У Мінску прайшла вечарына памяці Максіма Танка
Яна была прымеркавана да 95-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі.
Вядомы беларускі літаратуразнаўца, доктар філалагічных навук Міхась Тычына распавёў, што на службу ў арміі, “каб не забыць беларускае слова”, ён узяў дзве кнігі М.Танка – “Мой хлеб надзённы” і “Глыток вады”. “І яго паэзія мяне ратавала ад многіх рэчаў, дастаткова небяспечных у армейскай службе. Я думаю, што яго слова ратуе мяне і сёння”, – сказаў навуковец.
Паводле яго слоў, творчасць Максіма Танка ўражвае разнастайнасцю таленту і душэўнай маладосцю. “Гэта звязана з тым невычэрпным захапленнем жыццём і глыбокай пашанай перад яго разнастайнасцю, якое зведваў паэт”, – зазначыў М.Тычына.
Паводле слоў кандыдата філалагічных навук Уладзіміра Мархеля, пабачылі свет 4 тамы з 13-томнага акадэмічнага збору твораў Максіма Танка, які выдаецца Інстытутам літаратуры імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і выдавецтвам “Беларуская навука”. У першыя шэсць тамоў збору ўвойдуць вершы М.Танка, у сёмы – яго паэмы, а ў астатнія шэсць тамоў – апавяданні, крытычныя артыкулы, дзённікі і 470 лістоў народнага паэта.
Як лічыць кандыдат філалагічных навук Анатоль Варабей, у 1930-я гады Максім Танк быў не толькі самай яркай фігурай заходнебеларускай літаратуры ў Вільні, але і самым вядомым пісьменнікам сярод польскіх і літоўскіх літаратараў. Паводле слоў вучонага, у паэзіі Максіма Танка арганічна злучыліся ідэі сацыяльнага і нацыянальнага вызвалення. “Для мяне асабліва каштоўным з’яўляецца лірычны пачатак і жыццесцвярджальная грамадзянскасць у творчасці паэта, які развіваў традыцыі айчыннай і сусветнай класічнай літаратуры, шырока выкарыстоўваючы традыцыі беларускага фальклору”, – зазначыў вучоны.
Паводле Радыё “Рацыя” (www.racyja.com)
|