У Мінску адкрылася мастацкая выстава “Вайсковая слава Беларусі”
У Мінску ў фальварку “Добрыя думкі” адкрылася мастацкая выстава “Вайсковая слава Беларусі”.
Яна прысвечана 645-м угодкам славутай перамогі войска Вялікага княства Літоўскага ў бітве супраць татараў на Сініх Водах. Тады значная частка цяперашняй Украіны была вызвалена беларускімі ваярамі.
Выстава складаецца з дваццаці твораў, выкананых у розных мастацкіх стылях, дзесяццю мастакамі. Сярод іх ёсць і партрэт вялікага князя Альгерда, выкананы сябрам Вялікай Рады “Бацькаўшчыны”, мастаком Міколам Купавам адмыслова да юбілею бітвы.
“Гэта выстава невялікая, але вельмі дынамічная, – кажа М. Купава. – Выстава мусіць загартоўваць беларускі дух, уздзейнічаць на гістарычную свядомасць народа”.
Адзначым, што святкаванне юбілею бітвы праводзіцца грамадскім аргкамітэтам, улады аднесліся да яго абыякава.
Паводле БелаПАН
|