Н. Гілевіч: “Не, песня мая ім не трэба, імя маё ім не трэба, асоба мая не трэба”
Паэтычная вечарына народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча адбылася ўчора. Каб пачуць вершы, погляды паэта на сучасныя беларускія падзеі на сядзібу партыі БНФ сабралася моладзь.
Паэт прыпыніўся на стане сучаснай літаратуры. Па яго словах, сёння выходзяць сотні тысячаў кніжак, але шмат сярод іх падробак пад сапраўдную літаратуру. “За ўсё жыццё чалавек можа прачытаць 3000 тамоў кніг. Я вас Богам малю, не трацьце час на пустое чытанне”, – звярнуўся да моладзі паэт.
Н. Гілевіч шмат чытаў вершаў, і з апошніх зборнікаў, і з тых, што былі выдадзены 12, 25 год таму. Нагадаў ён і маладым чытачам пра свае песні “Вы шуміце, бярозы”, “Палыновая ростань”, “Шлях да Беларусі” і інш. З горыччу сказаў паэт пра тое, што ягоныя песні зараз цяжка пачуць у Беларусі ў эфіры: “Не, песня мая ім не трэба, імя маё ім не трэба, асоба мая не трэба”, – з горыччу зазначыў народны пісьменнік.
Адказваючы на пытанне Ніл Гілевіч выказаўся пра ўнесеныя змены ў школьныя праграмы па беларускай літаратуры: “Нічога разумнага ў гэтым я не бачу. Трэба, каб у школе, універсітэце, вывучалі ўсё самае таленавітае. І не глядзелі на тое, хто якія палітычныя погляды мае. Нельга так абыходзіцца з нашай літаратурай, нельга так абыходзіцца з нашымі літаратарамі. Крыўдна! Бо замяняюць сапраўдную літаратуру так званымі літаратурнымі паддзелкамі”. Паэт выказаў надзею, што не за гарамі той час, калі нашы дзеці будуць вывучаць літаратуру па яе лепшых узорах.
Вялікі сумнеў выказаў Н. Гілевіч і пра прапанову пра працу літаратарамі толькі з адпаведнай адукацыяй: “Прафесійных літаратараў у літаратуры не так многа. Пражыць з літаратурнай працы вельмі цяжка”. Ён распавёў, што сам заўсёды казаў, што ягоная асноўная праца – педагог. “З вершаў хлеба есці не будзеш, – заўважыў народны паэт. – Смешнавата гэта ўсё, што нехта дасць гарантыі і будзе пастаўляць патрэбную, якасную літаратуру”.
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
|