Адменены інстытут прапіскі
Прэзідэнт Беларусі А. Лукашэнка 7 верасня падпісаў указ № 413 “Аб удасканаленні сістэмы ўліку грамадзянаў па месцы жыхарства і месцы знаходжання”.
Згодна з указам “у мэтах забеспячэння неабходных умоваў для рэалізацыі грамадзянамі сваіх правоў на свабоду перамяшчэння і выбар месца жыхарства, прадугледжаных арт. 30 Канстытуцыі, з 1 студзеня 2008 г. скасоўваецца інстытут прапіскі”.
Уводзіцца адзіны на ўсёй тэрыторыі нашай краіны парадак рэгістрацыі грамадзян Рэспублікі Беларусь, а таксама замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства, якія ўвесь час пражываюць у Рэспубліцы Беларусь.
Правы і абавязкі, якія ўзнікаюць у грамадзяніна ў сувязі з сталай ці часовай прапіскай, захоўваюцца, перарэгістрацыя па месцы жыхарства ці месцы знаходжання не прадугледжваецца. Рэгістрацыя па месцы жыхарства (пастаяннага) з’яўляецца абавязкам грамадзянаў, а рэгістрацыя па месцы знаходжання (часовага) – правам (за выключэннем, у прыватнасці, грамадзянаў, што прыбылі з іншага населенага пункту для навучання ва ўстановах адукацыі, навуковых арганізацыях, якія абавязаныя зарэгістравацца на час навучання);
Ва Ўказе вызначаны наступны парадак рэгістрацыі грамадзянаў:
* грамадзянін для рэгістрацыі па месцы жыхарства ці месцы знаходжання павінен звярнуцца да асобы, адказнай за рэгістрацыю (напрыклад, кіраўніку ЖЭСу ці упаўнаважанай ім асобы), два разы: каб падаць дакументы, неабходныя для рэгістрацыі, і каб атрымаць пашпарт з штампам аб рэгістрацыі па месцы жыхарства ці пасведчанне аб рэгістрацыі па месцы знаходжання;
* органам рэгістрацыі з’яўляецца орган унутраных справаў, куды асоба, адказная за рэгістрацыю накіроўвае дакументы , неабходныя для рэгістрацыі грамадзянаў па месцы жыхарства ці месцы знаходжання.
Скасоўваецца абавязак грамадзяніна здымацца з рэгістрацыйнага ўліку перад выбыццём на другое месца жыхарства (як гэта мае месца пры сістэме прапіскі-выпіскі). Згодна з Указам, орган рэгістрацыі (орган унутраных спраў) па новым месцы жыхарства грамадзяніна абавязаны паведаміць пра яго рэгістрацыю органу рэгістрацыі па ранейшым месцы жыхарства, які паводле гэтага паведамлення самастойна здымае грамадзяніна з рэгістрацыйнага ўліку.
Зняцце вайсковаабавязаных (прызыўнікоў) з ваеннага ўліку ажыццяўляецца без звароту такіх грамадзян у вайсковыя камісарыяты.
У рэгістрацыі будзе адмаўляцца, калі ў жылым памяшканні пасля рэгістрацыі грамадзяніна забяспечанасць агульнай плошчай такога жылога памяшкання стане меней 15 м2 на аднаго чалавека (у Мінску – менш за 20 м2), а забяспечанасць жылплошчай у інтэрнаце – менш за 6 м2 на чалавека). Гэтыя абмежаванні не распаўсюджваюцца на рэгістрацыю грамадзянаў па месцы жыхарства ці знаходжання іх блізкіх сваякоў.
Паводле БЕЛТА і “Нашай Нівы” (www.nn.by)
|