У Мінску адкрылася выстава да ўгодкаў перамогі на Сініх Водах

У Таварыстве беларускай мовы адкрылася выстава дзіцячых твораў, прысвечаная 645-м угодкам перамогі войскаў Вялікага княства Літоўскага пад камандаваннем князя Альгерда на Сініх Водах і вызвалення Украіны ад татарскага панавання.

У Таварыстве беларускай мовы адбылося ўрачыстае паседжанне, прысвечанае бітве на Сініх Водах. Вольга Іпатава прэзентавала сваю новую кнігу, гістарычны раман, прысвечаны тым падзеям. Паэты чыталі вершы – свае і школьнікаў, якія даслалі іх у ТБМ з рэгіёнаў краіны. На сценах – малюнкі дзяцей і студэнтаў. Шэсць з гэтых работ – пераможцы дзіцячых конкурсаў МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”.

Разгром аб’яднаных татарскіх сілаў каля Сініх Водаў стаў першай буйной перамогай над ардынцамі ва Усходняй Еўропе. Яна была натхняльным прыкладам для ўсходніх славянаў, што цярпелі пад ярмом Залатой Арды. Поспех князя Альгерда каля Сініх Водаў падрыхтаваў другую вялікую перамогу над татарамі – разгром хана Мамая на Куліковым полі ў 1380 годзе.

Дагэтуль гісторыкі дакладна не вызначылі месца, дзе адбылася бітва. Раскопкі на рэчцы Сінюсе не далі плёну. Паводле адной з версіяў, бітва паміж беларускім войскам і татарскім адбылася на тэрыторыі сучаснай Хмяльніцкай вобласці.

Амбасадар Украіны Ігар Ліхавы выказаў упэўненасць, што з цягам часу ва Украіне будзе стаяць помнік князю Альгерду. І. Ліхавы сказаў пра тое, што толькі цяпер навукоўцы пачынаюць шукаць сапраўдную гісторыю краіны: “Я думаю, што ва Украіне таксама праходзяць такія мерапрыемствы, магчыма, не столькі дзён і не ў такім фармаце. Але даты трэба ведаць. Я цяпер жыву больш беларуска-ўкраінскімі адносінамі, чым тым, як жыве Украіна”.

Сябра Вялікай Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, мастак Мікола Купава, намеснік старшыні аргкамітэту святкавання юбілею, паведаміў, што ў Мінгарвыканкаме ўжо знаходзяцца заяўкі пра наданне вуліцам славутых гістарычных імёнаў: “Мы не праводзім нашы мерапрыемствы ў Палацы Рэспублікі, напрыклад. Але мы мяркуем, што вельмі важна тое, што мы адзначылі гэтую дату, і ў нас запланаваны яшчэ шэраг мерапрыемстваў. Прыйдзе той час, калі мы гэта будзем адзначаць на дзяржаўным узроўні. Карыстаючыся гэтай датай, мы даслалі і ў Савет міністраў, і ў Мінгарвыканкам просьбу надаць імя аднаму з праспектаў ці плошчы імя Альгерда”.

12 верасня адбылася навуковая канферэнцыя “Перамога на Сініх Водах і яе значэнне для незалежнасці Беларусі і Ўкраіны”. 15 верасня – выстава Беларускага саюзу мастакоў “Вайсковая слава Беларусі” ў кавярні “Добрыя мыслі”, а 20 верасня святкаванне завершыцца канцэртам, які адбудзецца на Управе партыі БНФ.

Паводле Радыё “Свабода” (www.svaboda.org)

‹‹ на галоўную | у архіў