Прэзентацыя кнігі Уладзіміра Арлова “Імёны Свабоды”

“Імёны Свабоды” — дванаццатае выданне ў серыі “Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзе”. У кнігу ўвайшоў 261 гістарычны партрэт герояў беларускай свабоды 18–21 стагоддзяў. Ад 1 студзеня 2006 г. да Дня Волі 2007 г. ў ранішнім эфіры “Свабоды” Уладзімір Арлоў расказваў пра беларускіх патрыётаў, змагароў за волю і незалежнасць. Выданне склалі выбраныя эсэ з больш чым трохсот радыёперадачаў.

“Імёны Свабоды” — гістарычныя партрэты паўстанцаў XVIII ст. і палітзняволеных ХХІ, знакамітых на ўвесь свет асобаў і людзей, якіх ведалі толькі іх сябры, якіх аб’ядновала любоў да волі і да радзімы, і якіх аўтар, У. Арлоў, уключыў у пантэон беларускай свабоды і незалежнасці. Кніга можа служыць дапаможнікам для напісання раманаў, здымання фільмаў, абароны дысертацыяў, змены назваў плошчаў ды іншага”,– гаворыцца ў анатацыі да “Імёнаў Свабоды”.

Дырэктар беларускай службы Радыё Свабода Аляксандр Лукашук скончыў сваю прадмову да “Імёнаў Свабоды” сказам “Працяг будзе”. Якім будзе працяг праекту “Імёны Свабоды”? А. Лукашук адзначае, што гэтая кніга ўнікальная тым, што яна мае пачатак, але ня мае канца: “Па сваёй ідэі, па сваёй формуле гэтая задача ніколі не скончыцца, пакуль будзе жыць Беларусь. А ў практычным плане гэта азначае наступнае. Па-першае, у кнігу ўвайшлі не ўсе перадачы, якія выйшлі ў эфір і гучалі на хвалях Радыё “Свабода”. Гэта тлумачыцца проста абмежаваным аб’ёмам кнігі.

Па-другое, ужо пасля таго, як перадача скончылася, спіс магчымых герояў кнігі папоўніўся. І дзеля гэтага ў нас была створаная новая праграма “Вянок памяці”. У гэтай перадачы мы просім расказаць пра тых людзей, якія пайшлі ўжо з гэтага жыцця, але якія былі важныя для вас і для Беларусі”.

За апошні год, адзначае А. Лукашук, ў перадачы “Вянок памяці” прагучала шмат імёнаў, якія таксама вартыя быць уключанымі ў гэтую кнігу.

“Такім чынам, сама гэта ідэя, гэта перадача не мае канца, і мы спадзяемся, што, калі сёння гэта кніга з’явіцца ў інтэрнэце, яна значна пашырыць сваю прысутнасць у інфармацыйнай прасторы і такім чынам яшчэ прыцягне новыя ідэі, новыя імёны, новыя постаці”,– лічыць дырэктар беларускай службы Радыё “Свабода” А. Лукашук.

Прэзентацыя кнігі “Імёны Свабоды” ў Мінску і інтэрнэце — 21 верасня. Адрас у Мінску — “Варвашэні”, 8, пачатак у 18:00. Адрас у інтэрнэце — svaboda.org.

У серыі “Бібліятэка Свабоды. XXI стагоддзе” ўжо выйшлі кнігі “Верш на Свабоду”, “Дарога праз Курапаты”, “Быкаў на Свабодзе”, “Дуліна ад Барадуліна”, “Прыгоды Ара ў Беларусі”, “Вострая брама”, “Беларуская Атлянтыда”, “Плошча” і “Альбом сямейны”.

Паводле Радыё “Свабода” (www.svaboda.org)

‹‹ на галоўную | у архіў