Аксіялагічныя і эканамічныя дэтэрмінанты грамадскага выбару Беларусі ў 2007 – 2015 гадах
Леанід Заіка,
кіраўнік аналітычнага цэнтра “Стратэгія”, эканаміст (Беларусь)
Глабальныя выклікі і “нацыянальны адказ”
Беларускі постмадэрн – віртуальны аптымізм
Палітыкі – аптымісты, эканамісты – песімісты. Год 2006-ты не апраўдаў прагнозы песімістаў. Мы бачым, як уся эканоміка прыйшла ў рух, і яго вынікі проста здзіўляюць. Такога прыросту інвестыцый (звыш 30%) у нас наогул ніколі не было.
Наймацнейшыя імпульсы дае знешні рынак, хоць гэта не “наш”, а нафтавы рынак. На ім мы і робім грошы з расійскай сыравіны. На ўнутраным рынку ў 2007 г. назіраецца таксама рост попыту, які ў шэрагу выпадкаў апярэджвае прапанову. Газ і нафта сталі фактарамі стратэгічных рызык для Беларусі.
Эканоміка ў Беларусі стала часткай прапагандысцкага жывапісу. На мой погляд, “афіцыйныя” эканамісты (з дыпломамі або без) сышлі ва ўнутраную эміграцыю. Для іх тое, што адбываецца, – дзіўны постмадэрнізм эканамічнай тэорыі. Ім даводзіцца быць “прэс-аташэ”, каментатарамі з мінімальнымі магчымасцямі ўласнага меркавання.
Статыстыка канстатуе высокі рост паказчыкаў, знешні і ўнутраны рынкі дынамічныя, як ніколі. Лічбы “намотваюцца” на наш эканамічны лічыльнік даволі хутка. У такім становішчы пра аптымізм і нечаканую эйфарыю не трэба думаць.
Але суседнія краіны, сусветны рынак жывуць іншым жыццём. У іх няма нашай самазадаволенасці. Канкурэнцыя ў Расіі, Украіне, краінах ЕЗ прымушае круціцца бізнес і дзяржаўную машыну. Нават калі мы будзем проста капіраваць, то ўсё роўна можам не паспець за развіццём вонкавага свету. Тым больш, што знаходзімся ў становішчы вымушанай самаізаляцыі.
Па дадзеных сацыёлагаў, з’явілася новая тэндэнцыя: тыя, хто працуе ў дзяржаўным сектары, падвысілі, вобразна кажучы, свой “каэфіцыент аселасці”. Так, у Нямеччыне пабываў 81% занятых у недзяржаўным сектары, а сярод прадстаўнікоў дзяржаўнага – усяго 33%. Адпаведна ў Польшчы – 71% і 23%. Для спецыяліста зразумела, што дзяржаўная эліта ператвараецца ў правінцыйны службовы люд. З’явілася і такая рыса, як пагардлівасць да досведу суседніх краін. Калі так пойдзе і далей, можна чакаць рэстаўрацыі тэзісу аб “пакланенні перад Захадам”.
Эгаізм нацыянальных рынкаў – не проста дадзенасць постсавецкага развіцця. Гэта тэндэнцыя сучаснай эканамічнай гісторыі свету. Час мяняць і сваю эканамічную псіхалогію. Вучыцца адстойваць уласныя нацыянальныя эканамічныя інтарэсы.
Аксіялогія беларускага ладу жыцця – прагрэсуючы патэрналізм
Насельніцтва настолькі прывыкла да хуткага росту прыбыткаў, што сярэдняя заработная плата ў $300 не падаецца высокай. Хатнія гаспадаркі перайшлі на спажывецкую мадэль чацвёртай хвалі (кватэры, хаты, аўтамабілі). Ад узроўню ў 17% і вышэй норма зберажэнняў упала да паказчыку ў 4%. Гэта наогул унікальна для Беларусі. Вырас карпаратыўны і агульнанацыянальны патэрналізм; у краіне парушана раўнавага меры працы і меры спажывання. Прырост выдаткаў хатніх гаспадарак у 2 разы перавышае прырост ВУП.
Але гэты патэрналізм супярэчыць рэаліям канкурэнтнай барацьбы ўжо на ўнутраным рынку краіны. У першым паўгоддзі 2006 г. па дадзеных Міністэрства статыстыкі ўдзельная вага тавараў імпартнай вытворчасці склала больш за 29% усіх нехарчовых тавараў на айчынным рынку. Па выніках 4 месяцаў гэтага года паказчык склаў 33,6%.
