У Мінску 10 верасня адбудзецца мітынг прадпрымальнікаў
Мінгарвыканкам дазволіў прадпрымальнікам з рэчавых і харчовых рынкаў правесці 10 верасня мітынг на плошчы Бангалор. Заяўленая колькасць удзельнікаў – 500 чалавек. Ініцыятар акцыі, пачатак якой а 12-й гадзіне – грамадскае аб’яднанне “Перспектыва”.
Лідэр “Перспектывы” Анатоль Шумчанка паведаміў, што на мітынгу будзе абмяркоўвацца рэзалюцыя пратэсту прадпрымальнікаў на неабгрунтавана жорсткія патрабаванні прэзідэнцкага ўказу № 302.
“Паводле ўказу нумар 302, – заявіў А. Шумчанка, – індывідуальныя прадпрымальнікі павінны перайсці ва ўнітарныя прадпрыемствы. Асаблівасцю гэтага ўказу з’яўляецца тое, што юрыдычны адрас трэба будзе рэгістраваць па месцы жыхарства. І самае галоўнае – уласнік такога жылога памяшкання не можа перашкаджаць правядзенню праверак, рэвізіяў фінансавай дзейнасці і г.д.
Фактычна гэта дае магчымасць кантрольным органам міліцыі, падатковай інспекцыі, камітэту дзяржкантролю прыходзіць у кватэры і патрабаваць дакументы, шукаць тавар і г.д. Калі раней трэба было санкцыю браць у пракурора – цяпер, калі ласка, ёсць 302 указ”.
Паводле Радыё “Свабода” (www.svaboda.org)
|