Ці патрэбная Беларусь Эўрапейскаму Зьвязу?
Ігар Лялькоў,
Беларускае Шуманаўскае Таварыства
Тэзісы дакладу
Да гэтага часу праблематыка ўзаемадачыненьняў Беларусі й Эўразьвязу ў кантэксьце патэнцыйнай эўраінтэграцыі Беларусі з боку незалежных экспертаў і дэмакратычнай супольнасьці заўсёды разглядалася толькі з аднога боку – “што Эўразьвяз можа даць Беларусі, якія карысьці можа атрымаць Беларусь ад удзелу ў працэсе эўраінтэграцыі і д.п.” Зь іншага боку ў дыскурсе беларускіх уладаў заўсёды моцна акцэнтавалася іншая тэза: “Беларусь без Эўразьвязу пражыве, а вось для ЭЗ нашая краіна мае першаступенную стратэгічную важнасьць, бо менавіта яна ў значнай ступені гарантуе і паліўную бясьпеку Эўропы, і стрымлівае плыні нелегальнай міграцыі ды наркатрафік, дый гандлёвыя стасункі зь Беларусьсю для шматлікіх эўрапейскіх фірмаў маюць немалое значэньне”. Апошнім часам нават некаторыя апалагеты сёньняшняй улады, такія як П. Якубовіч ці С. Гайдукевіч, пачалі казаць пра магчымасьць далучэньня Беларусі да працэсаў інтэграцыі ў Эўропе і пра тое, што ЭЗ ледзьве не вымушанае будзе нам гэтае далучэньне прапанаваць.
На сёньня і сярод беларускіх дэмакратаў, і сярод эўразьвязаўскіх палітыкаў і аналітыкаў пераважае думка, што падобныя заявы – гэта ня больш чым спробы самазаспакаеньня і самаперакананьня рэжыму-ізгоя ў сытуацыі міжнароднай ізаляцыі. Але ці сапраўды “ўрадавы” погляд на месца Беларусі ў Эўропе абсалютна пазбаўлены рацыянальнасьці? Ці нашая дэмакратычная супольнасьць, a priori адкідваючы элементы падобнай аргумэнтацыі, не саслабляе добраахвотна свае пазыцыі ў перамовах з партнэрамі пра эўрапейскую пэрспектыву для будучай дэмакратычнай Беларусі? Ці сапраўды далучэньне нашай краіны да інтэграцыйных працэсаў на кантынэнце можа несьці нейкую карысьць самому Эўрапейскаму Зьвязу? Як мне падаецца, такая пастаноўка праблемы цалкам мае права на існаваньне, і, паспрабаваўшы адказаць на гэтыя пытаньні, мы зможам больш рэалістычна пабачыць і сёньняшнія зьнешнепалітычныя перадумовы для распачацьця рэформаў у Беларусі, і магчыма тыя мэты, дзеля дасягненьня якіх увогуле патрэбнае рэфармаваньне.
Калі ацэньваць стан рэчаў на сёньня, то большасьцю назіральнікаў і дэцыдэнтаў з Захаду Беларусь зараз разглядаецца як транзытная тэрыторыя паміж Эўрапейскім Зьвязам і Расеяй з аўтарытарным палітычным рэжымам і няяснымі палітычнымі пэрспектывамі. Прычым нашае транзітнае значэньне для ЭЗ, і так значна меншае ў параўнаньні, напрыклад, з Украінай, у сьвятле дэкляраванага намеру Расеі дамагацца паставак сваіх энерганосьбітаў у Эўропу без удзелу краінаў-пасярэднікаў*, наўрад ці будзе з часам узрастаць. Зь іншага боку, сёньняшняя Беларусь дастаткова пасьпяхова выконвае ролю аднаго з “фільтраў” на шляху нелегальнай міграцыі ды наркатрафіку з Азіі ў Эўропу, і таму ЭЗ безумоўна зацікаўлены ў бесперабойнай працы гэтага “фільтру” і надалей. Дзеля гэтага, карэнным інтарэсам нашых заходніх суседзяў ёсьць забеспячэньне стабільнай бесканфліктнасьці і прадказальнасьці ўнутранай і зьнешняй палітыкі нашае краіны.
