Унутрыпалітычныя наступствы нафтагазавага крызісу

Віктар Чарноў,
палітолаг, выканаўчы дырэктар ГА “Адкрытае грамадства”
Сяргей Нікалюк,
палітычны аглядальнік (Беларусь)

З прыходам да ўлады У.Пуціна і асабліва пасля рэферэндуму 2004 г. беларуска-расійскія адносіны сталі даволі стрыманымі. У лідэраў Беларусі і Расіі выявіліся занадта розныя эканамічныя інтарэсы і палітычныя курсы, каб можна было і далей ісці на цеснае збліжэнне ў рамках заяўленай канцэпцыі Саюзнай дзяржавы. У адносінах паміж дзвюма дзяржавамі пазначылася тэндэнцыя да кансервацыі дасягнутага стану з магчымасцю сур’ёзнага зрыву ў любы момант. Такі зрыў адбыўся ў канцы 2006 г. у сувязі з нафтагазавым канфліктам, што завяршыўся вельмі цяжкім для беларускай эканомікі рашэннем аб паэтапным пераходзе да сусветных коштаў на расійскія энерганосьбіты.

На сённяшні дзень прамыя страты Беларусі аказаліся не такія вялікія, як гэта прагназавалася ў канцы снежня мінулага года. Аднак перспектыва сталага падаражання нафты і газу не магла не ўсхваляць беларускія палітычныя колы. Яна прывяла да пэўных змен і ў знешняй, і асабліва ва ўнутранай палітыцы кіруючага класу, выявіла новыя лініі канфліктнага напружання ў апазіцыі і ўзмацніла раскол у грамадстве.

Калі браць пад увагу знешнепалітычны аспект, беларуска-расійскі канфлікт прымусіў многіх аналітыкаў гаварыць пра магчымасць пацяплення ў адносінах Беларусі з Захадам. Падставай для такіх высноў, акрамя агульнай логікі канфлікту, служаць і шматлікія выказванні самога Лукашэнкі. Але наколькі рэальная такая знешнепалітычная пераарыентацыя? З нашага пункта гледжання, яна блізкая да нуля. Назіраюцца толькі спробы эканамічнага і палітычнага збліжэння з ідэалагічна роднаснымі рэжымамі ў Венесуэле, Іране і Судане. Знешняя палітыка з’яўляецца працягам унутранай палітыкі, а на ўнутраным “фронце” змен у бок эканамічных рэформ і дэмакратычных пераўтварэнняў не плануецца. Беларуская эканамічная мадэль функцыянуе, найперш, за кошт рэнты, крыніцай якой ёсць чужыя прыродныя рэсурсы. За гады рэнтаарыентаванай палітыкі ў Беларусі сфармаваліся тыповыя для падобных эканомік палітычныя інстытуты. Змяніць іх ні Лукашэнка, ні яго каманда не ў сілах.

Як гэта ні дзіўна, не здольныя змяніцца і асобныя прадстаўнікі беларускай апазіцыі. З іх боку часта гучаць абвінавачанні ў адрас Расіі ў сувязі з вуглевадародным канфліктам. За падвышэннем коштаў шэраг апазіцыйных палітыкаў бачаць пачатак імперскай экспансіі. Нам падаецца, што калі Расія і заслугоўвае абвінавачанняў у свой адрас, то не за падвышэнне коштаў, а якраз за падтрымку іх на нізкім узроўні на працягу многіх гадоў. Расія аплачвала не толькі эканамічную стабільнасць Беларусі, але і поўную адсутнасць эканамічных рэформ, эканамічнай ініцыятывы, палітычнага жыцці і шмат у чым – адсутнасць перспектывы.

З іншага ж боку, у самой апазіцыі пад уплывам нафтагазавага канфлікту нарэшце з’явілася група прарасійскі настроеных палітыкаў, якія нядаўна выступілі з вельмі эмацыйным, але цалкам непераканаўчым “Мінскім маніфестам беларуска-расійскага яднання”. Па іх меркаванні, у Беларусі няма іншай перспектывы, акрамя як увайсці ў склад Расіі на правах асацыяванага суб’екта, аддаць у расійскую ўласнасць свае газа- і нафтаправоды і ўвесці расійскі рубель.

Насамрэч, Беларусь цалкам самадастатковая дзяржава, здольная самастойна вырашыць свае праблемы, не адмаўляючыся ад свайго палітычнага суверэнітэту або нацыянальнай валюты. Гэты пункт гледжання сёння падзяляюць і аб’яднаная дэмакратычная апазіцыя, і ўлада, і пераважная частка беларускага грамадства.

