Паміж Масквой і Бруселем
(перспектывы “новай” знешняй палітыкі Беларусі)
Уладзімір Роўда,
кандыдат філасофскіх навук,
дацэнт кафедры паліталогіі ЕГУ (Беларусь)
На мінулым круглым стале, арганізаваным “Бацькаўшчынай”, ў аўтарскім матэрыяле рабілася выснова, “што 2007 г. прывядзе да істотных зменаў у палітычным уладкаванні беларускай дзяржавы. Нягледзячы на знешнюю стабільнасць, палітычны карабель Лукашэнкі наўрад ці здолее паспяхова для сябе праскочыць паміж Сцылай еўрапейскай дэмакратызацыі і Харыбдай інкарпарацыі ў склад Расіі”.
Падзеі, што адбыліся ў першай палове гэтага году, дазваляюць канстатаваць памылковасць дадзенай высновы, якая недаацэньвала вядомыя здольнасці Лукашэнкі заставацца на плыву і абмяжоўвацца чыста касметычнымі мерамі замест кардынальнага рэфармавання палітыкі краіны. Адной з такіх мер і стала разрэкламаваная афіцыйнымі коламі т. зв. “новая знешняя палітыка Рэспублікі Беларусь”, у якой нібыта раптам вырасла еўрапейскае крыло, што дапоўніла старое расійскае, гэта дазволіла стабілізаваць палёт “беларускага самалёта”.
Мінулагодні сцэнар абапіраўся на выснову: каб прымусіць Лукашэнку пагадзіцца з пуцінскім праектам саюзнай дзяржавы, Расія пойдзе на дастаткова жорсткі эканамічны ціск і хуткі перавод на рынкавыя рэйкі гаспадарчых адносін паміж дзвюма краінамі. Гэта, ў сваю чаргу, павінна было падарваць стабільнасць так званай беларускай эканамічнай мадэлі, на якую абапіраецца лукашэнкаўскі папулізм – асноўны стрыжань легітымнасці дыктатуры асабістай улады ў Беларусі. Іншымі словамі, каб захаваць і далей уладу ў сваіх руках, Лукашэнка павінен быў пагадзіцца на паніжэнне свайго статусу, адмову ад шэрагу важных прыкметаў дзяржаўнага суверэнітэту, і паступовае далучэнне РБ да РФ.
У сваю чаргу, Еўразвяз, які не квапіцца на беларускі суверэнітэт і не заклікае нашу краіну станавіцца ўдзельніцай клубу багатых дэмакратычных краін, прапанаваў шэраг эканамічных прэферэнцый, якія маглі б дапамагчы Беларусі вытрымаць ціск з Усходу, але ўзамен еўрапейцы патрабавалі ад Лукашэнкі выканання добра вядомых 12 умоў, што магло б пакласці пачатак доўгачакаемым палітычным і эканамічным рэформам у нашай краіне. Прапановы Еўразвяза былі адрасаваны, у першую чаргу, грамадзянам Беларусі. Гэта азначае, што ў Бруселі шчыра спадзяваліся, што іх крок дапаможа беларускай апазіцыі і структурам грамадзянскай супольнасці распачаць эфектыўны наступ на аўтарытарную крэпасць і дазволіць, у рэшце рэшт, узяць яе штурмам, ажыццявіўшы негвалтоўную “каляровую рэвалюцыю”.