Выцягванне эканамічнага электарату на раскрутку спажывання мае добрую перспектыву эфектыўнага рабавання краіны карпаратыўнымі групамі, як міжнароднымі, так і ўласнымі неанаменклатурнымі. Беларускі эканамічны электарат марнуе грошы направа і налева і не жадае прызнаваць ніякіх праблем ва ўласнай краі не. Пры гэтым, быццам бы, няма шкоды і інвестыцыям. Яны працягваюць расці і развівацца імклівымі, у параўнанні са звычайнай сітуацыяй, тэмпамі. Хто будзе пярэчыць супраць 24,5% прыросту нацыянальных інвестыцый? Нават пры ўзрастанні знешніх эканамічных пагроз інвестыцыйны працэс знізіўся, але тэмпы яго вышэй за звычайныя ў 2-3 разы. Прымаць трэба да ўвагі і тэмпы зберажэнняў.
Новая канкурэнцыя – удары па непаўнавартаснай, застойнай палітыцы краіны
На рынках ЕЗ беларуская прадукцыя сутыкаецца з жорсткай канкурэнцыяй з боку вытворцаў Паўднёва-ўсходняй Азіі. Пакуль толькі механізм кватавання імпарту тэкстылю, абутку і іншых тавараў утрымлівае аб’ёмы рэалізацыі беларускай прадукцыі ў Еўропе. Гэта выратавала ў 2005 г. беларускія ільняныя вырабы ад экспансіі аналагічнай прадукцыі з Кітая.
Да ўсяго, адсутнічае выразная стратэгія развіцця, напрыклад, галіны лёгкай прамысловасці ў цэлым.
Складанае фінансавае становішча прадпрыемстваў і арганізацый вызначаецца палітыкай коштаўтварэння. Дзяржава цвёрда рэгулюе кошты, то бок усталёўвае адміністрацыйныя кошты на гатовую прадукцыю, сабекошт якой можа павялічвацца ў інтэрвале 0,6-0,8% у месяц. Такая сістэма коштаўтварэння дазваляе “заганяць” інфляцыю ў прагнозны інтэрвал 6-9% у год.
Становішча пагаршаецца з прычыны пралангацыі тэарэтычных памылак беларускага кіраўніцтва. Прыкладам з’яўляецца адсутнасць адэкватнай палітыкі ўласнасці і няроўнасць у механізмах яе рэалізацыі.
Але як стварыць рэальны плюралізм форм уласнасці? Што трэба зрабіць ураду, парламенту? Гэта павінна быць складаная сістэма рэгулявання адносін паміж рознымі сектарамі эканомікі, уласнікамі. Калі ўрад абмяжоўвае доступ да дзяржаўных заказаў прыватным прадпрыемствам – гэта і ёсць парушэнне прынцыпу роўнасці ўласнасці.
Канкурэнтнасць улады ўнутры яе не павінна быць самаразбурэннем стабільнасці і кансістэнтнасці ўлады і кіравання. Такая канкурэнтнасць існавала і існуе, у прыватнасці, у “апаратных гульнях”. Яны маюць месца ў любой краіне, і іх правілы прыкладна аднолькавыя. А вось вынікі могуць адрознівацца істотна. Пры гэтым яны адбіваюцца на развіцці краіны ў цэлым. У часы Л.І. Брэжнева застой у краіне быў “творам” савецкай наменклатуры. У выніку краіна сталася неканкурэнтнай і развалілася пад цяжарам праблем, эканамічных і сацыяльных.
Штосьці падобнае адбываецца і сёння ў Беларусі. Краіна ў свой час не прайшла выпрабаванне на застой. Камуністы Беларусі былі занадта рамантычнымі і ідэйна вытрыманымі. З Масквой і параўноўваць было няварта. Сталіца СССР уяўляла сабою карціну знешняга дабрабыту і адзінства партыі і народа. Аналогіі гэтага мы назіраем сёння ў Беларусі. Адзінства народа і прэзідэнта. Упэўненасць у заўтрашнім дні, якая падмацоўваецца высокімі коштамі на расійскую нафту і нізкімі на газ. Чырвона-зялёныя сцягі і моладзевыя лідэры, якія ўмеюць пераймаць сваіх сталых кіраўнікоў.
