Праблемы рынкавай трансфармацыі Беларусі

Кірыл Коктыш, кандыдат палітычных навук,
дацэнт кафедры палітычнай тэорыі МДІМЗ (У) МЗС (Расія)

1. Рынкавая трансфармацыя беларускай эканомікі – прынцыпова невырашальная задача як мінімум у межах сённяшніх беларускай нацыянальнай, дзяржаўнай і эканамічнай ідэнтычнасцяў. Гэта значыць, што рынкавая трансфармацыя будзе жорстка канфліктаваць з усімі трыма ідэнтычнасцямі, наступствам чаго станецца разбурэнне ці злом адной, дзвюх з іх ці ўсіх.

Эканамічная ідэнтычнасць Беларусі – гэта на 80% буйныя прадпрыемствы-экспарцёры, да 80-85% іх прадукцыі павінна прадавацца за межамі краіны. Збольшага (акрамя нафтахіміі) прадпрыемствы не мадэрнізаваныя, г.зн. спажываюць больш сыравіны і энерганосьбітаў, чым канкурэнты, вырабляючы менш якасную прадукцыю.

Рынкавыя кошты на энерганосьбіты пазбаўляюць гэтыя прадпрыемствы існуючай  канкурэнтнай перавагі, а калі ўлічыць, што кошт энерганосьбітаў можа сягаць і 30% у сабекошце прадукцыі, магчыма казаць аб пераходзе іх ў шэраг неканкурэнтаздольных, з відавочнай рызыкай згубы імі іх сённяшніх рынкаў.

Дзяржаўная ідэнтычнасць Беларусі сёння засноўваецца на ідэі інтэграцыі з Расіяй, а дакладней, на тым, што ў гэтую ідэю верыла да нядаўняга часу расійскае кіраўніцтва. Гэта дазваляла беларускаму прэзідэнту забяспечваць за кошт прамых і ўскосных расійскіх датацый да 60% беларускага бюджэту (у гэтым годзе доля датацый складае 41%, у наступныя тры гады будзе зменшана да нуля). У сваю чаргу, гэта мела сваім наступствам вельмі спецыфічны, на беларускі лад, тып “галандскай хваробы” – гэта калі адна галіна эканомікі, у класічным галандскім выпадку – нафтавая, прыносіць столькі прыбыткаў, што астатнія галіны могуць і не працаваць. Куды танней, чым рабіць іх канкурэнтаздольнымі, проста купіць усю патрэбную прадукцыю за нафтавыя грошы за мяжой, а народу проста раздаць крыху нафтавых грошаў, каб мог ён гэтую прадукцыю набываць, ды адчапіўся бы й ня енчыў. Нафты ў Беларусі няма, але ролю нафтавага (ці ўжо адразу грашовага) радовішча сыграла Расія: беларускія прадпрыемствы маглі працаваць у імітацыйным рэжыме, дзеля выплаты заробкаў, бо ўвесь сапраўдны рэсурс здабываў прэзідэнт, прадаючы Расіі прарасійскую рыторыку.

Гэты “рынак рыторыкі” згарнуўся, Расія адмовілася ад канцэпту прарасійскасці, прызнаўшы, што яе ніколі ў прыродзе і не існавала і што гэта быў толькі сродак пампавання з Расіі грошаў. Але беларуская дзяржава ўпарта настойвае на яго аднаўленні, бо без расійскіх грошаў не можа захаваць існуючы лад, а значыць – і сябе.

