Трансфармацыйныя задачы Беларусі

Міхаіл Марыніч,
экс-міністр знешнеэканамічных сувязяў Беларусі,
экс-амбасадар Беларусі ў Латвіі, Эстоніі і Фінляндыі, доктар навук

Тэма круглага стала "Эканамічныя і палітычныя перспектывы Беларусі ва ўмовах рынкавай эканомікі" вельмі актуальная. Хай сёння і віртуальна, але ў беларускім грамадстве, асабліва ў яго дэмакратычнай частцы, гэтыя перспектывы актыўна абмяркоўваюцца. Уздымаць пытанні трансфармацыі Беларусі сёння як ніколі неабходна. Упэўнены, што і сённяшні круглы стол зробіць свой ўнёсак у дэмантаж дыктатуры ў нашай краіне.

Інфармацыйны голад, самаізаляцыя, сістэма ўсеагульнага падначалення, рабалепства, страху, распаўсюджаная сёння на ўсе слаі грамадства. Яна не выпускае без кантролю нікога, і натуральна тых людзей, хто займае публічную пазіцыю, хто мае ўплыў на людзей. Гэта, у першую чаргу, дэмакратычна настроеныя грамадзяне, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці. Рэпрэсіі супраць дэмакратычнай грамадскасці не спыняліся. Рэжым працягвае з той жа сілай ужываць палітычны пераслед і сёння, цынічна падмяняючы палітычныя матывы зняволення нібы крымінальнымі.

Пры гэтым Лукашэнка заяўляе, што ў краіне няма палітычных зняволеных. Улады вельмі хочуць не памятаць, што дзесяткі патрыётаў Беларусі знаходзяцца ў турмах, у тым ліку экс-кандыдат у прэзідэнты Казулін, экс-дэпутат парламента Клімаў, лідэры моладзевага руху. Іх жыцці пастаянна ў небяспецы. Не хочацца дзеючай уладзе распавесці аб лёсах зніклых палітыкаў. Упэўнены, гэта прыйдзецца зрабіць. Час няўмольна набліжае Беларусь да перамен.

Упэўнены, доўга сістэма не можа трымацца на папулізме, угодніцтве, кампрамаце і страху. Я добра ведаю, што сёння большасць чыноўнікаў усіх узроўняў не прымаюць аўтарытарную сістэму кіравання і жадаюць яе развалу. Усё больш і больш з іх ліку не выконваюць законы сістэмы. Чакаюць указанняў зверху, не бяруць адказнасць на сябе. Гэта знак перамен.

Уладзе ўсё складаней і складаней падтрымліваць самаізаляцыю, інфармацыйны вакуум у краіне, ствараць бачнасць стабільнасці і дастатку ў Беларусі. Ідэалогія "ў нас усё добра, а ў іх – суседзяў - дрэнна" ўжо не так відавочная, як гэта было раней. Папулісцкая рыторыка Лукашэнкі аб славянскім братэрстве, будаўніцтве саюзнай дзяржавы, адзінай валюце з Расіяй ужо не спрацоўвае. На гэтым фоне поўнае расчараванне ў дзеяннях дэмакратычнай апазіцыі, лідэраў партый, былога адзінага кандыдата. І гэта напярэдадні парламенцкіх выбараў 2008 г.

Здавалася б, перад выбарамі 2006 г. дэмакратычныя сілы змаглі пераадолець унутраныя амбіцыі, зрабілі крок да аб'яднання. На жаль, на працягу года дэмакратычныя сілы зноў зрабілі некалькі крокаў назад. Рознагалоссі па нязначных для грамадства пытаннях захліснулі лідэраў апазіцыі. Праведзены ў траўні 2007 г. Кангрэс дэмакратычных сіл не змог аб'яднаць высілкі для дасягнення галоўнай мэты - скасаванне дыктатуры.