Канкурэнтнасць улады неабходная па той простай прычыне, што гэта дае шанец на яе змяняльнасць. Прыход больш актыўнай і больш падрыхтаванай эліты. Не толькі палітычнай, але і эканамічнай.
Лёс беларускай наменклатуры склаўся не зусім удала. Новы палітычны клас у больш або менш выразнай форме яшчэ не сфармаваўся, але тое, што раённыя эліты выцеснілі сталічныя з працэсу прыняцця рашэнняў, сумненняў не выклікае. Такі “метад” быў натуральны для беларускага прэзідэнта, які інтуітыўна (і не толькі) адчуваў пагрозу з боку прадстаўнікоў старой палітычнай і гаспадарчай улады. Частка наменклатуры перайшла ў апазіцыю, што выклікала яшчэ большую лютасць новага палітычнага класу краіны. Другая частка паступова стварае свае ўласныя арэалы застою. Невыпадкова ў Беларусі актуалізаваўся тэзіс пра дэбюракратызацыю. Гэта варыянт ціску на бюракратыю з боку галоўных кантралёраў улады. Дамагчыся дэбюракратызацыі рукамі саміх бюракратаў – гэта тое ж самае, што высекчы розгамі самога сябе.
Варыянты і інварыянты
Адмысловай праблемай развіцця ў ХХІ стагоддзі становіцца распрацоўка т. зв. крытычных тэхналогій. Пад імі маюцца на ўвазе такія новыя тэхналогіі, якія выводзяць з вытворчасці наяўныя тэхналогіі. Новыя “памежныя тэхналогіі” распрацоўваюцца ўсё з большай хуткасцю.
Такім малым краінам, як Беларусь няма магчымасці ўдзельнічаць у стратэгічных распрацоўках “вялікай навукі” сусветнага ўзроўню. Мы знаходзімся ў іншым класе краін – маленькая адкрытая эканоміка. Таму для нас хуткасць адаптацый з’яўляецца галоўнай характарыстыкай стратэгіі нацыянальнага тыпу развіцця.
Што ж больш падыходзіць нам? Частка палітыкаў лічыць: сацыяльныя каштоўнасці і імператывы сацыяльнай абароны глыбока ўкараніліся ў беларускім грамадстве. Яно сапраўды “зацыклілася” на гэтым у пачатку і сярэдзіне 90-х гг. Але затым рост ВУП і прыбыткаў зрабіў людзей больш самастойнымі і ўпэўненымі.
Зараз акцэнт у развіцці краіны можа быць перанесены з вядомай сацыяльнасці на эканамічную эфектыўнасць. Зараз важна вывучэнне досведу Кітая і краін Азіі, якія лідзіруюць у развіцці канкурэнтаздольнасці. Мы можам узяць у іх некалькі пазіцый: максімальная прагматызацыя ў арганізацыі эканамічнага жыцця, хуткасць рашэння “дробных праблем” развіцця прыватнага і дзяржаўнага бізнесу. Добры эфект дае зніжэнне ўзроўню дзяржаўнага ўмяшання ў эканоміку. Пазітыўна ўздзейнічае і зніжэнне ўдзельнай вагі бюджэту ў ВУП.
Зараз ствараецца новая эканамічная сістэма – “эканоміка ведаў”. Што яна дае? Па ацэнках спецыялістаў ЕЗ, кожны дадатковы год адукацыі ў краіне прыносіць на 6,2% павелічэння агрэгатаў прадукцыйнасці. У Беларусі тармажэнне адукацыі выклікана малой запатрабаванасцю яе на прадпрыемствах старых тэхналагічных узораў. Але развіццё адбываецца. Прычым за кошт сваіх уласных інвестыцый.
Асноўная нагрузка бізнес-эліты можа быць прадстаўленая ў выглядзе арганізаваных высілкаў па стварэнні дзелавога клімату ў краіне. Што варта чакаць ад іх, а што не атрымаецца?
1. Мы можам аптымізаваць заканадаўства з дапамогай дзелавых кругоў. Яны будуць выконваць ролю актыўнага асяродку, не проста выканаўцаў законаў, а “рэактыўнай часткі” працэсу выканання.
2. Прыняцце эканамічнай канстытуцыі можа быць галоўным крокам па сістэматызацыі адпаведных законаў і рашэнні праблем дваістай трактоўкі.
3. Дзелавая эліта сама фармулюе рацыянальныя формы і метады адносін з дзяржаўнымі органамі.