Нацыянальная ідэнтычнасць Беларусі засноўваецца альбо на “ідэі інтэграцыі з Расіяй з захаваннем суверэнітэту”, альбо на адмаўленні гэтай ідэі з адпаведным аднаўленнем еўрапейскай ідэнтычнасці краіны, але ў рэчаіснасці ўяўляе сабой нават не нейкую расколатую цэласнасць, а несістэмныя штучныя аскепкі, якія належаць да іншага часу ды іншай рэчаіснасці. Штучнасць і несістэмнасць вынікае з відавочнай контрэканамічнасці сучаснага беларускага мышлення, як мінімум на ўзроўні эліт і контрэліт: эканоміка ўспрымаецца як нешта неістотнае, аўтаномнае, не звязанае ніяк з палітыкай і ўвогуле не вартае ўвагі засяроджанага на высокіх палітычных пытаннях ды каштоўнасцях шаноўнага спадарства, як нешта, што павінна неяк спрацаваць само сабой – карацей, як не панская справа. Гэта яшчэ было б зразумела, калі б гаворка ішла толькі пра кіруючыя эліты, якія маюць збольшага толькі вопыт размеркавання атрымліваемага зверху рэсурсу – і сапраўды то не іх справа, скуль ён бярэцца! – але ж і контрэліты, такога вопыту збольшага пазбаўленыя, усё адно старанна адлюстроўваюць тое ж самае “панскае” станаўленне да эканомікі.

На самой справе, канешне, гэта зусім не панства і не шляхецкасць, а якраз наадварот. Менавіта пан – у межах гэтага светапогляду – павінен вырашыць істотныя эканамічныя пытанні, ці, прасцей кажучы, накарміць сваіх людзей, бо самі яны таго зрабіць ня здольныя. І адрозненне тут паміж элітамі і контрэлітамі толькі ў тым, што ў сістэме каардынатаў адных ў якасці яснавяльможнага пана выступае Расія, а ў другіх – Захад.

У рынкавай рэчаіснасці, аднак, з факта лаяльнасці “людзей” ніяк не вынікае абавязак “пана” іх карміць, тым больш карміць згодна з іх апетытамі. Расія ня будзе больш  падтрымліваць той спецыфічны рынак “рыторыка за рэсурсы”, на ўпэўненасці ў трываласці якога грунтуецца ідэнтычнасць кіруючых элітаў. Тым больш ня будзе гэтага рабіць і Захад. А вось здольнасць самастойна зарабляць сабе на жыццё ў межах краіны не з’яўляецца кампанентай ні аднаго, ні другога “аскепка ідэнтычнасці”.

2. Канфлікт паміж “імператывам рынкавасці” і беларускімі ідэнтычнасцямі будзе мець найбольш верагодным наступствам ператварэнне краіны ў тэрыторыю

Справа ў тым, што ў межах існуючай нацыянальнай ідэнтычнасці, што на ўзроўні элітаў, што контрэлітаў, ня можа быць выпрацаваны канцэпт рынкавай трансфармацыі беларускай эканомікі – для гэтага патрэбна іншая ідэнтычнасць. Але ж яна можа ўзнікнуць не раней, чым разбурыцца існуючая, месца пакуль занятая. А разбурыцца яна толькі тады, калі “цягнік рынкавасці” паедзе поўным ходам, і стане відавочнай марнасць спробаў яго спыніць.

Пры адсутнасці канцэпту рынкавай трансфармацыі, які даў бы бачанне таго выніку, што павінен у рэшце атрымацца, улада (хто б ёй не быў на той момант) пойдзе па “адзіным магчымым”, найбольш простым варыянце прыватызацыйнага распродажу. Гэта не вырашыць ніводнай праблемы, але канчаткова загубіць беларускую эканоміку. Чаму?

Па-першае, тады ў межах “простай прыватызацыі” прадпрыемствы будуць выступаць не як частка нейкай вытворчай цэласнасці, а паасобку. Гэта значыць, што з вытворчых ланцужкоў будуць выхоплівацца тыя звёны, што могуць быць найбольш прыбытковымі – гіпатэтычна ў межах існуючага, а практычна – аўтаномнага вытворчага працэсу. За “слабыя звёны” ніхто ня будзе плаціць – што азначае, што вытворчы працэс, а з ім і рынкі, і напрацоўкі, проста абрынуцца.

