Сёння спаўняецца 10 гадоў “Маладому фронту”

Сёння спаўняецца 10 гадоў арганізацыі “Малады Фронт”. 6 верасня 1997 г. у Мінску адбыўся ўстаноўчы сход аб’яднання. Першыя некалькі гадоў “Малады фронт” дзейнічаў пры партыі Беларускі народны фронт, зараз арганізацыя – цалкам самастойная структура.

Павал Севярынец распавёў (адзін з першых лідэраў “МФ”): “Калі пачынаўся “Малады фронт” гэта быў проста стыхійны рух супраць уціску, дыктатуры, за незалежнасць Беларусі. Але пачынаючы ад 2000 г. “Малады фронт” склаўся ў самастойную палітычную сілу, якая вызначыла лозунг для новага пакалення беларускага Адраджэння – “Нацыянальная ідэя і хрысціянскія прынцыпы”. Менавіта вера ў Бога і любоў да Беларусі дазволілі маладафронтаўцам стаць лідэрам у сённяшнім маладзёвым дэмакратычным руху Беларусі і вытрымаць тыя рэпрэсіі, якія рэжым бесперапынна ўжываў супраць беларускай моладзі”.

За час існавання арганізацыі было больш за 2500 выпадкаў затрыманняў, арыштаў, збіцця, завядзення крымінальных справаў на “маладафронтаўцаў”. П. Севярынец адбыў пакаранне на хіміі за арганізацыю вулічных акцый пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў і рэферэндуму 2004 г.

На дадзены момант у турме знаходзіцца лідэр “Маладога фронту” Зміцер Дашкевіч, ён быў асуджаны на 1,5 гады калоніі за “дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі”. На два гады папраўчых працаў за палітычнае графіці быў пакараны Артур Фінкевіч. 12 верасня павінен адбыцца суд па крымінальнай справе баранавіцкага актывіста “Маладога фронту” Яраслава Грышчэні.

Паводле “Польскага радыё для замежжа” (http://www.polskieradio.pl/zagranica/by/)
 і Радыё “Свабода” (www.svaboda.org)

‹‹ на галоўную | у архіў