Нават на кангрэсе не прагучала ў поўны голас, што важнейшай аб'яднаўчай задачай з'яўляецца ўнясенне змен у выбарчае заканадаўства, якое прадугледжвала б адмену датэрміновага галасавання, уключэнне ў склад выбарчых камісій прадстаўнікоў дэмакратычных партый і грамадскіх арганізацый, правядзенне незалежнага назірання, удзел у падліку галасоў, забеспячэнне роўнага доступу ўсіх кандыдатаў да СМІ і TV. Лідэры партый павінны, нарэшце, зразумець, што далей па сцэнары, добра адпрацаваным уладамі, выбары праводзіць нельга. Удзел дэмакратычных кандыдатаў у іх становіцца фарсам.

Веру, што дэмакратычныя сілы ацэняць у найбліжэйшы час сваё бязволле, аб’яднаўшыся, прымуць адказнасць за будучыню Беларусі і выканаюць палітычную задачу - перамагчы дыктатуру. Лозунгам павінен стаць: новыя выбары - па новым выбарчым законе! Ужо сёння трэба пачынаць кампанію па зборы подпісаў, як мінімум у 1 млн. галасоў. Парламенцкія выбары 2008 г. - не за гарамі. На гэтай хвалі з'явяцца новыя лідэры, і што сімвалічна, менавіта ў моладзевым асяродку. Гэта дыктуюць надыходзячыя перамены.

Думаю, што акрамя ўсяго, дэмакратычным сілам неабходна думаць аб будучыні, не толькі аб тым, як змагацца з дзеючай уладай, але і як забяспечыць перамогу дэмакратыі. Эканоміка краіны набліжаецца да крызісу, і ў новай Беларусі эканамічная праблема найбольш балюча стукне і па новай уладзе, і па насельніцтве. Неабходна ўжо зараз ствараць рэалістычную праграму эканамічнай трансфармацыі. Дэмакратычныя сілы павінны даказаць сваю эканамічную падрыхтаванасць, даказаць, што яны могуць браць адказнасць за краіну.

Не буду дэталёва аналізаваць эканоміку. Аднак з упэўненасцю магу сказаць, што, на жаль, лічбы росту не адлюстроўваюць рэальную карціну працы эканомікі краіны. Эканамічны рост, а хутчэй выжыванне эканомікі, быў забяспечаны за кошт перапродажу танных расійскіх энергарэсурсаў на захад. Па сутнасці, расійскія падаткаплацельшчыкі падтрымалі такім чынам папулісцкую рыторыку Лукашэнкі. І нават у такіх спрыяльных умовах улада не змагла эфектыўна распарадзіцца газавым і нафтавым даходам. Прыйдзе час, і спецыялісты ацэняць, куды штогод сыходзілі мільярдныя датацыі, атрыманыя рэжымам ад Расіі.

Ізаляваная ад працэсаў глабалізацыі эканоміка краіны даўно адстала ад эканомік суседніх краін. Па індэксе эканамічнай свабоды краіна знаходзіцца на 145 месцы з 157 краін свету за 2006 год.

Кіраванне эканомікай у Беларусі адбываецца не на рынкавых прынцыпах, а сродкамі дыктату. Беларуская эканоміка ўяўляе сабою ў пэўнай ступені савецкую эканоміку ў мініяцюры. Галоўнае яе адрозненне ў тым, што Беларусь не мае прыродных запасаў нафты і газу. Тым не менш, паліўна-энергетычны комплекс займае важнае месца ў эканоміцы краіны. Ён складае чвэрць ВУП.

Беларуская эканамічная мадэль - гэта планавая эканоміка з манаполіяй дзяржаўнага сектару. Бюджэт Беларусі, яго стабільнасць залежаць ад 150-170 бюджэтастваральных прадпрыемстваў, асноўныя 20-30 з якіх уяўляюць паліўна-энергетычны сектар.