4. Прыватная ўласнасць і нацыянальныя эканамічныя інтарэсы інтэгруюцца ў сістэму заахвочвання развіцця нацыянальнай вытворчасці.
Трэба разумець, што многае і не атрымаецца. Бізнес можа не паспець сябе артыкуляваць ва ўмовах узмацнення жорсткасці знешняй канкурэнцыі. У пэўнай ступені мы запазніліся з развіццём буйной нацыянальнай дзелавой супольнасці. Урад ускладаў і ўскладае надзеі на 117 прадпрыемстваў, якія лічыць для сябе апорнымі ў атрыманні бюджэтных сродкаў, у развіцці нацыянальнай эканомікі. Гэта – праява слабасці ў развіцці ўнутранай канкурэнцыі і стварэнні новых сфер вытворчасці, новых эканамічных суб’ектаў.
Як і колькі нарошчваць прыватны сектар у эканоміцы краіны? Фармаванне актыўнага інвестыцыйнага і дзелавога асяродку будзе стымуляваць рост сегментаў прыватнай уласнасці ў розных рынкавых палях. У тым ліку і ў інавацыйным сектары краіны.
Палітыка змен і змены палітыкі
Беларускае кіраўніцтва цяжка назваць адной камандай. Дакладней, наменклатура ўзваліла на прэзідэнта ўсё, што магла. Узамен – партрэты прэзідэнта ў кабінетах… Аднак ёсць і мацнейшыя хады. Назавем некаторыя з іх, лічачы, што першы крок ужо зроблены.
Другі крок, які можа зрабіць кіраўнік дзяржавы, – заняцца прафесійнай адукацыяй ураду і службоўцаў вертыкалі. Потым экзаменаваць па найважнейшых прадметах: сусветнай эканоміцы, менеджменце, макраэканоміцы, тэорыі прыняцця рашэнняў, сацыяльнай палітыцы.
Трэці крок – “эканоміка развіцця” . Эканоміка развіцця адрозніваецца ад механічнага прыросту паказчыкаў, гэта новыя праекты і новыя інвестыцыі ў нетрадыцыйныя для Беларусі кластары эканомікі. Да прыкладу, будаўніцтва новага аўтамабільнага завода легкавых машын і пазадарожнікаў.
Нашым полісімэйкерам можна прыняць да ўвагі тое, што 3 кластары эканомікі з’яўляюцца перадавымі: (1) нафтахімія, (2) фармацэўтыка, (3) інфарматыка і камунікацыі.
Чацвёрты крок – “эканамічная дэмакратызацыя”. Беларускі дэмакратычны праект можа адбыцца ў эканамічнай сферы. Сутнасць яго ў развіцці кіравання на ўзроўні прадпрыемства, рэгіёна, краіны. Гэта – інстытуцыянальны варыянт. Ёсць і чыста прыкладны – фармаванне сістэмы самакіравання на дзяржаўных прадпрыемствах. Як у Нямеччыне, Швецыі і шэрагу еўрапейскіх краін.
Частка другая. “Беларускі выклік” – “дэмакратычны адказ”
Аналіз сітуацыі ў эканоміцы і грамадстве дае падставы лічыць, што “дэмакратычны адказ” на зменлівую сітуацыю павінен быць канструктыўным. У першую чаргу не варта канцэнтравацца на негатыве. Гэта нязвыкла для барацьбітоў за справу дэмакратычнай будучыні. Але жыццё ў краіне змянілася, павінна змяняцца і палітычная тактыка.
Канструктыўны падыход уключае пазітыўнасць мэтаў і дзеянняў. Не руйнуючы дасягнутага беларускім грамадствам. Не трэба выкідваць з жыцця краіны актыўнасць бізнесу ў стварэнні новых вытворчасцяў, працоўных месцаў, інвестыцыйную дынаміку, што перавышала 30% гадавога прыросту і інш.
Задача ў тым, каб зрабіць тое, што ўлада не змагла ў сілу ідэалагічнага выбару, падазронасці, слабай інфармацыйнай і прафесійнай падрыхтаванасці ў дачыненні да новых эканамічных тэхналогій. На жаль, беларускі ўрад не з’яўляецца перадавой камандай полісімэйкераў краіны. Такога кшталту адставанне асабліва заўважна пры супастаўленні персанальных прафесійных якасцяў нашых міністраў і іх расійскіх калегаў.