Аднак тыя вонкавыя і ўнутраныя чыннікі, якія дазваляюць спадзявацца на перамены ў Беларусі, пакуль што не дзейнічаюць. Па-першае, пасля перыяду разгубленасці і шоку, якія былі выкліканы нечаканай адмовай кіраўніцтва Беларусі праводзіць рэферэндум па канстытуцыйнаму акту саюзнай дзяржавы ўзамен на захаванне старых коштаў на расейскія энерганосьбіты, Масква адшукала новыя падыходы да сваёй палітыкі ў дачыненні да незгаворлівага саюзніка. Яна не адмовілася ад стратэгічнай мэты такой палітыкі, якой застаецца інкарпарацыя Беларусі ў склад Расіі, але вырашыла рухацца ў гэтым накірунку крок за крокам, расцягнуўшы сам працэс на некалькі гадоў. На першым этапе расійскае кіраўніцтва імкнецца мінімізаваць эканамічныя страты ад саюзніцкіх адносін з Лукашэнкам, забяспечыць прэферэнцыі для расійскіх кампаній, якія працуюць з Беларуссю, аслабіць уласную залежнасць ад транзіту сыравіны на Захад праз нашу тэрыторыю. Адначасова Крэмль павінен блакаваць любыя спробы беларускага кіраўніцтва, накіраваныя на пераадоленне
ізаляцыі краіны.
Толькі пасля гэтага Масква можа перайсці да другога этапу ў рэалізацыі сваёй стратэгіі: навязвання Менску расійскага варыянту канстытуцыйнага акту так званай саюзнай дзяржавы, увядзення расійскага рубля ў якасці адзінага сродку плацяжу на тэрыторыі абодвух краін, фармавання наднацыянальных органаў улады і г.д. На гэтай стадыі Масква можа паспрабаваць выкарыстаць розныя варыянты палітычных паводзін. Яна можа працаваць з Лукашэнкам у тым выпадку, калі ўбачыць, што ён паддаецца ціску. Але яна можа зрабіць стаўку і на іншую персону, больш згаворлівую, якой давядзецца выконваць ролю лідэра новай прарасійскай апазіцыі ў Беларусі. На пошук такой фігуры, яе “раскрутку” і далучэнне да палітычнай гульні таксама спатрэбіцца час і грошы. Пакуль што, як прызнаюцца многія расійскія аналітыкі, Крэмль рабіў стаўку выключна на Лукашэнку, лічачы яго аптымальнай фігурай для рэалізацыі сцэнару “інкарпарацыі” ўжо ў 2007 г.
Па-другое, узніклі вялікія праблемы з рэалізацыяй новай стратэгіі Еўразвязу ў дачыненні да Беларусі. У Бруселі перабольшылі сілы беларускай апазіцыі і яе здольнасць выкарыстаць зручную сітуацыю ў перыяд максімальнага абвастрэння беларуска-расійскіх адносінаў для пачатку новай хвалі пратэстаў з мэтай ціску на рэжым знутры краіны, каб прымусіць яго пайсці на радыкальныя рэформы і атрымаць неабходную падтрымку Еўропы. Пасля паразы палітычнай кампаніі 2006 г. беларуская апазіцыя апынулася ў вельмі цяжкім стане.
Вядома, што для ўрада Лукашэнкі выкананне 12 умоў Еўразвяза было б значна горшым варыянтам, чым нават інкарпарацыя ў склад Расіі, таму што ўсе яны арыентаваны на дэмантаж сістэмы асабістай улады прэзідэнта ў Беларусі. Таму прыняцце афіцыйным Мінскам плану Бруселю было б раўназначным падпісанню Лукашэнкам пакта аб безумоўнай капітуляцыі. Пакуль што ні вонкавая, ні ўнутраная сітуацыя ў краіне не прымушаюць яго да гэтага.
Беларускі рэжым максімальна выкарыстаў рыторыку пра новую знешнюю палітыку ў дачыненні да Еўропы для атрымання новых прывілеяў у эканамічных стасунках з Расіяй. Перамовы па газавай праблеме скончыліся для Беларусі дастаткова някепска. Яна па-ранейшаму плаціць за блакітнае паліва менш, чым усе іншыя краіны СНД. Нягледзячы на паэтапны продаж акцый “Белтрансгазу” “Газпраму”, Лукашэнка захаваў за сабой права “залатой акцыі”. У канцы сакавіка было падпісана новае гандлёвае пагадненне з РФ. Дарэчы, галоўным знешнегандлёвым партнёрам Беларусі з’яўляецца ЕЗ, а не Расія, на яго прыпадае 60% гандлёвага абароту краіны. Нягледзячы на тое, што выключэнне Беларусі з Генеральнай сістэмы прэферэнцый рэзка крытыкавалася афіцыйнымі ўладамі, гэтая мера не распаўсюджваецца на продаж у Еўропе перапрацаваных на беларускіх НПЗ нафтапрадуктаў. Усе наступствы падвышэння коштаў на энерганосьбіты могуць прывесці толькі да скарачэння тэмпаў росту ВУП, не да эканамічнага крызісу.