Па падліках экспертаў Сусветнага банка, дзяржаўныя прадпрыемствы ствараюць больш 80% ВУП. Доля малога і сярэдняга бізнесу ў эканоміцы занадта малая і не дасягае нават 10% ВУП. За апошнія 5 гадоў колькасць МСП практычна не змянілася, а колькасць індывідуальных прадпрымальнікаў стала зніжаецца.

Дзяржаўныя інвестыцыі працуюць кепска, а прыватныя баяцца прыйсці ў эканоміку Беларусі з-за неспрыяльнага інвестыцыйнага клімату. Прадпрыемствы маюць вельмі абмежаваныя магчымасці па самафінансаванні ў сувязі з нізкай рэнтабельнасцю, дарагімі крэдытамі і дырэктыўным размеркаваннем бюджэтных рэсурсаў.

Умяшанне дзяржавы стварае сур'ёзныя бар'еры для эфектыўнага размеркавання інвестыцыйных рэсурсаў. Парадокс: чысты прыбытак усёй беларускай эканомікі меншы за бюджэтную інвестыцыю ў эканоміку.

Больш 20% усіх прадпрыемстваў стратныя. Па экспертных адзнаках да канца 2007 г. лік стратных прадпрыемстваў у прамысловасці можа перавысіць 50%. Па выніках 2006 г. доля замежных інвестыцый у асноўны капітал склала ўсяго 0,7%. Гэта найгоршы паказчык за апошнія пяць гадоў.

Састарэлая прадукцыя беларускай прамысловасці сёння не задавальняе не толькі заходніх, але і расійскіх пакупнікоў. Знос асноўных фондаў у прамысловасці складае больш 80%. Запасы гатовай прадукцыі на складах  перавышаюць 61,6%.

Ужо сёння адчуваецца надыходзячая прорва не толькі беларускай мадэлі, але і праекту палітычнай інтэграцыі Беларусі і Расіі. Гэты праект быў і застаецца папулісцкім, найперш, збоку Лукашэнкі, нежыццяздольным, накіраваным не на развіццё краіны, а на ўмацаванне дыктатуры. Беларуска-расійскі газавы канфлікт выявіў яго сутнасць і беспадстаўнасць. Нават Пуцін публічна прызнаў праблему неадэкватнай падтрымкі Лукашэнкі, у тым ліку і падчас  прэзідэнцкай кампаніі 2006 года.

Падлашчванне да кіраўніцтва Расіі перастала прыносіць дывідэнды. Перанос эканамічных адносін у рынкавае рэчышча ўскосна сведчыць аб тым, што больш Расія не мае намеру падтрымліваць беларускі рэжым. 

Кіраўніцтва Беларусі і сёння працягвае разыгрываць чарговы віток папулісцкай палітыкі, палітыкі падлашчванняў толькі ўжо не ў дачыненні Расіі, а Еўропы. Што ж у гэтых умовах можа і павінен распачаць ЕС?

Заявы аб паляпшэнні адносін з Захадам перыядычна гучаць з вуснаў Лукашэнкі, пры гэтым не прадпрымаецца ніякіх дзеянняў, акрамя пустой рыторыкі. За апошнія 10 гадоў кіравання Лукашэнкам не выкананая ніводная з ініцыятыў ЕС. Адбываецца гэта заўсёды  менавіта ў той час, калі Лукашэнку ў чарговы раз выгодна шантажаваць Расію або павучаць суседнія дзяржавы.

У сілу самаізаляцыі і ўнутранай палітычнай сітуацыі Беларусь не мае паўнавартасных адносін з ЕС. Як следства — Беларусь не можа скарыстацца перавагамі працэсу пашырэння ЕС, у тым ліку і ў сферы эканомікі.

Пазітыўная дынаміка ў гандлі з ЕС была забяспечаная той эканамічнай роляй, якую Беларусь адыгрывала і адыгрывае паміж Расіяй і Еўропай. Па сутнасці, гэта быў перапродаж расійскіх энергарэсурсаў з добрай маржой, якая заставалася ў Беларусі дзякуючы палёгкавым схемам перапрацоўкі давальніцкай сыравіны. Доля мінеральных прадуктаў у агульным аб'ёме беларускага экспарту перавышае 40%.