Па-другое, распродаж (асабліва калі ён будзе праводзіцца ўладай у яе сённяшнім фармаце) будзе ў першую чаргу вабіць спекулянтаў, зыходзячых з парадыгмы “трафейнай” эксплуатацыі набытага актыву – добрасумленныя вытворцы проста ня прыйдуць, бо для іх тут месца няма. Справа тут ў тым, што беларуская эканоміка сёння каштуе жахліва мала ад таго, што яна павінна каштаваць – з-за палітэканамічнага клімату яна недаацэнена прыкладна на парадак, калі параўноўваць з расійскай (пры тым што расійская, у сваю чаргу, недаацэнена ў параўнанні з заходняй на паўтары-два парадкі). Набыццё актываў па тым кошце, што “сёння ёсць”, з адно-двух парадкавым адрозненнем ад “патэнцыйна рэальнага” ёсць надапушчальная рызыка для стратэгічнага пакупніка, які плануе працаваць тут і сёння і заўтра, бо такая ўгода можа быць лёгка аспрэчана як рабаўніцкая ды нелегітымная ўжо заўтра, пры паляпшэнні клімату і адпаведным росту ацэненасці эканомікі ў цэлым. Пераплочваць жа за актыў сёння за абяцанні, што “заўтра клімат палепшыцца”, таксама няма ніякага сэнсу – бо гэта фактар пакупніку непадкантрольны, і ён можа застацца і такім жа. Таму набыццё можа мець сэнс выключна як “трафейнае” – калі з набытага актыву выкачваецца ўсё, што можа канвертавацца ў грошы, бо іх можна з сабою ўнесці, а сам актыў у любы момант “скідваецца” – абы б толькі ён акупіў перад гэтым з прыбыткам выдаткі на першапачатковае набыццё. 

У выніку найбольш верагодным зыходам канфлікту паміж “цягніком рынкавасці” і існуючымі беларускімі ідэнтычнасцямі будзе, як ужо казалася, дэсуб’ектывізацыя Беларусі – і ператварэнне яе з нейкага, няхай і непаўнавартаснага, суб’екту, у суб’ект яшчэ больш непаўнавартасны, дзе мяжа паміж “аб’ектным” становішчам ужо амаль не існуе.

3. Пры гэтым, як ня дзіўна, знешнія фактары, не залежныя ад Беларусі,  сёння якраз спрыяльныя для яе паспяховай рынкавай трансфармацыі – прыкладна ў той жа ступені, наколькі неспрыяльныя ўнутраныя

Галоўным тормазам для выкарыстання сітуацыйных пераваг з’яўляецца менавіта сённяшняя контрэканамічная беларуская нацыянальная ідэнтычнасць: наяўнасць гэтых пераваг нават не ўсведамляецца ні элітамі, ні контрэлітамі, прызвычаенымі аддана касавурыць на заходні ці ўсходні бок, і якія нават не глядзяць перад сабой. Бо выкарыстанне гэтых пераваг магчыма не ў звыклай парадыгме прарасійскай ці празаходняй арыентацыі, а ў даволі нязвыклай, як гэта ня дзіўна гучыць, парадыгме прабеларускасці – калі б, канешне, яна толькі з’явілася.

Чаму надзеям карміцца з таго, каб займаць усходні ці заходні бок, не наканавана спраўдзіцца, мы ўжо разглядзелі. Але ж чаму выгоды павінны адшукацца ад таго, каб быць паміж, на “роўнааддаленні”?

Па першае, менавіта на гэтым шляху магчыма паскоранае пазбаўленне ад фактара недаацэненасці беларускай эканомікі – куды хутчэй, чым пры заходнім ці ўсходнім ухіле. Заўжды давер да сабе, а менавіта на ім грунтуецца ацэнка эканомікі, хутчэй пабудаваць, калі адказваеш сам за сабе – бо ў любым іншым выпадку фактар даверу з’ўляецца некім вытворчым ад даверу да патрона, і тады для яго ўзнікнення патрэбны гады. Узровень жа капіталізацыі эканомікі прадвызначае ў тым ліку і агульныя стандарты дабрабыту.

