Школьнікаў, якія наведвалі “Свабодны тэатр”, выклікаюць у КДБ
Ужо трох наведвальнікаў спектаклю 22 жніўня, затрыманых міліцыяй, выклікалі ва Упраўленне ўнутраных спраў і КДБ, паведаміла дырэктарка “Свабоднага тэатру” Наталля Каляда. Усе выкліканыя – непаўналетнія навучэнцы мінскіх школаў. Падчас “размоў” іх упэўнілі, што яны не змогуць паступіць у ВНУ Беларусі, а пры паўторным наведванні “Свабоднага тэатру” будуць “адлічаныя са школ”.
Паводле словаў Н. Каляды, і некалькі рэктараў ВНУ на сходах паведамілі студэнтам і выкладчыкам, што ў выпадку наведвання “Свабоднага тэатру” яны будуць адлічаныя або звольненыя адпаведна.
Тэатральны сезон пачаўся падобным чынам. Як паведаміў акцёр “Свабоднага тэатру” Алег Сідорчык, кіраўніцтва дзяржаўных тэатраў на традыцыйных восеньскіх сходах папярэдзіла акцёраў, што за супрацоўніцтва з “Свабодным тэатрам” яны будуць звольненыя. Такія сходы былі ў Маладзёжным тэатры, Студэнцкім тэатры Акадэміі Мастацтваў, Купалаўскім тэатры і Тэатры юнага гледача. Паводле словаў А. Сідорчыка, дырэктар ТЮГу сказаў акцёрам, што “ёсць адзін усенародна абраны, таму нельга нідзе ўдзельнічаць, асабліва ў “Свабодным тэатры”, каб не супярэчыць ягонай палітыцы”.
Паводле “Нашай Нівы” (www.nn.by)
|