі прысудамі, аднак толькі аднаму з дзевяці асуджаных было вынесена пакараньне з пазбаўленьнем волі (іншым былі штрафы і папярэджаньні). Пытаньне адмены крымінальнай адказнасьці за дзейнасьць незарэгістраваных NGO, на чым настойвалі праваабаронцы, нават не разглядалася.

    4. Вызваленьне палітзьняволеных сталася бадай самым прынцыповым пунктам ва ўсім спісе патрабаваьняў. Для ўладаў было б няцяжка выпусціць на волю тых меней за 10 чалавек, якія прызнаныя Захадам вязьнямі сумленьня (бадай што акрамя былога кандыдата ў прэзідэнты Казуліна, вызваленьне якога было б асабістай паразай кіраўніка дзяржавы). Увесну 2007 лёс палітзьняволеных стаў прадметам пэрсанальных перамоваў з Захадам, і тры чалавекі былі сапраўды вызваленыя датэрмінова (Севярынец, Статкевіч, Садоўская). Але пазьней ў выніку новых прысудаў за краты за абразу прэзідэнта былі кінутыя яшчэ два чалавекі – Андрэй Клімаў і Аляксандр Круты. Падобна на тое, што амністыя, якая будзе неўзабаве, не закране палітычных зьняволеных, хоць гэта было б для рэжыму зручным спосабам вызваліць палітзьняволеных не губляючы твару. У гэткай непасьлядоўнасьці ўладаў заўважна, наколькі напружанай тэхнічнай задачай з’яўляецца для Беларусі выкананьне ўмоваў Эўрапейскага Саюзу нават пры жаданьні іх выканаць, наколькі істотны супраціў і перашкоды з боку асобных частак сыстэмы.

    5. У накірунку расьледваньня палітычна матываваных зьнікненьняў не было зроблнена нічога. Як падаецца, гэтае пытаньне будзе найбольш балючым і нязручным для ўраду, паколькі яно зьвязанае з прызнаньнем злачынных дзеяньняў з боку найвышэйшых службовых асобаў з ведама кіраўніцтва дзяржавы.

    6-7. Усталяваньне незалежнай судовай сыстэмы застаецца для Беларусі толькі марай – за апошні год тут таксама не адбылося пазітыўных зьменаў. Масавыя адвольныя арышты (у тым ліку прэвэнтыўнага характару) адбываліся ў сотнях выпадкаў напярэдадні палітынчых акцыяў “Эўрапейскі Марш” і “Сацыяльны Марш”, хоць ў гэтым не было рэальнай мэтазгоднасьці (працуе адладжаная машына рэпрэсіяў!). З іншага боку, у адрозьненьне ад больш жорсткіх часоў, цяпер часам суды выносяць мяккія прысуды, што можа быць трактаванае ўладамі як дэманстрацыя самастойнасьці суддзяў у прынцьці рашэньняў. Восеньскія палітычныя маніфестацыі адбыліся без арышту іх непасрэдных удзельнікаў, што з’яўляецца беспрэцыдэнтным для Беларусі нягледзячы на згаданыя прэвэнтыўныя арышты і арышты распаўсюднікаў газэт і ўлётак.

    8. Выкананьне правоў нацыянальных меньшасьцяў у трактоўцы Эўрапейскага саюзу было зьвязанае з праблемай адзяржаўленьня Саюзу палякаў. Беларускія ўлады не прызнаюць наяўнасьці гэтай праблемы і не робяць аніякіх крокаў па яе вырашэньні. З іншага боку, найбольш брутальныя рэпрэсіўныя захады супраць кіраўніцтва Саюзу палякаў былі спыненыя альбо зьменьшылася іх інтэнсіўнасьць.