У гэтым кантэксьце і варта разглядаць стаўленьне эўрапейцаў да патэнцыйных зьменаў у Беларусі. З аднаго боку, найлепшай гарантыяй “беспраблемнасьці” Беларусі для ЭЗ сталася б ушчыльненьне сувязяў з нашай краінай у рамках Эўрапейскай палітыкі добрасуседзтва (ЭПД), а ў пэрспектыве – і далучэньне яе да эўраінтэграцыйных працэсаў. Але сёньняшні беларускі рэжым відавочна не гатовы дэманстраваць прыхільнасьць да тых каштоўнасьцяў, падзяленьне якіх ёсьць дэкляраванай перадумовай далучэньня да ЭПД (дэмакратыя і правы чалавека, вяршэнства закону, добрае кіраваньне, прынцыпы рынкавай эканомікі і ўстойлівае развіцьцё). Зь іншага боку, прагматычная ацэнка сытуацыі прымушае Захад вельмі асьцярожна ставіцца да пэрспектываў хуткіх і кардынальных палітычных зьменаў у краіне, бо пад увагу бярэцца і брак відавочных унутраных перадумоваў такіх зьменаў, і боязь страты ўнутранай кіравальнасьці краінай у выніку патэнцыйнага прыходу да ўлады кепска падрыхтаванай і маладасьведчанай новай каманды. У такіх варунках, Эўразьвяз апошнім часам усё больш дэманструе зацікаўленасьць у стымуляцыі паступовай эвалюцыі ў бок дэмакратызацыі цяперашняга рэжыму, пра што можа сьведчыць, напрыклад, нядаўняе інтэрв’ю вярхоўнага прадстаўніка Эўрапейскага Зьвязу па супольнай замежнай палітыцы і бясьпецы Х. Саляны, які даслоўна заявіў наступнае: “Мы рэалісты і, натуральна, не чакаем, што беларускія ўлады выканаюць усе 12 умоваў ЭЗ адразу… Відавочна, што ўсё ня можа зьмяніцца за адну ноч. Аднак нам неабходна убачыць пачатак канкрэтнага і пераканаўчага працэсу дэмакратызацыі, які паступова прывядзе да выкананьня ўсіх 12 пунктаў, згаданых у дакумэнце”** Нагадаю, што названыя 12 прапановаў Эўразьвязу датычацца акурат стварэньня ўмоваў, пры якіх на Беларусь будзе распаўсюджаная ЭПД...
Такім чынам, на сёньня ЭЗ мае патрэбу ў Беларусі як у стабільным і прадказальным суседзе, але “беларускае пытаньне” можна расцэньваць яшчэ і ў якасьці выкліку для супольнай зьнешняй палітыкі ЭЗ, якая ўсё яшчэ знаходзіцца на стадыі фармаваньня. Яго станоўчае вырашэньне магло б стацца першым посьпехам гэтай палітыкі і істотна паўплываць на паляпшэньне зьнешняга іміджу Зьвязу і ўмацаваньне яго пазыцыяў у сьвеце.
* Гл., напрыклад, нядаўнюю заяву міністра замежных справаў Расеі С. Лаўрова: “Мы ня хочам прадаваць газ транзытам праз краіны, якія будуць яго красьці ці проста не плаціць за яго” (цыт. паводле http://news.tut.by/politics/99746.html)
** Цыт. паводле: http://www.lentaby.info/gofiletit.php?url=13626
Беларуская эканамічная і палітычная мадэль: сучаснасць і перспектывы трансфармацыі
15–16 снежня 2007 г.
Тэзісы
1. Сучасны стан, тэндэнцыі, праблемы і перспектывы далейшага развіцця эканомікі Беларусі. Леанід Злотнікаў, кандыдат эканамічных навук (Беларусь).
2. Супярэчнасці дзяржаўнага будаўніцтва сучаснай Беларусі. Уладзімір Мацкевіч, філосаф, метадолаг (Беларусь).
3. Ці патрэбна Беларусь Еўразвязу? Ігар Лялькоў, старшыня Беларускага Шуманаўскага таварыства (Беларусь).
4. Беларуская эканамічна-палітычная мадэль: асаблівасці структуры і выклікі сучаснасці. Кірыл Коктыш, кандыдат палітычных навук, дацэнт кафедры палітычнай тэорыі МДІМЗ (У) МЗС (Расія).
5. Унутраная палітыка рэжыму Лукашэнкі: асноўныя тэндэнцыі. Андрэй Ляховіч, палітолаг (Беларусь).
6. Што рабіць з беларускай вёскай? Міхаіл Залескі, эканаміст (Беларусь).
7. Праблемы экалогіі і сельскай гаспадаркі Беларусі: шляхі выпраўлення. Уладзімір Качанаў, доктар тэхнічных навук, дырэктар кампаніі “Агралекс”( Польшча).
8. Беларускі выбар: асцярожныя крокі ў бок лібералізацыі эканомікі альбо паўночна-карэйскі варыянт. Алег Муславец, дырэктар Інтэрнэт-рэсурсу “Агенцтва фінансавых навінаў” (Беларусь).
9. Рэакцыя Беларусі на “12 умоваў Еўразвязу”: што ёсць і што магло б быць. Юры Чавусаў, палітолаг, (Беларусь).
10. Вопыт трансфармацыі палітычнай мадэлі Украіны на працягу выбарчых працэсаў 2004-2007 гадоў. Андрэй Кірчыў, аналітык (Украіна).
|