“Славутыя асобы Беларусі” на сядзібе Партыі БНФ

Ад учарашняга дня ў сядзібе Партыі БНФ працуе мастацкая выстава “Славутыя асобы Беларусі”. 10 графічных і 30 літаграфічных партрэтаў да ўвагі гледачоў прапанавалі мастакі Зміцер Шапавалаў, Валянцін і Лілія Варэцы. На палотнах вядомыя гістарычныя постаці: Ефрасіння Полацкая, Барбара Радзівіл, Тадэвуш Касцюшка, Мікола Гусоўскі і іншыя.

Гукамі дуды імпрэзу распачаў вядомы музыка-дудар Пан Скіргайла. Затым слова ўзяў адзін з мастакоў Зм. Шапавалаў: “Я лічу, што, на жаль, у нас у краіне не ўсе ведаюць сваю гісторыю. І я вырашыў, што чым змагу – запоўню гэты прабел”.

Мастакі Валянцін і Лілія Варэцы, якія стварылі галерэю партрэтаў ад Гусоўскага да Касцюшкі, паводле свайго паходжання украінец і татарка. З прыходам цяперашняй улады эмігравалі ў Аўстралію.

Гаворыць старшыня культурніцкай камісіі партыі БНФ Франак Вячорка: “Тыя людзі, якія адлюстраваныя на карцінах, яны пакінулі след не толькі ва ўласным жыцці, але і ў жыцці краіны, у жыцці нацыі, беларусаў. Я лічу, што гэтыя людзі ёсць адлюстраваннем, што сёння мы маем сваю гісторыю і аргументам супраць тае палітыкі, якую праводзіць Лукашэнка”.

Паводле Радыё “Свабода” (www.svaboda.org)

‹‹ на галоўную | у архіў