    9. Выкананьне працоўных правоў грамадзянаў Беларусі у трактоўцы Эўрапейскага саюзу зьвязанае з праблемай выключэньня Беларусі з Абагульненай сыстэмы гандлёвых прэфэрэнцыяў Эўрапейскага Саюзу і санкцыямі Міжнароднай арганізацыі працы. Гэты аспект мае найбольш рэальнае эканамічнае вымярэньне, зьвязаны з рэальнымі фінансавымі стратамі для беларускай дзяржавы. Беларускі рэжым тут ажыцьцявіў некаторыя фармальныя крокі насустрач сусьветным стандартам, аднак пакуль не прадэманстраваў імкненьня да паляпшэньня становішча па сутнасьці. Прынцыповым момантам тут з’яўляецца тое, што гэта адзіны пункт, па якім Беларусь дэ юрэ прызнала наяўнасьць парушэньняў (штопраўда, не перад Эўрапейскім Саюзам, а перад органамі Міжнароднай арганізацыі працы). Тут назіраюцца фармальныя крокі па выкананьні ўмоваў, аднак рэальнага паляпшэньня няма. Паказальна, што ў якасьці руху да выкананьня правоў працоўных улады дэманструюць новы законапраект “Аб прафсаюзах”, які насамрэч значна ўскладняе дзейнасьць незалежных прафсаюзаў.

    10. Права грамадзянаў ажыцьцяўляць прадпрымальніцкую дзейнасьць атрымала найбольшы уціск за гэты год. Фактычна ўлады згортваюць дзейнасьць дробных прадпрымальнікаў, якія працуюць без утварэньня юрыдычнай асобы, што балюча б’е па сотнях тысячаў людзей. Аднак пры гэтым урад прадстаўляе гэта як крок насустрач цывілізаваным формам прадпрымальніцтва. Адначасова робяцца крокі па прыцягненьні ў краіну эўрапейскіх інвестараў-прыватнікаў, па стварэньні для іх зручных умоваў бізнэсу.

    11. Забарона сьмяротнага пакараньня магла бы быць бадай што самым эфэктным крокам Беларусі насустрач эўрапейскім стандартам, магла бы зьняць прынцыповую перашкоду да далучэньня Беларусі да Рады Эўропы (а гэткае далучэньне заяўлена адной з мэтай зьнешняй палітыкі Беларусі). Мараторый на сьмяротнае патрабаваў бы ад Беларусі няшмат – у адрозьненьне ад 1990-х гадоў, калі сьмерцю каралася па некалькі дзесяткаў чалавек штогод, цяпер колькасьць сьмяротных выракаў значна паменьшылася, штогод караюць сьмерцьцю толькі некалькіх злачынцаў (у першай палове 2007 году – 2 выпадкі, паводле Вярхоўнага суда). Аднак пакуль справа абмяжоўваецца толькі заявамі з боку Вярхоўнага суда і асобных дэпутатаў парлямэнту пра магчымасьць мараторыя.

    12. Выкарыстаньне падтрымкі міжнародных структураў дапамогі ў сфэры правоў чалавека ёсьць адной з расплывістых умоваў. Але яна ўспрымаецца ўладамі як пагроза ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы Беларусі, што лічыцца недапушчальным. Прынятыя па індывідуальных скаргах беларускіх грамадзянаў рашэньні Камітэту па правах чалавека ААН засталіся нявыкананыя, урад адмаўляецца падаваць рэгулярныя справаздачы ў гэты Камітэт. Адзінае, на што ўрад гатовы пайсьці – гэта супраца ў галіне адукацыі па правах чалавека, аднак без сапраўднага ўдзелу нацыянальнага праваабарончага руху і пад поўным кантролем дзяржаўных органаў. Аднак фармальная згода на адкрыцьцё офіса Эўракамісіі ў Менску і камунікацыя па гэтай праблеме стала сігналам, што прынамсі з пункту гледжаньня магчымасьці супрацоўніцтва ўрад гатовы пайсьці на дыялёг.

Абагульняючы гэты агляд дзеяньняў беларускіх уладаў у сфэрах, дзе былі высунутыя ўмовы Эўрапейскага Саюзу, можна адзначыць наступнае:

    - там, дзе пытаньне закранае падмуркі існаваньня рэжыму, пагражае ягонай устойлівасьці – урад не ідзе ні на якія істотныя альбо фармальныя саступкі

    - там, дзе парушэньне выклікана існаваньнем наяўнай бюракратычна-рэпрэсіўнай машыны – нейкія кропкавыя выпраўленьні магчымыя, аднак дэмантажу рэпрэсіўнага мэханізму (напрыклад, праз адмену рэпрэсіўных законаў) не адбываецца