І сёння існуе ніша для таго, каб будаванне даверу да сабе было не простым чаканнем, калі знешні бізнес метадам спроб і памылак будзе крок за крокам памалу выпрабоўваць яго трываласць, а актыўным ініцыятыўным працэсам. 

Справа ў тым, што сёння адносіны Еўразвязу ды Расіі маюць сітуацыйна незбалансаваную структуру, і гэтая незбалансаванасць ня можа “расчыніцца” сама сабой. Так, з аднаго боку ідзе інтэнсіўная эканамічная інтэграцыя Расіі і Еўропы, якая пакуль абмежавана энергетычнай галіной, але, думаецца, не на доўгі час: прагматычная патрэбнасць Еўропы ў Расіі і наадварот будзе толькі нарастаць. З другога боку, на ўзроўні каштоўнасцяў яны знаходзяцца на ледзь не максімальнай адлегласці, і гэтае ўзаемнае адштурхванне, здаецца, таксама будзе нарастаць. А канфлікт каштоўнасцей – вельмі спецыфічная рэч, ніхто з яго удзельнікаў, раз у яго ўступіўшы, ня можа саступіць, не згубіўшы твар, дапамагае толькі час.

Гэта значыць, што на пэўны час ствараецца аб’ектыўная патрэба Еўропы і Расіі ў новым рынку “паміж”, які б стаў месцам, дзе б наладжваліся і выпрабоўваліся новыя сумесныя практыкі без таго, каб яны лічылася перамогай аднаго і паразай другога боку, і ў рэшце рэшт выпрацоўваліся б новыя, ужо сапраўды агульнаеўрапейскія, каштоўнасці. Прасцей кажучы, ствараецца попыт на гаспадара, які б, карыстаючыся даверам абодвух гасцей, дапамог бы ім наладзіць давер паміж сабой. Для гэтага, канешне ж, крытычны фактар узаемнага даверу да “гаспадара рынку”, і сённяшні беларускі рэжым хутчэй можа ганарыцца ўсталяваннем недаверу з абодвух бакоў – але размова ж не пра рэжым, а пра краіну. Тая з усходнееўрапейскіх краін, якая першая скарыстае гэтую нішу, будзе ў найвялікшым выйгрышу, бо сапраўды здолее спраўдзіць спрадвечную, але так і няздзейсненую ўсходнееўрапейскую мару быць эканамічна выгодным мостам паміж Захадам і Усходам – паколькі на практыцы “мост” заўжды станавіўся брамай, якую танней было проста аб’ехаць.

Па другое, ёсць і слушныя эканамічныя аргументы, згодна з якімі “роўнааддаленасць” – ледзь не адзіная магчымасць уратаваць сучасную беларускую прамысловасць. Справа ў тым, што глабальная эканамічная канкурэнцыя (зразумела, ў спрошчаным выглядзе) можа быць прадстаўлена сёння як барацьба за размеркаванне ў кошце канчатковага тавару кошту рэсурсаў, кошту пераапрацоўкі і кошту даданага хай-тэкаўскага “цюнінгу”. Захад, на чале з лідэрам ЗША, змагаецца за максімізацыю сваёй долі, г.зн. долі хай-тэка – ён можа складаць і 50%, і болей ад кошту фінальнай прадукцыі. Расія (як і іншыя пастаўшчыкі энерганосьбітаў і рэсурсаў) змагаецца за максімізацыю сваёй долі, г.зн. кошту энерганосьбітаў – іх доля зараз дасягае 30%.

У Беларусі няма ні рэсурсаў, ні хай-тэка. Яе сённяшні заробак, г.зн. той кошт, што яна можа дадаць да тавару, ляжыць паміж коштам энерганосьбітаў і коштам хай-тэка, з чаго вынікае, што і заходні, і ўсходні ўхіл – гэта фактычнае адмаўленне ад уласных грошай і ад уласнай існуючай эканомікі.