У спектры новых выклікаў Беларусі ёсць зыходная аснова. Гэта – выклік адпаведнасці заяўленай ролі беларускай эліты, што знаходзіцца ва ўладзе, рэальным здольнасцям і патэнцыялу дасягнення нацыянальна важных мэтаў.
У прапануемай аўтарскай версіі праграматыкі вызначаецца 7 асноўных выклікаў Беларусі.
Выклікі Беларусі
1. Знешняя і ўнутраная адкрытасць краіны – дасягненне рэальнай адкрытасці і ўваходжанне ў рэгіянальныя дэмакратычныя супольнасці. Адкрытасць краіны рэалізуецца ў сталым здыманні бар’ераў, як эканамічных, так і палітычных.
2. Вартасная дылема: эканамічная эфектыўнасць – сацыяльная справядлівасць. Гэты выклік вырашаецца на ўзроўні грамадства і асобных людзей. Суседнія краіны адказ на яго ўжо далі, Беларусь засталася ў рамках патэрналізму, абмежаванай волі і адказнасці.
3. Энергетычны і эканамічны суверэнітэт, які пакуль выступае ў якасці самага актуальнага выкліку.
4. Геаэканамічная і геапалітычная стратэгічная арыентацыя. Пакуль у Беларусі заўважны парадаксальны дысбаланс усходняга і заходняга вектараў развіцця краіны.
5. Канкурэнтнасць на знешніх рынках і на ўнутраным рынку.
6. Якасць жыцця і развіццё актыўнай прыватнай эканомікі.
7. Здольнасць стварыць новую эканоміку – “эканоміку ведаў”. Іншага шляху ў Беларусі няма. Быць проста “адвёрткавай” краінай – правал нацыянальнай ідэі.
Калі правесці рэйтынг кароткатэрміновых выклікаў, то на першы план можна паставіць два самых неадкладных. Гэта – энергетыка і канкурэнцыя.
Энергетычны выклік.
Энергетычны і эканамічны суверэнітэт.
У цяперашняй сітуацыі ўлада спрабуе даць адказ на выклік. Што адбудзецца пры такіх дзеяннях, калі гаворка ідзе пра часовыя меры, “пажарныя” сродкі? Наступствы аператыўнага ўмяшання выяўляюцца ў наступным:
* Узмацненне “мабілізацыйнай эканомікі”.
* Пераход да “галоднага пайку” НПЗ і пераход да мабілізацыйных мераў.
* Імпарт нафты з Ірана, Венесуэлы і Азербайджана.
або
* Заключэнне дамоў з расійскімі алігархамі аб продажы НПЗ і іншага “фамільнага срэбра”.
* Поўнае прыняцце ўсіх “расійскіх умоў”.
* Здача пазіцый па шырокім коле палітычных пытанняў.
Такім чынам, гэты выклік азначае праверку на трываласць усёй краіны.
Цяперашняя ўлада досыць хутка ўсвядоміла важнасць дадзенага выкліку. Ліхаманкавыя пошукі сяброў у Азербайджане, Іране і Венесуэле далі першыя вынікі. Мы атрымалі магчымасць распрацоўваць нафтавыя радовішчы ў гэтых краінах. Чаго не атрымлівалася дасягнуць у адносінах з Расіяй.
Разам з энергетычным, аб’ектыўна ўзрастае значнасць канкурэнтнага выкліку. Зніжэнне нацыянальнай канкурэнтаздольнасці мела месца ўсе апошнія гады. Дзіўная няўдача кіраўніцтва краіны складалася ў тым, што мы не здолелі напоўніцу выкарыстаць наступствы расійскага дэфолту ў 1998 г. Больш таго, у пачатку гэтага дзесяцігоддзя Беларусь пачала губляць шэраг традыцыйных знешніх рынкаў.
Канкурэнтны выклік.
* Уступ Расіі ў СГА і пагаршэнне пазіцый беларускага экспарту.
* Коштавая канкурэнтнасць беларускіх тавараў – цукру, малака, мясапрадуктаў.
* Новыя кошты на энергарэсурсы і рост выдаткаў – развіццё інфляцыйных працэсаў.
* Падзенне экспарту і зніжэнне валютных паступленняў.
* Страта ўнутранай канкурэнта-здольнасці.
Новая сітуацыя – умовы фармавання альтэрнатывы
* Крах “беларускага эканамічнага цуду”.
* Палітычныя і геапалітычныя змены.
* Нуліфікацыя ранейшай эканамічнай палітыкі.
