80-годдзе Алеся Адамовіча дзяржава “забыла”

Ніякіх урачыстасцяў з нагоды 80-годдзя знанага пісьменніка, кінасцэнарыста і грамадcкага дзеяча сёння не запланавана. Не выдадзена ў дзяржаўных выдавецтвах новых кнігаў Алеся Адамовіча, не ўшанаванае імя пісьменніка ў назвах ніводнай вуліцы ў мясцінах, звязаных з ягоным жыццём, па-ранейшаму чакае музейнай экспазіцыі яго родная хата ў вёсцы Глуша, што на Бабруйшчыне. Хоць пісьменнік пайшоў з жыцця ўжо трынаццаць гадоў таму.

Трэба адразу агаварыцца, што сённяшняя дата афіцыйная, замацаваная ў даведніках і энцыклапедыях. Яна была і ў пашпарце пісьменніка, але насамрэч А. Адамовіч нарадзіўся ў іншы дзень і год, сказала дачка Наталля: “Ён з 1926 г. Мы ў мінулым годзе самі для сябе сям’ёй адзначылі 80-годдзе. А яшчэ і месяц іншы – не 3 верасня, а 3 жніўня дата нараджэння”.

Блытаніна з годам, кажа спн. Наталля, зробленая маці будучага пісьменніка наўмысна, каб непаўнагадовага не пагналі немцы пад час вайны на прымусовыя працы ў Нямеччыну. А з месяцам – невядома чаму так. Спн. Наталля прыгадвае, што дома заўжды адзначалі дзень народзінаў А. Адамовіча 3 жніўня: “Усё жыццё мы святкавалі дома 3 жніўня. А 3 верасня – гэта ўжо афіцыйнае было святкаванне. На 60 гадоў, памятаю, у Глушу ездзілі, там яму адсвяткавалі тады шырока – у клубе, у школе было свята, ёсць фотаздымкі, фільмы адтуль”.

Да 80-годдзя ніякіх урачыстасцяў у Глушы не будзе, хоць мясцовае начальства з году ў год абяцае стварыць там музей знакамітага земляка-пісьменніка. Даходзіць, распавядае спадарыня Наталля, да анекдотаў: “У мінулым годзе, калі “Дажынкі” ладзіліся ў Бабруйску, то начальства пабаялася, што іх удзельнікі будуць ехаць праз Глушу. І мяне папрасілі, каб я наняла спонсарамі мясцовых жыхароў і пафарбавалі хату, каб зрабілі, так бы мовіць, знешні добры выгляд”.

Цяпер пафарбаваная хата стаіць зачыненая. Спн. Наталля звярнулася да Магілёўскіх абласных уладаў з просьбаю паскорыць стварэнне ў Глушы музея А. Адамовіча: “Яны і не адмаўляюцца: кажуць, што можа ў наступным годзе яны закладуць грошы пад гэта ў бюджэт”.

На расійскім тэлеканале “Культура” сёння будзе паказаны новы дакументальны фільм паводле апошніх нататнікаў Алеся Адамовіча “Падарожжа з Мінску ў Маскву і назад”, які зняла вядомая беларуская кінадакументалістка Галіна Адамовіч. А на беларускім тэлеканале “Лад” анансаваны на сёння фільм Сяргея Агеенкі “Адкрыцьцё”, паводле апошняй кнігі Адамовіча пра Чарнобыль “Імя гэтай зорцы палын…”

Літаратурная прэмія імя Алеся Адамовіча, якую штогод у гэты дзень уручае Беларускі ПЭН-цэнтр, сёлета ўручаная яшчэ ў студзені. Яе лаўрэатам стаў Павал Севярынец за кнігу “Лісты з лесу”, якая тады яшчэ існавала толькі ў “нашаніўскім” газетным варыянце, а яе аўтар адбываў пакаранне на прымусовых працах на лесапавале.

Паводле Радыё “Свабода” (www.svaboda.org)

‹‹ на галоўную | у архіў