З улікам новых умоў гандлю нафтай і газам, думаю, наўрад ці станоўчая тэндэнцыя гандлёвых адносін паміж Беларуссю і ЕС захаваецца. Бо ў Беларусі практычна не застанецца ў найбліжэйшыя два гады экспартных тавараў, якія б карысталіся попытам на Захадзе. Менавіта пытанне адкрыцця рынку ЕС і замацавання на ім беларускіх тавараў і павінна было б стаць у аснове еўрапейскай палітыкі Беларусі.

Для таго, каб беларуская прадукцыя была канкурэнтаздольная і Беларусь магла рэалізаваць свой экспартны патэнцыял, патрабуецца радыкальная мадэрнізацыя прамысловасці, новая сістэма кіравання, прыход новых мэнэджэраў, гарантыі правоў прыватнай уласнасці.

Усё гэта — рэвалюцыйныя ідэі для цяперашняй улады. Я не думаю, што яна іх у стане рэалізаваць. Вось чаму пытанні развіцця эканамічных і палітычных адносін Беларусі і ЕС ляжаць у адной плоскасці (палітычнай) і не маюць перспектыў пры захаванні дзеючай сістэмы ўлады.

Якая ж перспектыва Беларусі ў агульнаеўрапейскай інтэграцыі - быць раздзяляльнай сцяной у цэнтры Еўропы, або быць яе эфектыўнай інтэграванай часткай?

Упэўнены, толькі з правядзеннем палітычных рэформ, якія цягнуць за сабою і эканамічныя рэформы, Беларусь можа стаць інтэграванай часткай еўрапейскай прасторы. Толькі ў гэтым выпадку насельніцтва Беларусі зможа скарыстацца перавагамі дэмакратыі, свабоды, рынкавых адносін, вольнага перамяшчэння і гэтак далей. 

Важнейшым інструментам збліжэння Беларусі з Еўропай, уваходжання ў агульнаеўрапейскую прастору павінна стаць унутрыпалітычная рэформа праз змену выбарчага заканадаўства і правядзенне сумленных і празрыстых выбараў, мэта якой перайсці да дэмакратычных прынцыпаў еўрапейскай дзяржавы.

У канцы 2006 года, ЕС акрэсліў 12 прынцыпаў, пры выкананні якіх магчыма наладжванне супрацоўніцтва з ЕС. Яны ўключаюць вызваленне палітычных зняволеных, расследаванне спраў зніклых, свабоду прэсы, правядзенне незалежных выбараў па новым выбарчым заканадаўстве. На мой погляд, у дыялогу з Лукашэнкам досыць і 4-х прынцыпаў, якія былі прапанаваныя АБСЕ яшчэ ў канцы 1990-х гг. Яны дагэтуль праігнараваныя беларускай уладай і застаюцца актуальнымі па гэтай дзень.

Мне імпануе тое, што еўрапейскія палітыкі не рэагуюць спантанна на эмацыйныя заявы Лукашэнкі. Лукашэнка ўжо занадта шмат гадоў ва ўладзе, і ў Захаду быў час для таго, каб добра вывучыць яго палітыку: падлашчванні або шантаж у залежнасці ад сітуацыі. Багаты досвед няпростых узаемаадносін дазваляе дасведчаным палітыкам рабіць цалкам зразумелыя высновы.

Якімі б прывабнымі ні былі абяцанні беларускага кіраўніцтва, верыць гэтаму рэжыму нельга. Думаю, што вырашаць праблемы энергетычнай бяспекі Еўропы неабходна ўнутры ЕС, а таксама ў дыялогу з Расіяй. Упэўнены, што на Захадзе гэта добра разумеюць. Досыць апошняга адключэння на тэрыторыі Беларусі транзіту расійскага газу ў Еўропу ў студзені 2007 года. Спадзяюся, перыяд безгрунтоўных заяў асобных палітыкаў ЕС аб магчымасці дыялогу з беларускім рэжымам без рэальных крокаў па дэмакратызацыі з боку Беларусі застанецца пустым гукам.