* Змена груп уплыву ў лабісцкай наменклатуры.
* Пераход да рацыянальных метадаў эканамічнай палітыкі.
* Прагматызацыя сацыяльнай рэчаіснасці ў шырокім кантэксце.
У новай сітуацыі важныя новыя прыярытэты і мэты дзеянняў. Цалкам актуальныя такія прыярытэты, як:
* эканамічны і палітычны суверэнітэт;
* адкрытасць грамадства і эканомікі;
* прафесіяналізм эканамічнай і сацыяльнай палітыкі;
* новыя тэхналогіі эканамічнага і грамадскага жыцця;
* нацыянальныя інтарэсы і адзінства грамадства і дзяржавы;
* прыярытэт чалавека і яго вектараў волі ў эканоміцы і грамадстве;
* будучыня краіны як нацыянальная ідэя;
* гуманізм і правы асобы як безумоўная каштоўнасць і палітыкі, і практыкі штодзённасці.
У гэтых фармулёўках няма прамых выпадаў “супраць”. Змагацца варта не “супраць”, а “за”. Што і складзе “знешнюю частку” канструктыўнай альтэрнатывы. Тэзіс “за” актыўна быў скарыстаны беларускай наменклатурай у кампаніі сакавіка 2006 г. Гэта было тэхнічна правільна, але па сутнасці ў кіруючага класа нічога не атрымалася. Падзел грамадства адбыўся па лініі ўлада – народ.
Якія прыярытэты ў эканамічнай і сацыяльнай палітыцы варта непасрэдна вылучыць з улікам сітуацыі і нарастання крызісных працэсаў?
* Мабілізацыя рэсурсаў грамадства і інтэлекту нацыі ў дасягненні энергетычнай незалежнасці.
* Абмежаванне выдаткаў дзяржаўнага бюджэту. Першапачаткова неабходнае скарачэнне выдаткаў на 15%, што і дае эканомію для аплаты энергавыдаткаў.
* Замарожванне зарплаты службоўцаў і дзяржаўных службоўцаў. Скарачэнне апарата міністэрстваў і канцэрнаў.
* Зняцце адміністрацыйных бар’ераў у працы дзяржаўных і прыватных прадпрыемстваў – рэгістрацыя, ліцэнзаванне, справаздачнасць.
* Ажыццяўленне актыўнай антыінфляцыйнай палітыкі. Падвышэнне канкурэнтнасці на знешнім рынку.
* Новая палітыка падаткаў і прыбыткаў. Правядзенне хуткай падатковай рэформы і поўны пераход да простых і ясных электронных форм уліку і справаздачнасці.
* Палітыка стварэння эфектыўных працоўных месцаў, уключаючы рэструктурызацыю занятасці як неадкладную меру мадэрнізацыі краіны.
* Новая карпаратыўная прамысловая і аграрная палітыка, якая ў сваёй сутнасці падтрымлівае нацыянальнага вытворцу ва ўзгодненых дзеяннях у сферы занятасці, мадэрнізацыі, коштавай палітыкі і палітыкі прыбыткаў.
Першыя 7 крокаў
Ці будзе змяняцца сітуацыя ў краіне? Пытанне цікавае, асабліва ў кантэксце палітыкі Крамля, які акуратна і мэтанакіравана праводзіць “перадпродажную падрыхтоўку” Беларусі. Спачатку – нафта, каб прыбраць расійскае фінансавае мецэнацтва. Затым – цукар. Асноўны ўдар – мяса і малако. Выключэнне гэтых тавараў з экспарту ў Расію – галоўны ўдар па 118 раёнах Беларусі, што па дырэктывах з Мінска нарошчваюць вытворчасць прадуктаў харчавання, якія нам у такіх аб’ёмах не патрэбныя. Ды і дорага, асабліва ў параўнанні з Польшчай, Літвой і Украінай.
Што ж рабіць? “Спецплан” прапаноўваць рана, але пачынаць папярэднія распрацоўкі ўжо мае сэнс. Гаворка ідзе пра тое, якія меры ў дачыненні да партнёраў Беларусі варта прымаць, якія рэсурсы супрацоўніцтва можна ўключаць у механізмы новай эканамічнай і сацыяльнай палітыкі. Контурнае пазначэнне першых крокаў і канструктыўных дзеянняў варта рабіць ясна і проста. Зыходная пазіцыя – канструктыўная альтэрнатыва.