    - найбольш шанцаў на выкананьне маюць ўмовы, зьвязаныя з пэрсанальнымі канкрэтнымі фактамі перасьледу (як у выпадках Саюзу палякаў альбо палітзьняволеных)

    - беларускі ўрад аддае перавагу выкананьню фармальнага боку ўмоваў (напрыклад, любая карэкцыя альбо зьмяньшэньне размаху перасьледу, захаваньне законных працэдураў падчас рэпрэсіяў), а не супрацоўніцтву па сутнасьці

    - агучваньне ўмоваў зусім не гарантуе, што беларускі рэжым разумее парадак іх выкананьня

    – заўжды патрэбныя кулюарныя перамовы на ўзроўні службовых асобаў, што прымаюць рашэньні адносна таго, якім чынам гэтыя ўмовы могуць быць выкананыя

    - найбольш шанцаў на выкананьне маюць ўмовы, падмацаваныя бізуном у выглядзе канкрэтных эканамічных наступстваў іх невыкананьня, аднак пры гэтым агульнае абяцаньне эканамічнага супрацоўніцтва па ўсім пакеце прапановаў і ўмоваў ня ёсьць эфэктыўным

    - агульнай інтэнцыяй дзеяньняў уладаў у закранутых Эўрапейскім Саюзам пытаньнях з’яўляецца пераход ад найбольш брутальных парушэньняў правоў грамадзянаў да больш вытанчаных мэханізмаў барацьбы з іншадумствам і палітычнымі апанентамі, да законных сродкаў абмежаваньня правоў чалавека.

Беларускія ўлады зрабілі пэўныя крокі ў адказ на 12 умоваў Эўрапейскага Саюзу, але гэтыя рэакцыя была непасьлядоўнай і наўрадці была выкліканая шчырым імкненьнем да выкананьня эўрапейскіх стандартаў. Аднак нягледзячы на пакуль сьціплыя вынікі, дакумент "Што Эўрапейскі Саюз можа даць Беларусі" ужо выконвае функцыю пардку дня для беларуска-эўрапейскіх дачыненьняў. Яго можна разглядаць як шкалу для ацэнкі прагрэсу ў дылёгу з беларускім урадам.

 

Беларуская эканамічная і палітычная мадэль: сучаснасць і перспектывы трансфармацыі

15–16 снежня 2007 г.

Тэзісы

1. Сучасны стан, тэндэнцыі, праблемы і перспектывы далейшага развіцця эканомікі Беларусі. Леанід Злотнікаў, кандыдат эканамічных навук (Беларусь).

2. Супярэчнасці дзяржаўнага будаўніцтва сучаснай Беларусі. Уладзімір Мацкевіч, філосаф, метадолаг (Беларусь).

3. Ці патрэбна Беларусь Еўразвязу? Ігар Лялькоў, старшыня Беларускага Шуманаўскага таварыства (Беларусь).

4. Беларуская эканамічна-палітычная мадэль: асаблівасці структуры і выклікі сучаснасці. Кірыл Коктыш, кандыдат палітычных навук, дацэнт кафедры палітычнай тэорыі МДІМЗ (У) МЗС (Расія).

5. Унутраная палітыка рэжыму Лукашэнкі: асноўныя тэндэнцыі. Андрэй Ляховіч, палітолаг (Беларусь).

6. Што рабіць з беларускай вёскай? Міхаіл Залескі, эканаміст (Беларусь).

7. Праблемы экалогіі і сельскай гаспадаркі Беларусі: шляхі выпраўлення. Уладзімір Качанаў, доктар тэхнічных навук, дырэктар кампаніі “Агралекс”( Польшча).

8. Беларускі выбар: асцярожныя крокі ў бок лібералізацыі эканомікі альбо паўночна-карэйскі варыянт. Алег Муславец, дырэктар Інтэрнэт-рэсурсу “Агенцтва фінансавых навінаў” (Беларусь).

9. Рэакцыя Беларусі на “12 умоваў Еўразвязу”: што ёсць і што магло б быць. Юры Чавусаў, палітолаг, (Беларусь).

10. Вопыт трансфармацыі палітычнай мадэлі Украіны на працягу выбарчых працэсаў 2004-2007 гадоў. Андрэй Кірчыў, аналітык (Украіна).

‹‹ на галоўную | у архіў