Некаторыя аналітыкі пасля нафтагазавага канфлікту нават паставілі Лукашэнку ў адзін шэраг з такім барацьбітом за беларускую незалежнасць, як Зянон Пазьняк. Такое параўнанне цалкам некарэктнае. Мы можам толькі канстатаваць, што на дадзеным этапе назіраецца некаторае супадзенне інтарэсаў нацыянальнай супольнасці і дзеючага палітычнага рэжыму.

Але Беларусь – не Паўночная Карэя, пры ўсёй важнасці сілавых структур для ўтрымання ўлады, кіраўнік дзяржавы пастаянна памятае пра тое, што ён “усенародна абраны”. Таму невыпадкова выдаткі на сацыяльныя праграмы складаюць у Беларусі больш за палову кансалідаванага бюджэту. Такая “шчодрасць” немагчымая без эфектыўнай эканомікі, якая ў сваю чаргу патрабуе эфектыўнай бюракратыі. Для Беларусі апошняе асабліва актуальнае: у адрозненне ад сваіх заходніх калегаў, беларускі дзяржаўны службовец з’яўляецца ключавой постаццю ў працэсе вытворчасці матэрыяльных выгод і галоўным (калі не адзіным) кантралёрам над гэтым працэсам.

У дэмакратычных краінах асноўным кантралёрам з’яўляюцца незалежныя ад дзяржавы СМІ. У аўтакратычных – спецыялізаваныя дзяржаўныя структуры. Як правіла, іх шмат, што не здзіўляе: кантралёры – гэта тыя ж бюракраты. Яны самі маюць патрэбу ў кантралёрах. Далёка не відавочна, што здабытая імі інфармацыя будзе перададзеная непасрэднаму заказчыку. Заўсёды існуе спакуса “ўручыць” яе аб’екту назірання. Зразумела, не задарма.

Этап “энергетычныя рэсурсы ў абмен на братэрскія пацалункі” ў беларуска-расійскіх адносінах, мяркуючы па ўсім, завяршыўся. Беларусь на парозе крызісу, а крызіс – гэта стадыя ў развіцці сістэмы, калі сістэма аказваецца неадэкватнай зменлівым знешнім выклікам. Сёння Беларусі востра неабходныя інавацыйныя палітычныя рашэнні, але іх проста няма каму выпрацоўваць. У краіне адсутнічае публічная палітыка ў сэнсе politics, г.зн. сфера самастойных дзеянняў разнастайных палітычных актораў па выбары мэтаў грамадскага развіцця, канкурэнцыя альтэрнатыўных палітычных курсаў і лідэраў пад кантролем выбаршчыкаў і незалежных СМІ. Таму ўзмацненне палітычнага кантролю зверху – гэта адзінае, што ёсць у арсенале кіраўніка беларускай дзяржавы. Гэта яго галоўны адказ на выклікі постіндустрыяльнага грамадства. Яшчэ адзін адказ – узмацненне цэнтралізацыі ў эканоміцы.

Чаго варта чакаць у сярэднетэрміновай перспектыве? Наш прагноз наступны: па меры скарачэння датацый з боку Расіі ўнутры прэзідэнцкай “вертыкалі” будзе нарастаць напружанне. Масавая прафнепрыдатнасць прадстаўнікоў беларускай кіруючай эліты (няздольнасць быць адэкватнымі нават у адносна складанай сітуацыі) стане дадатковым фактарам паглыблення крызісу. Рэакцыю ж Лукашэнкі прадказаць нескладана: ён працягне закручваць гайкі. Галоўны крок у гэтым кірунку ўжо зроблены: Віктар Лукашэнка ўведзены ў склад Рады бяспекі, у выніку чаго яго статус памочніка прэзідэнта фактычна прыроўнены да статусу старшыні КДБ альбо кіраўніка МУС.

Але акрамя ўлады і апазіцыі ў Беларусі ёсць і грамадства. Адсутнасць публічнай дыскусіі ў манапалізаваных дзяржавай электронных СМІ прывяла да таго, што беларускае грамадства было недасведчанае ў наспелых эканамічных праблемах. Таму нядзіўна, што большасць грамадзян працягвала спаць спакойна. Больш таго, упэўненасць у заўтрашнім дні (галоўная якасць савецкага чалавека) з ростам напружанасці ў беларуска-расійскіх адносінах з кожным месяцам толькі павялічвалася. Як паказваюць апытанні НІСЭПД, у 2004–2006 гг. грамадскі аптымізм зрабіў гіганцкі крок наперад (гл. табл. 1). Менавіта на хвалі гэтага аптымізму і прайшлі ў Беларусі чарговыя прэзідэнцкія выбары.