Улічваючы, што пытанне стаіць не аб росквіце, а аб захаванні сучаснай беларускай прамысловасці, час для мадэрнізацый якой быў марна ўпушчаны, адзіны шлях, на якім бачацца шанцы яе ўратаваць – гэта, зноў жа, паскораная пабудова даверу да сабе на палітычным узроўні, што на наступным кроку выльецца ў рост капіталізацыі эканомікі, і адчыніць дзверы для добрасумленнага бізнесу. Тады можа стаць магчымай легітымная прыватызацыя, калі яе вынікі будуць лічацца не рабаўніцкімі, а ўзаемавыгаднымі і прадаўцом, і пакупніком, і, самае галоўнае – грамадствам.  Інакш кажучы, менавіта такім чынам і можа быць распачата барацьба за “сваю сярэднюю долю” у кошце прадукцыі, на якую – у сучаснай рэчаіснасці – няма ані грошай, ані рэсурсаў.

Па трэцяе, парадыгма “роўнаадаленасці” ўтрымлівае і магчымасць якасных прарываў. Рынкавая эфектыўнасць – гэта не ў апошнюю чаргу здольнасць канвертаваць недахопы ці пралікі астатніх ва ўласныя перавагі. А паколькі ніхто не з’яўляецца дасканалым, прастора заўжды ёсць.

Такая прастора, дарэчы, узнікла з фактару ўзмацнення сучаснай расійскай ідэнтычнасці як найбольш буйнога ў свеце экспарцёра вуглевадародаў. Эканамічная ідэнтычнасць Савецкага Саюзу была даволі іншай, і сітуацыйна незапатрабаваным сучаснай сістэмай застаўся значны пласт ведаў (зразумела, разам з іх носьбітамі), звязаны з вынаходніцтвамі ў галіне высокіх тэхналогій. На працягу тузіна гадоў вучоныя, якія ўсё свае жыццё генерыравалі інавацыі, у тым ліку і прарыўныя, не мелі магчымасці не тое каб увасобіць – нават запатэнтаваць уласнае вынаходніцтва.

Зараз становішча пачынае змяняцца, але гэта ў любым выпадку ня будзе хуткі працэс. Стварэнне жа ў Беларусі спрыяльнага клімату для абароны інтэлектуальнай уласнасці, калі выдаткі за абарону патэнтаў за пэўную долю ўласнасці бярэ на сабе дзяржава, дазволіла б ёй ня толькі перацягнуць да сабе пэўны слой навукоўцаў, але і зрабіць слушны крок да перспектыўнага будаўніцтва ў сабе новага эканамічнага ўкладу – эканомікі ведаў. Пакуль у гісторыі гэта атрымалася толькі ў Японіі, але, хто ведае, тут беларуская працавітасць ды звычка да працоўнай дысцыпліны, што захаваліся, канешне ж, збольшага ў імітацыйным рэжыме, але ж не разбурыліся цалкам, можа і спатрэбіцца.

Канешне, гэта тычыцца не таго, што сёння ёсць, але таго, што можа быць заўтра. Залежыць гэта ў першую чаргу ад магчымасці з’яўлення прабеларускай ідэнтычнасці. Бо калі яна не народзіцца, то Беларусь так і застанецца незразумелым месцам, дзе будуць жыць “тутэйшыя”, упэўненыя, што суверэнітэт і дабрабыт магчыма пабудаваць на правільна закладзеным падмурку, які “заўжды будзе незаменным геапалітычным плацдармам” і за які ўсе і заўжды будуць плаціць. А пакуль будуць шукаць правільнае месца для таго падмурку, “каб у гэты раз дакладна не абмінулі”, гісторыя пойдзе далёка наперад – што нават і дагнаць будзе нельга.

 

 

Эканамічныя і палітычныя перспектывы Беларусі ва ўмовах рынкавай эканомікі

9—10 чэрвеня 2007 г.

Тэзісы

1. Аксиологические и экономические детерминанты общественного выбора Беларуси в 2007 – 2015 годах. Леонид Заико, руководитель аналитического центра “Стратегия”, экономист (Беларусь).
Аксіялагічныя і эканамічныя дэтэрмінанты грамадскага выбару Беларусі ў 2007 – 2015 гадах. Леанід Заіка, кіраўнік аналітычнага цэнтра “Стратэгія”, эканаміст (Беларусь).

