Аляксандр Фядута: Канаплёў сышоў, наступны Шэйман
11 верасня стала вядома, што старшыня Палаты прадстаўнікоў Беларусі Уладзімір Канаплёў падаў заяву аб адстаўцы. Сваё рашэнне ён матываваў станам здароўя.
З 1994 па 1996 г. ён быў галоўным памочнікам прэзідэнта. Абіраўся членам прэзідыума Вярхоўнага Савета. З 1996 г. Ул. Канаплёў быў намеснікам старшыні Палаты прадстаўнікоў першага і другога склікання.
16 лістапада 2004 г. ён узначаліў ніжнюю палату беларускага парламента. З ім разам працаваў і былы прэс-сакратар Аляксандра Лукашэнкі Аляксандр Фядута, які прымаў актыўны ўдзел у прэзідэнцкай кампаніі 1994 года разам з Канаплёвым.
Аляксандр Фядута: “На маю думку, у хуткім часе будзе яшчэ адна буйная і гучная адстаўка – Віктара Шэймана, які хутчэй за ўсё паедзе куды-небудзь амбасадарам. Сыходзяць тыя, каму А/ Лукашэнка некалі быў абавязаны сваёй прэзідэнцкай пасадай. Сёння яны ўжо абавязаныя яму больш, чым ён ім.
І сёння ён, на мой погляд, робіць пляцоўку для старту свайму пераемніку, для якога старыя паплечнікі бацькі будуць больш перашкодай, чым вернымі памочнікамі. Таму, на мой погляд, і Ул. Канаплёў, і В. Шэйман – гэта такія людзі, якія павінны сысці. Як? Куды? Гэта пытанне.
Акрамя таго, зразумела, што напярэдадні будучых парламенцкіх выбараў Ул. Канаплёў на чале парламента – гэта чалавек, які будзе фармаваць негалосны, але ўсё ж такі рэальны дэпутацкі спіс. Менавіта таму яго прыбралі цяпер, каб паспець раскруціць новага спікера парламента, які пасля выбараў ужо будзе працаваць на будучага пераемніка Лукашэнкі”.
Заява Уладзіміра Канаплёва будзе ўключана ў парадак дня сесіі Палаты прадстаўнікоў, якая адкрыецца 2 кастрычніка.
Дэпутаты таксама разгледзяць пытанне пра абранне новага старшыні. А. Лукашэнка праінфармаваны пра кадравыя змены ў кіраўніцтве вышэйшага органа заканадаўчай улады краіны.
Паводле “Еўрапейскага радыё для Беларусі” (www.belradio.fm)
|