Апорнымі тэзісамі такой альтэрнатывы становяцца зыходныя прынцыпы:
* палітычная і эканамічная дэмакратыя;
* дыялог сацыяльных груп грамадства: аснова – нацыянальна-дзяржаўныя інтарэсы;
* новы нацыянальны праект – “канструктыўная Беларусь”;
* нацыянальная “адкрытая эканоміка” – адзінства мэты і сродкаў;
* эфектыўная рэструктурызацыя вытворчасці – рост элементаў новай эканомікі;
* “уласнасць для ўсіх” – дзяржаўная палітыка заахвочвання развіцця ўласнасці ў грамадзян краіны;
* адміністрацыйная рэформа і рэальная дэбюракратызацыя.
Неадкладныя меры па пераадоленні негатыўных сацыяльна-эканамічных працэсаў у Беларусі:
1. Стварэнне “Нацыянальнай Эканамічнай Рады” як ураду, што выконвае функцыі крызіснага кіраўніка. Усталяванне рэжыму адкрытасці інфармацыі пра становішча ў краіне і развіццё дыялогу ў грамадстве.
2. Забарона “паскоранага распродажу” дзяржаўнай уласнасці (часткова праз пакеты акцый, прама пад выглядам прыватызацыі).
3. Захаванне ўзроўню жыцця насельніцтва шляхам актыўнай палітыкі заахвочвання занятасці, рэструктурызацыі, новых прыбыткаў, асабліва ў сферы самастойнай дзелавой актыўнасці.
4. Стабілізацыя беларускага рубля і ўвядзенне абмежаванняў па грашовай эмісіі і павелічэнні грашовай базы. Забеспячэнне захаванасці назапашванняў прадпрыемстваў і грашовых укладанняў за кошт падтрымання рэальнай дадатнай стаўкі працэнта. Абмежаванне інфляцыйных працэсаў, асабліва ў прамысловым сектары, уключаючы метады і інструменты інавацыйнай і падатковай палітыкі. Увядзенне працэдур санацыі прадпрыемстваў і іх рэструктурызацыі.
5. Увядзенне рэжыму эканомікі і рацыяналізацыі бюджэтных выдаткаў. Скарачэнне агульных выдаткаў дзяржаўнага бюджэту на 15%. Замарожванне заработнай платы на 18 месяцаў для бюджэтных арганізацый і дзяржаўных прадпрыемстваў.
6. Адмена ўсіх абмежаванняў развіцця малога і сярэдняга бізнесу. Рэалізацыя “Нацыянальнай платформы бізнесу Беларусі”, заахвочванне фармавання ўласнасці ва ўсіх катэгорый грамадзян Беларусі. Продаж або перадача ў лізінг стратных прадпрыемстваў нацыянальнаму бізнесу, грамадзянам і дзелавым структурам краіны.
7. Падрыхтоўка і ўвядзенне ў дзеянне “Эканамічнай Канстытуцыі” Беларусі як замацавання адаптацыйнай фазы і пачатак сістэматычнага фармавання “новай эканомікі”.
Сэнс гэтых дзеянняў у тым, каб спыніць нарастанне крызісных працэсаў. Мэта – стварэнне асноў яснай нацыянальнай эканамічнай і сацыяльнай палітыкі. Пры гэтым пачынаць трэба з эканоміі, а не з пазыкаў, не з продажу нацыянальнай уласнасці.
У цэлым, аснова праграмных дзеянняў вызначаецца такім чынам. Спачатку – адаптацыйная фаза неадкладных мер. Затым – разгортванне прынцыпаў эканамічнай палітыкі па пазначаных 7 кірунках. Затым – прыняцце “Эканамічнай Канстытуцыі” і рух да “новай эканомікі”. Гэты рух па развіцці новых канструкцый эканомікі будучыні можна пачаць да канца 2008 г.
Ці стане новая эканамічная палітыка прарывам у будучыню? Вядома, калі хопіць палітычнай волі на ажыццяўленне прагматычных дзеянняў. Сутнасць “беларускай сітуацыі” ў тым, што цяперашняя кіруючая эліта не можа рэалізаваць патэнцыял беларускага грамадства. За высокімі лічбамі валавых паказчыкаў стаяць праблемы рэсурсаў і збыту.
Монакратычны этап жыцця краіны павінен стаць гісторыяй. Новая эканамічная палітыкай ёсць і будзе палітыка развіцця ўласнага “эканамічнага класу”, сваіх “самастойных” людзей.
