Адбылося ўручэнне прэміі імя Змітра Завадскага
10 верасня ўвечары адбылося ўрачыстае ўручэнне прэміі імя З. Завадскага лаўрэатам 2007 года. Першы канал расійскага тэлебачання шосты раз уручае прэмію за прафесіяналізм і мужнасць. Лаўрэатамі 2007 г. сталі Анатоль Гатоўчыц, Наталля Макушына і Генадзь Барбарыч. Прэміяй імя Ігара Гермянчука Беларуская асацыяцыя журналістаў узнагародзіла галоўнага рэдактара “Народнай Волі” Іосіфа Сярэдзіча.
На ўрачыстай цырымоніі ўручэння прэміі прысутнічалі аглядальнік ОРТ Павал Шарамет, маці З. Завадскага Вольга Рыгораўна, Святлана Завадская, Юры Завадскі, журналісты і амбасадары краінаў Еўразвязу.
Гарадзенская журналістка Наталля Макушына пасля ўручэння прэміі сказала некалькі словаў: “Вельмі ўдзячная маім калегам, якія вылучылі мяне на гэты дыплом, які яшчэ раз нагадвае нам імя гэтага сапраўды мужнага чалавека і прафесіянала З. Завадскага. Хвалююся, бо вельмі цяжка стаяць перад гэтымі камерамі. Але вельмі прыемнае хваляванне”.
Анатоль Гатоўчыц распавёў: “Стаць лаўрэатам вельмі прэстыжнай прэміі за мужнасць і прафесіяналізм вельмі прыемна. Наш абавязак – даведацца, які лёс З. Завадзкага. Займацца журналістыкай і не быць мужным – у нашых умовах папросту немагчыма”.
Яшчэ адзін лаўрэат, супрацоўнік тыднёвіка “Беларусы і рынак” Генадзь Барбарыч дадаў: “З Завадскім я пазнаёміўся ў верасні 1997 г., калі пачалася справа за пераход беларуска-літоўскай мяжы. Тады мне падавалася, што, калі мы адаб’ем наступ дзяржавы на журналістаў ОРТ, то ў Беларусі ўсё зменіцца. Але я памыліўся. Абсурд толькі пачынаўся. Я даведаўся шмат страшных фактаў”.
П. Шарамет са шкадаваннем канстатаваў, што ў Беларусі катастрафічнымі тэмпамі памяншаецца колькасць недзяржаўных выданняў.
Беларуская асацыяцыя журналістаў узнагародзіла рэдактара “Народнай Волі” Іосіфа Сярэдзіча прэміяй імя Ігара Гермянчука. Падчас уручэння прэміі Іосіф Сярэдзіч сказаў: “Я добра ведаў гэтага чалавека. І не толькі як журналіста, як рэдактара, але як грамадскага дзеяча вялікага маштабу. Дзякуючы Ігару Гермянчуку, Зянону Пазьняку і ўсім тым дэпутатам, якія ім дапамагалі, мы змаглі адстаяць і суверэнітэт, і вырашыць шмат іншых на той час актуальных праблем”.
Журналісты віншавалі сваіх калег-лаўрэатаў. Наступная цырымонія мусіць адбыцца ў верасні 2008 года.
Паводле Радыё “Свабода” (www.svaboda.org)
|