Я падзяляю думку славацкага і англійскага палітолагаў Балаша Ярабіка і Аластара Рабальяці, якія сцвярджаюць, што зараз “цяжка пазбавіцца ўражання, быццам палітыка Еўразвязу правалілася. Параза была непазбежнай – праблема не ў самой палітыцы, а ў яе ажыццяўленні. Лепшых варыянтаў за тыя, што прапаноўвалі аўтары мноства замоўленых Еўразвязам даследаванняў, папросту не было. Аднак пры шчодрых расійскіх субсідыях гэтая палітыка ў Беларусі не дзейнічае. Асабліва калі ў ёй дакладна не вызначаны прыярытэты і стратэгія, калі практычная рэалізацыя адстае ад актуальных патрэбаў, калі амаль немагчыма данесці свае ідэі да беларускага народу, калі Еўразвяз не можа прапанаваць беларусам ніякіх сур’ёзных стымулаў, акрамя разнастайнай рыторыкі аб вышэйшым узроўні жыцця. Але для сённяшняй ізаляванай Беларусі і гэта можа аказацца магутным інструментам. Асабліва калі Еўразвяз перахопіць ініцыятыву і не скоціцца з большага да рэагавання на дзеянні беларускіх уладаў, як было дагэтуль. Лукашэнка, як і беларуская апазіцыя,
не здолеў прапанаваць Беларусі новай перспектывы на XXI ст. І калі Крэмль прадоўжыць свой цяперашні курс, праз год-два падмурак беларускага эканамічнага цуда будзе падарваны. Тады рыторыка Еўразвязу загучыць яшчэ мацней”.
На маю думку, гэта можа і не здарыцца, таму што існуюць і іншыя, не менш важныя праблемы са стратэгіяй Еўразвязу ў дачыненні да Беларусі..
Першае, яна ў значнай ступені з’яўляецца пасіўнай, скіраванай на чаканне негатыўных наступстваў эканамічнага ціску на Беларусь з боку Расіі. Гэта традыцыйны курс ЕЗ, які, здаецца, не ўсвядоміў яшчэ значэння сваёй новай ролі не толькі магутнейшага эканамічнага, але і палітычнага акцёра ў рэгіёне пасля 2004 г. Калі стратэгія чакання не зменіцца, то няма абсалютна ніякіх гарантый таго, што менавіта Еўропа, а не Расія скарыстаецца першай з наступстваў уласнай палітыкі ў дачыненні да Беларусі.
Другое, распрацоўшчыкі стратэгіі ЕЗ так і не зрабілі выбар адносна паводзін у дачыненні да Лукашэнкі. “Усталяваць кантакты з адміністрацыяй ці захаваць гандлёвыя ільготы – значыць страціць твар, рабіць адваротнае – значыць папросту паглыбляць ізаляцыю краіны”. На маю думку, у сучасных умовах прарыў ізаляцыі Беларусі мае больш важнае значэнне, чым захаванне твару адпаведных еўрачыноўнікаў і еўрапалітыкаў. Бо толькі гэты крок можа гарантаваць дзяржаўную незалежнасць Беларусі, а значыць – акрэсліць перспектывы для будучай дэмакратызацыі. Адваротны курс толькі падвышае шанцы на поспех доўгатэрміновай стратэгіі Расіі ў рэгіёне.