На мой погляд, сам Еўрапейскі Саюз мае патрэбу ў магутным унутраным рэсурсе, краіне або групе палітыкаў, якія былі б зацікаўленыя ў прасоўванні беларускага пытання. Такую ролю маглі б адыграць, напрыклад, нашы суседзі — Украіна, Польшча, Літва, Латвія, выступіўшы ініцыятарам распрацоўкі новай стратэгіі ЕС у дачыненні да Беларусі. Дагэтуль, шчыра гаворачы, ЕС прытрымліваўся палітыкі абароны ад нядобранадзейнага суседа. Праграмы ЕС былі накіраваныя ў асноўным на ўмацаванне межаў, чым на фармаванне грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. ЕС павінен мець выразную і пэўную пазіцыю ў дачыненні да Беларусі, якая была б скіраваная на падтрымку пэўных праграм па падрыхтоўцы эканамічных рэформ, падрыхтоўцы кадравага патэнцыялу, умацаванню ў грамадстве разумення неабходнасці правядзення празрыстых выбараў, успрыманні агульнаеўрапейскіх каштоўнасцяў дэмакратыі, павагі да правоў чалавека і свабоднага рынку. Калі яна будзе распрацаваная і прынятая ўсімі чальцамі ЕС, тады ні ў адной з краін ЕС не будзе спакусы пайсці на саступкі кан'юктурным інтарэсам Мінска. Менавіта дэмакратычныя сілы Беларусі маюць патрэбу ў новай стратэгіі ЕС па Беларусі - стратэгіі скасавання апошняга дыктатарскага рэжыму ў Еўропе. Для беларускіх дэмакратаў сёння няма і не можа быць іншай мэты, чым перамагчы дыктатуру. Веру, што рэальнае аб'яднанне вакол гэтай мэты адбудзецца яшчэ сёлета, нягледзячы на тое, што мінулы кангрэс дэмакратычных сіл не стаў аб'яднаўчым.

Настаў час, калі неабходна думаць аб заўтрашнім дні, аб тым, якой будзе эканоміка  пасля змены ўлады ў Беларусі. Менавіта гэтае пытанне і можа быць прадметам еўрапейскага дыялогу па Беларусі з удзелам суседзяў Украіны, Польшчы, Літвы, Латвіі.  Я хацеў бы падкрэсліць, што заплюшчваць вочы на праблему Беларусі не выгадна ні Еўропе, ні ўсім нашым суседзям, у тым ліку і Расіі. Пакуль жа ЕС спрабуе нейкім чынам уплываць на сітуацыю ў Беларусі, не атрымліваючы адэкватнай рэакцыі. Палітыка безгрунтоўных заяў асобных палітыкаў ЕС і краін суседзяў аб саступках дыктатуры бесперспектыўная. Ініцыятыва перагаворнага працэсу павінна зыходзіць ад Еўрапейскага Саюза, а прасоўваць гэтую ідэю ўнутры ЕС могуць суседзі Беларусі. Раўнапраўнымі ўдзельнікамі такіх перамоў павінна быць і дэмакратычная апазіцыя Беларусі. У такім фармаце рэальна выпрацаваць выразную і пэўную пазіцыю ЕС па Беларусі, у аснове якой магло б быць патрабаванне да беларускага кіраўніцтва вызваліць палітвязняў, унесці змены ў выбарчае заканадаўства, забяспечыць роўны доступ усіх кандыдатаў на выбарах да СМІ, забяспечыць абарону ў Беларусі правоў і свабодаў чалавека. Упэўнены, пэўная стратэгія ЕС і будзе спрыяць хутчэйшай дэмакратызацыі Беларусі.

