Штраф за беларускую мову
Сяргей Сямёнаў атрымаў штраф блізу 500 даляраў толькі за тое, што папрасіў бланк мытневай дэкларацыі і адмовіўся запаўняць яе на рускай мове.
30 жніўня 2007 г. у судзе Цэнтральнага раёна Гомеля суддзя Марына Дамненка цягам 15 хвілін разгледзела адміністратыўную справу Сяргея Сямёнава, якога абвінавацілі ў парушэнні арт. 23.4 Кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях (непадпарадкаванне законным патрабаванням).
Сутнасць справы: 20.08.2007 г. у цягніку № 86 (Мінск–Кіеў) С. Сямёнаву супрацоўнікамі мытні было прапанавана запоўніць дэкларацыю. Ён папрасіў дэкларацыю на беларускай мове, у чым яму было адмоўлена па прычыне адсутнасці апошніх. Запаўняць дэкларацыю на рускай мове С. Сямёнаў адмовіўся, матывуючы гэта тым, што ён яе дрэнна ведае і можа нарабіць памылак (не граматычных, а змястоўных). Таксама ён папрасіў перакладчыка, у чым яму было адмоўлена.
На судзе Сямёнаў падкрэсліваў, што не адмаўляўся запаўняць дэкларацыю, але хацеў, каб яна была на беларускай мове альбо быў перакладчык.
Суддзя М. Дамненка вынесла прысуд адразу ж пасля апытання Сямёнава. Не былі нават апытаны супрацоўнікі мытні, якія таксама прысутнічалі. С. Сямёнаў быў прызнаны вінаватым у парушэнні арт 23.4 АК РБ і пакараны штрафам у 30 базавых велічынь (каля 500 $). З досведу іншых cудовых пасяджэнняў вядома, што суддзя Дамненка выносіць беларускамоўным вельмі жорсткія прысуды.
Праваабаронцы адзначаюць, што “недапушчальна пакаранне чалавека за тое, што ён патрабуе ад афіцыйных асобаў бланкі на роднай мове, якая да таго ж з'яўляецца дзяржаўнай мовай Беларусі”. У абароне асабістых правоў С. Сямёнаву дапаможа Беларускі Хельсінскі.
Паводле www.belhelcom.org
|