Трэцяе, адсутнічае адзінства разумення стратэгіі і спосабаў ажыццяўлення ў асобных інстытутах ЕЗ і ў краінах-чальцах. Добра вядома, напрыклад, што супраць выключэння Беларусі з Генеральнай сістэмы прэферэнцый выступілі нашы суседзі: Польшча, Літва, Латвія; Славакія і Чэхія ўстрымаліся пры галасаванні. Дзве першыя краіны разам з Украінай спадзяюцца стварыць “квартэт прэзідэнтаў” з удзелам Качыньскага, Адамкуса, Юшчанкі і Лукашэнкі для пошукаў узгодненай палітыкі супраць расійскага энергетычнага шантажу. Гэтыя ініцыятывы адбываюцца без належнага ўзгаднення пазіцый з Бруселем.
Чацвёртае, дапамога беларускай палітычнай апазіцыі і структурам грамадзянскай супольнасці павінна быць скаардынаванай і скіраванай на заахвочванне кааліцыйнага будаўніцтва, пераадоленне расколу і негатыўных наступстваў няўдалай палітычнай кампаніі 2006 г. Вельмі важную ролю ў прыняцці рашэнняў еўрапейскімі донарамі павінна адыгрываць аб’ектыўная ацэнка сітуацыі, якая склалася ў беларускіх партыях, рухах і няўрадавых арганізацыях. На маю думку, апазіцыя павінна змаганнем з рэжымам, а не бясконцымі размовамі пра парушэнне сваіх правоў, заваяваць права на ўдзел у будучым дыялогу паміж ЕЗ і беларускімі ўладамі.
Пятае, каб выйграць спаборніцтва з Расіяй за ўплыў на Усходнюю Еўропу, Еўразвяз павінен перайсці да актыўнай палітыкі па распаўсюджванні і папулярызацыі еўрапейскіх каштоўнасцяў, з тым каб забяспечыць у бліжэйшай перспектыве далучэнне ўсіх краін Еўропы да Еўразвязу. Я згодзен з амерыканскім палітолагам Томасам Амброзіа ў тым, што ЕЗ павінен тут актыўна праводзіць палітыку “рэгіяналізму, абумоўленасці і інтэграцыі”.
каб пакласці канец выкарыстанню беларускім дыктатарам рыторыкі пра “новую” знешнюю палітыку для выбівання саступак з боку Расіі і Еўропы, Еўразвяз павінен спачатку перагледзець сваю стратэгію ў дачыненні Беларусі. Яна магла б стаць пакрокавай палітыкай, разлічанай на пэўны перыяд: на першым этапе рэжым выпускае палітзняволеных і гарантуе, што больш ніхто не патрапіць пад крымінальны пераслед за свае палітычныя перакананні. За гэта можна было б зрабіць Лукашэнку і беларускіх чыноўнікаў “уязнымі” ў цывілізаваныя краіны свету і распачаць дыялог з імі. На другім этапе, неабходна засяродзіць увагу на эканамічнай і прававой рэформах. Толькі калі Лукашэнка правядзе такія пераўтварэнні, можна ісці на выдзяленне крэдытаў і істотных інвестыцый у беларускую эканоміку. Нарэшце, на трэцім этапе можна перайсці да дэмакратызацыі палітычнай сістэмы. Правядзенне вольных і сумленых выбараў раней не мае сэнсу, таму што не сфармуецца належны слой бенефецыярыяў рэформы, якія могуць забяспечыць поспех
на выбарах дэмакратычным сілам і мабілізаваць насельніцтва на абарону перамогі.
Эканамічныя і палітычныя перспектывы Беларусі ва ўмовах рынкавай эканомікі
9—10 чэрвеня 2007 г.
Тэзісы
1. Аксиологические и экономические детерминанты общественного выбора Беларуси в 2007 – 2015 годах. Леонид Заико, руководитель аналитического центра “Стратегия”, экономист (Беларусь).