Ужо сёння важна мець рэалістычную праграму эканамічнай трансфармацыі Беларусі. У яе падрыхтоўцы неацэнную ролю могуць сыграць нашы суседзі. Простага і відавочнага адказу на пытанне, як можа быць ажыццёўленая трансфармацыя беларускай эканомікі, на жаль, няма. Безумоўна, вельмі важны досвед нашых заходніх суседзяў, якія прайшлі шлях трансфармацыі як складнік працэсу ўступлення ў Еўрапейскі Саюз. Беларусь, жадаючы заставацца ў еўрапейскай супольнасці, відавочна, прыме многія з тых норм і правіл, якія ўвялі гэтыя краіны. Аднак прамая адаптацыя гэтай мадэлі не будзе карысная. Напэўна, кожная з новых краін ЕС прайшла праз шэраг цяжкасцяў і памылак трансфармацыйнага перыяду. Што спрацавала найбольш паспяхова, а што не? Адказы на гэтыя пытанні важныя для Беларусі.

Група грамадскіх дзеячаў Беларусі звярнулася да ўрадаў суседніх краін аказаць такую падтрымку і прыняць удзел у распрацоўцы эканамічнай трансфармацыі Беларусі. Гэты зварот размешчаны на інфармацыйным партале агенцтва REGNUM і іншых Інтэрнэт-рэсурсах. Каментары на гэтую тэму можна прачытаць у маім інтэрв'ю Інтэрнэт-газеце "Заўтра тваёй краіны" на www.zautra.by

У звароце мы таксама ўзнялі пытанне падрыхтоўкі новага пакалення лідэраў, упраўленцаў і мэнэджэраў, якія будуць здзяйсняць пераходны працэс у Беларусі. Фармаванне новага менталітэту кіравання дзяржавай з'яўляецца найважнейшай задачай для Беларусі. Іншага досведу, акрамя досведу размеркавання, у беларускага кіруючага класа няма. Беларусі неабходна здзяйсняць падрыхтоўку новых кіраўнічых кадраў, здольных забяспечыць эфектыўны пераход ад аўтарытарнай дзяржаўнай сістэмы і фармавання рынкавай эканомікі. Тут таксама вельмі важны еўрапейскі досвед. 

Мы прапанавалі ўсім нашым суседзям, у тым ліку і Расіі, стаць удзельнікам праекту падрыхтоўкі мэнэджэраў з Беларусі. Гэта можа быць адаптаваная праграма для ўпраўленцаў, мэнэджэраў прадпрыемстваў і кампаній. Дапамога суседніх краін дазволіла б своечасова выключыць найбольш драматычныя пагрозы дэмакратычнаму развіццю Беларусі.

На заканчэнне я хацеў бы выказаць упэўненасць, што Беларусь ужо ў найбліжэйшыя гады стане еўрапейскай краінай, і не толькі геаграфічна. На жаль, пакуль наша краіна - гэта радзяляльная сцяна на ўсходзе Еўропы. І мы, людзі, якія прызнаюць і паважаюць дэмакратычныя каштоўнасці, павінны зрабіць усё, каб заўтра Беларусь жыла ў Адзінай Еўропе. Гэта ў інтарэсах не толькі беларусаў, але і Еўропы, у тым ліку нашых суседзяў.

Дзякуй.

 

Эканамічныя і палітычныя перспектывы Беларусі ва ўмовах рынкавай эканомікі

9—10 чэрвеня 2007 г.

Тэзісы

1. Аксиологические и экономические детерминанты общественного выбора Беларуси в 2007 – 2015 годах. Леонид Заико, руководитель аналитического центра “Стратегия”, экономист (Беларусь).
Аксіялагічныя і эканамічныя дэтэрмінанты грамадскага выбару Беларусі ў 2007 – 2015 гадах. Леанід Заіка, кіраўнік аналітычнага цэнтра “Стратэгія”, эканаміст (Беларусь).

