Выйшаў кампакт-дыск “Беларускі софт”
Новы кампакт-дыск “Беларускі софт” змяшчае больш за 200 беларусізаваных праграмаў: аперацыйныя сістэмы, тэкставыя і графічныя рэдактары, праграмы для працы з мультымедыямі, гульні і забаўкі, пераклады, кніжкі і іншае. Аўтар ідэі і кіраўнік праекту Алесь Мазанік.
Першыя асобнікі накладу дыску з’явіліся на кніжным кірмашы выставачнага комплексу “Белэкспа” “Беларускага софту”. На дыску “Windows XP” i “Linux”, “Counter Strike”, субцітры да шэрагу мастацкіх і анімацыйных фільмаў ды сотні іншых кампутарных праграмаў на беларускай мове. За прылаўкам гандляр кніжкамі і дыскамі, аўтар ідэі і менеджэр выдання дыска Алесь Мазанік.
А. Мазанік распавёў: “Асноўнае ў гэтым дыску тое, што ўсе гэтыя пераклады ёсць у інтэрнэце. Але ніхто іх ніколі не збіраў на адзін дыск. Такім чынам, мне падаецца, што гэты дыск мае стаць папулярным сярод беларускамоўнай моладзі. Ужо сёння, толькі атрымаўшы яго з друку, я адразу яго прадаў. Таму што людзі паглядзелі і ўжо атрымліваюць задавальненне: кажуць, што дыск не сорамна і падарыць камусьці. Я вельмі ўдзячны людзям, якія мне дапамагалі. Гэта ў першую чаргу Уладзіслаў “Дракула” і дызайнер sonCa.
Момант аўтарскіх правоў я разглядаў. Дасылаў стваральнікам праграмаў праз е-мэйл паведамленні. Тыя людзі, з якімі я меў стасункі праз інтэрнэт, адказалі, што будуць не супраць, каб я выкарыстоўваў праграмы ў сваіх мэтах. Да таго ж любы з гэтых перакладаў можна знайсці ў сеціве і без мяне. Я не збіраюся займацца пірацтвам, бо гэта вельмі непрыемная справа”.
Наступны выпуск зборніка “Беларускі софт” мае выйсці не пазней як праз паўгады.
Паводле Радыё “Свабода” (www.svaboda.org)
|