2. Возможности повышения уровня жизни населения Беларуси в условиях роста цен на энергоносители. Леонид Злотников, кандидат экономических наук (Беларусь).
Магчымасці павышэння ўзроўню жыцця насельніцтва Беларусі ва ўмовах росту коштаў на энерганосьбіты. Леанід Злотнікаў, кандыдат эканамічных навук (Беларусь).
Ways to increase the living standard of the population of Belarus in the context of the energy carriers’ price rise. Leonid Zlotnikov, Economic Sciences Candidate (Belarus).

3. Українські реалії і білоруські перспективи: уроки, загрози, можливості. Андрій Кирчів, аналітик (Україна).
Украінскія рэаліі і беларускія перспектывы: урокі, пагрозы, магчымасці. Андрэй Кірчыў, аналітык (Украіна).
Ukrainian realities and belarusan prospects: lessons, threats, possibilities. Andrei Kirchiv, analyst (Ukraine).

4. Праблемы рынкавай трансфармацыі Беларусі. Кірыл Коктыш, кандыдат палітычных навук, дацэнт кафедры палітычнай тэорыі МДІМЗ (У) МЗС (Расія).

5. Трансформационные задачи Беларуси. Михаил Маринич, экс-министр внешнеэкономических связей Беларуси, экс-посол Беларуси в Латвии, Эстонии и Финляндии, доктор наук (Беларусь).
Трансфармацыйныя задачы Беларусі. Міхаіл Марыніч, экс-міністр знешнеэканамічных сувязяў Беларусі, экс-амбасадар Беларусі ў Латвіі, Эстоніі і Фінляндыі, доктар навук (Беларусь).

6. Альтернативные источники поставок энергоносителей Беларусь – пиар-акция или реальность Олег Мусловец, директор Интернет-ресурса Агентство финансовых новостей (Беларусь).
Альтэрнатыўныя крыніцы пастаўкі энерганосьбітаў у Беларусь — піяр-акцыя альбо рэчаіснасць? Алег Муславец, дырэктар інтэрнэт-рэсурсу “Агенцтва фінансавых навінаў” (Беларусь)
Alternative sources of energy carriers supply to Belarus – PR action or reality. Oleg Muslovets, Director of Financial News Agency internet resource (Belarus).

7. Паміж Масквой і Бруселем (перспектывы “новай” знешняй палітыкі Беларусі). Уладзімір Роўда, кандыдат філасофскіх навук, дацэнт кафедры паліталогіі ЕГУ (Беларусь)
Between Moscow and Brussels (prospects of Belarus’s new foreign policy). Uladzimir Rouda, Philosophic Sciences Candidate (Belarus).

8. Досвід України у формуванні системи енергетичної безпеки та можливості його застосування в Білорусі. Соскін Олег Ігорович, директор Інституту трансформації суспільства, професор, завідувач кафедри міжнародної економіки та підприємництва Національної академії управління (Україна).
Досвед Украіны ў фармаванні сістэмы энергетычнай бяспекі і магчымасці яго прымянення ў Беларусі. Алег Соскін, дырэктар Інстытута трансфармацыі грамадства, прафесар Нацыянальнай акадэміі кіравання (Украіна)

9. Внутриполитические последствия нефтегазового кризиса. Виктор Чернов, политолог, исполнительный директор ОО “Открытое общество”, Сергей Николюк, политический обозреватель (Беларусь).
Унутрыпалітычныя наступствы нафтагазавага крызісу. Віктар Чарноў, палітолаг, выканаўчы дырэктар ГА “Адкрытае грамадства”, Сяргей Нікалюк, палітычны аглядальнік (Беларусь).
Internal political consequences of the oil-and-gas crisis. Viktar Charnou, political scientist, executive director of PA “Open Society”, Siarhej Nikolyuk, political observer (Belarus).

‹‹ на галоўную | у архіў