2. Возможности повышения уровня жизни населения Беларуси в условиях роста цен на энергоносители. Леонид Злотников, кандидат экономических наук (Беларусь).
Магчымасці павышэння ўзроўню жыцця насельніцтва Беларусі ва ўмовах росту коштаў на энерганосьбіты. Леанід Злотнікаў, кандыдат эканамічных навук (Беларусь).
Ways to increase the living standard of the population of Belarus in the context of the energy carriers’ price rise. Leonid Zlotnikov, Economic Sciences Candidate (Belarus).

3. Українські реалії і білоруські перспективи: уроки, загрози, можливості. Андрій Кирчів, аналітик (Україна).
Украінскія рэаліі і беларускія перспектывы: урокі, пагрозы, магчымасці. Андрэй Кірчыў, аналітык (Украіна).
Ukrainian realities and belarusan prospects: lessons, threats, possibilities. Andrei Kirchiv, analyst (Ukraine).

4. Праблемы рынкавай трансфармацыі Беларусі. Кірыл Коктыш, кандыдат палітычных навук, дацэнт кафедры палітычнай тэорыі МДІМЗ (У) МЗС (Расія).

5. Трансформационные задачи Беларуси. Михаил Маринич, экс-министр внешнеэкономических связей Беларуси, экс-посол Беларуси в Латвии, Эстонии и Финляндии, доктор наук (Беларусь).
Трансфармацыйныя задачы Беларусі. Міхаіл Марыніч, экс-міністр знешнеэканамічных сувязяў Беларусі, экс-амбасадар Беларусі ў Латвіі, Эстоніі і Фінляндыі, доктар навук (Беларусь).

6. Альтернативные источники поставок энергоносителей Беларусь – пиар-акция или реальность Олег Мусловец, директор Интернет-ресурса Агентство финансовых новостей (Беларусь).
Альтэрнатыўныя крыніцы пастаўкі энерганосьбітаў у Беларусь — піяр-акцыя альбо рэчаіснасць? Алег Муславец, дырэктар інтэрнэт-рэсурсу “Агенцтва фінансавых навінаў” (Беларусь)
Alternative sources of energy carriers supply to Belarus – PR action or reality. Oleg Muslovets, Director of Financial News Agency internet resource (Belarus).

7. Паміж Масквой і Бруселем (перспектывы “новай” знешняй палітыкі Беларусі). Уладзімір Роўда, кандыдат філасофскіх навук, дацэнт кафедры паліталогіі ЕГУ (Беларусь)
Between Moscow and Brussels (prospects of Belarus’s new foreign policy). Uladzimir Rouda, Philosophic Sciences Candidate (Belarus).

8. Досвід України у формуванні системи енергетичної безпеки та можливості його застосування в Білорусі. Соскін Олег Ігорович, директор Інституту трансформації суспільства, професор, завідувач кафедри міжнародної економіки та підприємництва Національної академії управління (Україна).
Досвед Украіны ў фармаванні сістэмы энергетычнай бяспекі і магчымасці яго прымянення ў Беларусі. Алег Соскін, дырэктар Інстытута трансфармацыі грамадства, прафесар Нацыянальнай акадэміі кіравання (Украіна)

9. Внутриполитические последствия нефтегазового кризиса. Виктор Чернов, политолог, исполнительный директор ОО “Открытое общество”, Сергей Николюк, политический обозреватель (Беларусь).
Унутрыпалітычныя наступствы нафтагазавага крызісу. Віктар Чарноў, палітолаг, выканаўчы дырэктар ГА “Адкрытае грамадства”, Сяргей Нікалюк, палітычны аглядальнік (Беларусь).
Internal political consequences of the oil-and-gas crisis. Viktar Charnou, political scientist, executive director of PA “Open Society”, Siarhej Nikolyuk, political observer (Belarus).

‹‹ на галоўную | у архіў