Табліца 1. Размеркаванне адказаў на пытанне: “Як, на Ваш погляд, зменіцца сацыяльна-эканамічная сітуацыя ў Беларусі ў бліжэйшы год?”, %

Варыянт адказу

06’04

03’05

11’06

01’07

05’07

Палепшыцца

21,8

29,7

42,5

30,6

26,7

Не зменіцца

46,2

40,8

37,7

35,0

42,2

Пагоршыцца

21,5

16,8

10,7

25,6

22,8

Нафтагазавы канфлікт выклікаў у беларускім грамадстве сапраўдны шок. У выніку ў 2007 г. колькасць аптымістаў скарацілася амаль у 2 разы, у той час як колькасць песімістаў, наадварот, вырасла больш чым у 2 разы.

Аптымізм беларусаў знаходзіцца ў поўнай адпаведнасці з верай у правільнасць абранага краінай курсу, які яны звязваюць з А. Лукашэнкам (табл. 2). Але тут варта зрабіць агаворку. За ўсё яшчэ высокай лічбай агульнай ухвалы (61,6% на канец мінулага года) хаваецца карціна глыбокага расколу ў беларускім грамадстве. А калі вылучыць групы прыхільнікаў і праціўнікаў улады, то раскол становіцца яшчэ больш відавочны.

Іншая справа, што колькасць прыхільнікаў прэзідэнта па-ранейшаму з’яўляецца даволі значнай. Тры гады росту прыбыткаў не маглі прайсці дарма. Сёння колькасць прыхільнікаў складае па розных дадзеных 46-48%, што прыкладна ў 2 разы перавышае колькасць праціўнікаў (20-25%). Але яшчэ ў кастрычніку 2006 г. больш чвэрці грамадзян Беларусі не задумваліся аб сваім стаўленні да ўлады (26,2% па дадзеных НІСЭПД). Ім яна была абыякавая.

Табліца 2. Размеркаванне адказаў на пытанне: “На Ваш погляд, у цэлым стан рэчаў у нашай краіне развіваецца ў правільным кірунку або ў няправільным?”, %

Варыянт адказу

10’06

Усё насельніцтва

Прыхільнікі ўлады

Праціўнікі ўлады

У правільным

61,6

90,5

19,5

У няправільным

24,0

4,0

72,4

Такі высокі адсотак абыякавых тыповы для паслявыбарчага перыяду. У цяперашняй беларускай улады, у адрозненне ад яе папярэдніцы – улады савецкай, ужо няма ўнутраных рэсурсаў для падтрымання высокага ўзроўню мабілізацыі грамадства цягам значнага прамежку часу. Тым не менш, А. Лукашэнка рашыўся пачаць у студзені 2007 г. чарговую мабілізацыйную кампанію, якая, як паказваюць вынікі апошніх апытанняў, скончылася для яго “нічыёй”. Сродкі масавай інфармацыі не здолелі выканаць сваю традыцыйную ролю, страх перад блізкай пагрозай матэрыяльных стратаў пакуль не прымусіў частку палітычна інертных грамадзян “прачнуцца” і згуртавацца вакол “бацькі”. Таму ўзровень электаральнай падтрымкі застаўся ранейшым.

Разам з тым усё заўважней пачынаюць дзейнічаць фактары пагаршэння матэрыяльнага становішча або запаволення ўжо звыклых тэмпаў росту даходаў. Калі, па дадзеных НІСЭПД, у лістападзе 2006 г. 12,8% рэспандэнтаў адзначылі пагаршэнне свайго матэрыяльнага становішча за апошнія тры месяцы, дык у траўні 2007 г. іх колькасць дасягнула 17,7%. Прыкладна такая ж дынаміка адзначана і ў апытаннях лабараторыі “НОВАК”. У снежні 2006 г. пагаршэнне матэрыяльнага становішча сваёй сям’і за апошні месяц адзначылі 15,9% апытаных, а ў сакавіку 2007 г. – 18,8%. Замарожванне росту пенсій, якія не павышаліся з кастрычніка мінулага года, сталы рост тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі, чаканая адмена сацыяльных ільготаў, узмацненне фіскальнага характару экстрактыўнай палітыкі – гэта не толькі прамыя сацыяльныя наступствы руху Беларусі да сусветных коштаў на энерганосьбіты, але і фактары магчымых палітычных змен.

Улада ў сучаснай Беларусі ў значнай ступені абапіраецца не на харызму прэзідэнта, не на папулярную ідэалогію і нават не на сілу, а на інструментальную падтрымку абывацеляў, што думаюць і дзейнічаюць рацыянальна. У гады выбарчых кампаній яна проста купляе сваю падтрымку. З 2004 г. электаральны рэйтынг кіраўніка дзяржавы пачаў імкліва расці, але дзякуючы не харызме або ідэалогіі, а “моцнай сацыяльнай палітыцы”, росту зарплат і пенсій. Аднак у інструментальнай падтрымкі ёсць адна непрыемная асаблівасць, якая заключаецца ў тым, што яна ўмоўная, менш трывалая і больш схільная да эрозіі, чым эмацыйная падтрымка. Калі эмацыйная падтрымка імкнецца да нуля і адначасова ў нейкі момант высвятляецца, што абяцанні аказваюцца нявыкананымі, абывацелі пачынаюць адчужана ставіцца не толькі да тых людзей, якія ўвасабляюць палітычны рэжым, але і да самой сістэмы.