Эканамічныя і палітычныя перспектывы Беларусі ва ўмовах рынкавай эканомікі
9—10 чэрвеня 2007 г.
Тэзісы
1. Аксиологические и экономические детерминанты общественного выбора Беларуси в 2007 – 2015 годах. Леонид Заико, руководитель аналитического центра “Стратегия”, экономист (Беларусь).
Аксіялагічныя і эканамічныя дэтэрмінанты грамадскага выбару Беларусі ў 2007 – 2015 гадах. Леанід Заіка, кіраўнік аналітычнага цэнтра “Стратэгія”, эканаміст (Беларусь).
2. Возможности повышения уровня жизни населения Беларуси в условиях роста цен на энергоносители. Леонид Злотников, кандидат экономических наук (Беларусь).
Магчымасці павышэння ўзроўню жыцця насельніцтва Беларусі ва ўмовах росту коштаў на энерганосьбіты. Леанід Злотнікаў, кандыдат эканамічных навук (Беларусь).
Ways to increase the living standard of the population of Belarus in the context of the energy carriers’ price rise. Leonid Zlotnikov, Economic Sciences Candidate (Belarus).
3. Українські реалії і білоруські перспективи: уроки, загрози, можливості. Андрій Кирчів, аналітик (Україна).
Украінскія рэаліі і беларускія перспектывы: урокі, пагрозы, магчымасці. Андрэй Кірчыў, аналітык (Украіна).
Ukrainian realities and belarusan prospects: lessons, threats, possibilities. Andrei Kirchiv, analyst (Ukraine).
4. Праблемы рынкавай трансфармацыі Беларусі. Кірыл Коктыш, кандыдат палітычных навук, дацэнт кафедры палітычнай тэорыі МДІМЗ (У) МЗС (Расія).
5. Трансформационные задачи Беларуси. Михаил Маринич, экс-министр внешнеэкономических связей Беларуси, экс-посол Беларуси в Латвии, Эстонии и Финляндии, доктор наук (Беларусь).
Трансфармацыйныя задачы Беларусі. Міхаіл Марыніч, экс-міністр знешнеэканамічных сувязяў Беларусі, экс-амбасадар Беларусі ў Латвіі, Эстоніі і Фінляндыі, доктар навук (Беларусь).
6. Альтернативные источники поставок энергоносителей Беларусь – пиар-акция или реальность Олег Мусловец, директор Интернет-ресурса Агентство финансовых новостей (Беларусь).
Альтэрнатыўныя крыніцы пастаўкі энерганосьбітаў у Беларусь — піяр-акцыя альбо рэчаіснасць? Алег Муславец, дырэктар інтэрнэт-рэсурсу “Агенцтва фінансавых навінаў” (Беларусь)
Alternative sources of energy carriers supply to Belarus – PR action or reality. Oleg Muslovets, Director of Financial News Agency internet resource (Belarus).
7. Паміж Масквой і Бруселем (перспектывы “новай” знешняй палітыкі Беларусі). Уладзімір Роўда, кандыдат філасофскіх навук, дацэнт кафедры паліталогіі ЕГУ (Беларусь)
Between Moscow and Brussels (prospects of Belarus’s new foreign policy). Uladzimir Rouda, Philosophic Sciences Candidate (Belarus).
8. Досвід України у формуванні системи енергетичної безпеки та можливості його застосування в Білорусі. Соскін Олег Ігорович, директор Інституту трансформації суспільства, професор, завідувач кафедри міжнародної економіки та підприємництва Національної академії управління (Україна).
Досвед Украіны ў фармаванні сістэмы энергетычнай бяспекі і магчымасці яго прымянення ў Беларусі. Алег Соскін, дырэктар Інстытута трансфармацыі грамадства, прафесар Нацыянальнай акадэміі кіравання (Украіна)
9. Внутриполитические последствия нефтегазового кризиса. Виктор Чернов, политолог, исполнительный директор ОО “Открытое общество”, Сергей Николюк, политический обозреватель (Беларусь).
Унутрыпалітычныя наступствы нафтагазавага крызісу. Віктар Чарноў, палітолаг, выканаўчы дырэктар ГА “Адкрытае грамадства”, Сяргей Нікалюк, палітычны аглядальнік (Беларусь).
Internal political consequences of the oil-and-gas crisis. Viktar Charnou, political scientist, executive director of PA “Open Society”, Siarhej Nikolyuk, political observer (Belarus).
|