Мытня дала “дабро” беларускай мове
Сёння старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Аляксандр Шпілеўскі паведаміў, што бліжэйшым часам на мытнях з’явяцца бланкі дэкларацыяў на беларускай мове.
Гэтак ДМК адрэагаваў на пазіцыю Канстытуцыйнага суда наконт дыскрымінацыі ў краіне беларускай мовы.
“Адказнасць за непавагу да дзяржаўнай мовы ніхто не адмяняў”, – заявіў учора старшыня КС Рыгор Васілевіч падчас семінара “Садзейнічанне больш шырокаму прымяненню міжнародных стандартаў у галіне правоў чалавека ў працэсе выканання правасуддзя ў Рэспубліцы Беларусь”.
Як прыклад непаважлівага стаўлення ён прывёў сітуацыю з жыхаром Гомеля Сяргеем Сямёнавым. У жніўні малады чалавек перасякаў беларуска-ўкраінскую мяжу на цягніку. У пункце пропуску “Новая Гута” мытнікі запатрабавалі ад яго запоўніць дэкларацыю. С. Сямёнаў запатрабаваў дэкларацыю на беларускай мове, патлумачыўшы, што ён дрэнна валодае рускай і баіцца, што пры запаўненні мытнага дакумента можа дапусціць памылкі. У адказ на гэта супрацоўнікі мытні склалі ў дачыненні да яго пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні – аб непадпарадкаванні патрабаванням службовай асобы.
Паводле Радыё “Рацыя” (www.racyja.com)
|