 

Эканамічныя і палітычныя перспектывы Беларусі ва ўмовах рынкавай эканомікі

9—10 чэрвеня 2007 г.

Тэзісы

1. Аксиологические и экономические детерминанты общественного выбора Беларуси в 2007 – 2015 годах. Леонид Заико, руководитель аналитического центра “Стратегия”, экономист (Беларусь).
Аксіялагічныя і эканамічныя дэтэрмінанты грамадскага выбару Беларусі ў 2007 – 2015 гадах. Леанід Заіка, кіраўнік аналітычнага цэнтра “Стратэгія”, эканаміст (Беларусь).

2. Возможности повышения уровня жизни населения Беларуси в условиях роста цен на энергоносители. Леонид Злотников, кандидат экономических наук (Беларусь).
Магчымасці павышэння ўзроўню жыцця насельніцтва Беларусі ва ўмовах росту коштаў на энерганосьбіты. Леанід Злотнікаў, кандыдат эканамічных навук (Беларусь).
Ways to increase the living standard of the population of Belarus in the context of the energy carriers’ price rise. Leonid Zlotnikov, Economic Sciences Candidate (Belarus).

3. Українські реалії і білоруські перспективи: уроки, загрози, можливості. Андрій Кирчів, аналітик (Україна).
Украінскія рэаліі і беларускія перспектывы: урокі, пагрозы, магчымасці. Андрэй Кірчыў, аналітык (Украіна).
Ukrainian realities and belarusan prospects: lessons, threats, possibilities. Andrei Kirchiv, analyst (Ukraine).

4. Праблемы рынкавай трансфармацыі Беларусі. Кірыл Коктыш, кандыдат палітычных навук, дацэнт кафедры палітычнай тэорыі МДІМЗ (У) МЗС (Расія).

5. Трансформационные задачи Беларуси. Михаил Маринич, экс-министр внешнеэкономических связей Беларуси, экс-посол Беларуси в Латвии, Эстонии и Финляндии, доктор наук (Беларусь).
Трансфармацыйныя задачы Беларусі. Міхаіл Марыніч, экс-міністр знешнеэканамічных сувязяў Беларусі, экс-амбасадар Беларусі ў Латвіі, Эстоніі і Фінляндыі, доктар навук (Беларусь).

6. Альтернативные источники поставок энергоносителей Беларусь – пиар-акция или реальность Олег Мусловец, директор Интернет-ресурса Агентство финансовых новостей (Беларусь).
Альтэрнатыўныя крыніцы пастаўкі энерганосьбітаў у Беларусь — піяр-акцыя альбо рэчаіснасць? Алег Муславец, дырэктар інтэрнэт-рэсурсу “Агенцтва фінансавых навінаў” (Беларусь)
Alternative sources of energy carriers supply to Belarus – PR action or reality. Oleg Muslovets, Director of Financial News Agency internet resource (Belarus).

7. Паміж Масквой і Бруселем (перспектывы “новай” знешняй палітыкі Беларусі). Уладзімір Роўда, кандыдат філасофскіх навук, дацэнт кафедры паліталогіі ЕГУ (Беларусь)
Between Moscow and Brussels (prospects of Belarus’s new foreign policy). Uladzimir Rouda, Philosophic Sciences Candidate (Belarus).

8. Досвід України у формуванні системи енергетичної безпеки та можливості його застосування в Білорусі. Соскін Олег Ігорович, директор Інституту трансформації суспільства, професор, завідувач кафедри міжнародної економіки та підприємництва Національної академії управління (Україна).
Досвед Украіны ў фармаванні сістэмы энергетычнай бяспекі і магчымасці яго прымянення ў Беларусі. Алег Соскін, дырэктар Інстытута трансфармацыі грамадства, прафесар Нацыянальнай акадэміі кіравання (Украіна)

9. Внутриполитические последствия нефтегазового кризиса. Виктор Чернов, политолог, исполнительный директор ОО “Открытое общество”, Сергей Николюк, политический обозреватель (Беларусь).
Унутрыпалітычныя наступствы нафтагазавага крызісу. Віктар Чарноў, палітолаг, выканаўчы дырэктар ГА “Адкрытае грамадства”, Сяргей Нікалюк, палітычны аглядальнік (Беларусь).
Internal political consequences of the oil-and-gas crisis. Viktar Charnou, political scientist, executive director of PA “Open Society”, Siarhej Nikolyuk, political observer (Belarus).

‹‹ на галоўную | у архіў