Аксіялагічныя і эканамічныя дэтэрмінанты грамадскага выбару Беларусі ў 2007 – 2015 гадах. Леанід Заіка, кіраўнік аналітычнага цэнтра “Стратэгія”, эканаміст (Беларусь).
2. Возможности повышения уровня жизни населения Беларуси в условиях роста цен на энергоносители. Леонид Злотников, кандидат экономических наук (Беларусь).
Магчымасці павышэння ўзроўню жыцця насельніцтва Беларусі ва ўмовах росту коштаў на энерганосьбіты. Леанід Злотнікаў, кандыдат эканамічных навук (Беларусь).
Ways to increase the living standard of the population of Belarus in the context of the energy carriers’ price rise. Leonid Zlotnikov, Economic Sciences Candidate (Belarus).
3. Українські реалії і білоруські перспективи: уроки, загрози, можливості. Андрій Кирчів, аналітик (Україна).
Украінскія рэаліі і беларускія перспектывы: урокі, пагрозы, магчымасці. Андрэй Кірчыў, аналітык (Украіна).
Ukrainian realities and belarusan prospects: lessons, threats, possibilities. Andrei Kirchiv, analyst (Ukraine).
4. Праблемы рынкавай трансфармацыі Беларусі. Кірыл Коктыш, кандыдат палітычных навук, дацэнт кафедры палітычнай тэорыі МДІМЗ (У) МЗС (Расія).
5. Трансформационные задачи Беларуси. Михаил Маринич, экс-министр внешнеэкономических связей Беларуси, экс-посол Беларуси в Латвии, Эстонии и Финляндии, доктор наук (Беларусь).
Трансфармацыйныя задачы Беларусі. Міхаіл Марыніч, экс-міністр знешнеэканамічных сувязяў Беларусі, экс-амбасадар Беларусі ў Латвіі, Эстоніі і Фінляндыі, доктар навук (Беларусь).
6. Альтернативные источники поставок энергоносителей Беларусь – пиар-акция или реальность Олег Мусловец, директор Интернет-ресурса Агентство финансовых новостей (Беларусь).
Альтэрнатыўныя крыніцы пастаўкі энерганосьбітаў у Беларусь — піяр-акцыя альбо рэчаіснасць? Алег Муславец, дырэктар інтэрнэт-рэсурсу “Агенцтва фінансавых навінаў” (Беларусь)
Alternative sources of energy carriers supply to Belarus – PR action or reality. Oleg Muslovets, Director of Financial News Agency internet resource (Belarus).
7. Паміж Масквой і Бруселем (перспектывы “новай” знешняй палітыкі Беларусі). Уладзімір Роўда, кандыдат філасофскіх навук, дацэнт кафедры паліталогіі ЕГУ (Беларусь)
Between Moscow and Brussels (prospects of Belarus’s new foreign policy). Uladzimir Rouda, Philosophic Sciences Candidate (Belarus).
8. Досвід України у формуванні системи енергетичної безпеки та можливості його застосування в Білорусі. Соскін Олег Ігорович, директор Інституту трансформації суспільства, професор, завідувач кафедри міжнародної економіки та підприємництва Національної академії управління (Україна).
Досвед Украіны ў фармаванні сістэмы энергетычнай бяспекі і магчымасці яго прымянення ў Беларусі. Алег Соскін, дырэктар Інстытута трансфармацыі грамадства, прафесар Нацыянальнай акадэміі кіравання (Украіна)
9. Внутриполитические последствия нефтегазового кризиса. Виктор Чернов, политолог, исполнительный директор ОО “Открытое общество”, Сергей Николюк, политический обозреватель (Беларусь).
Унутрыпалітычныя наступствы нафтагазавага крызісу. Віктар Чарноў, палітолаг, выканаўчы дырэктар ГА “Адкрытае грамадства”, Сяргей Нікалюк, палітычны аглядальнік (Беларусь).
Internal political consequences of the oil-and-gas crisis. Viktar Charnou, political scientist, executive director of PA “Open Society”, Siarhej Nikolyuk, political observer (Belarus).
|