Казуліна папярэдзілі пра лісты, якія нельга пісаць на волю
Адміністрацыя віцебскай калоніі, дзе трымаюць Аляксандра Казуліна, абмежавала кола людзей, якім вязень можа дасылаць лісты.
30 жніўня адвакат Зміцер Гарачка наведаў у віцебскай калоніі былога кандыдата на прэзідэнта Аляксандра Казуліна. Іх апошняе спатканне было паўтара месяца таму.
Адвакат Зм. Гарачка кажа, што непакоіцца пра здароўе свайго падабароннага, якое не паляпшаецца: “Хацелася б лепшага, але пакуль фізічна ён сябе яшчэ адчувае нездавальняюча. У яго слабасць і санлівасць, як ён кажа, беспадстаўная”.
Нагадаем, летась з 20 кастрычніка да 11 снежня А. Казулін трымаў галадоўку, пратэстуючы супраць улады Аляксандра Лукашэнкі і парушэння правоў чалавека ў Беларусі. За час галадоўкі палітык схуднеў амаль на трыццаць кілаграмаў, былой вагі ён дагэтуль не набраў.
Жонка палітыка Ірына Казуліна паведаміла, што днямі атрымала ліст ад мужа. “Гэта стала вялікай радасцю, бо апошнім часам ён піша рэдка. Тлумачыць, што яму цяжка. Нават чытаць кнігу і тое цяжка”, – кажа І. Казуліна. Паводле яе звестак, адміністрацыя калоніі абмежавала яе мужа ў ліставанні з пэўнымі асобамі: “Ягоныя лісты Сяргею Скрабцу, прыкладам, афіцыйна забіраюцца. Ён піша, што яму паведамілі, што яны не выходзяць з калоніі. Такім чынам, гэта робіцца нават не таемна”.
Былы дэпутат Палаты Прадстаўнікоў С. Скрабец адбываў пакаранне ў той самай Віцебскай калоніі, куды змясцілі А. Казуліна. Пасля выхаду на волю ў кастрычніку мінулага года С. Скрабец шмат паведамляў пра парушэнні, якія творацца ў гэтай калоніі.
Аднак палітык заўважае, што абмежавалі не толькі яго ліставанне з А. Казуліным. “Прыкладам, нядаўна ў Маскве я даведаўся, што яму ў турму шмат пісалі маскоўскія знаёмыя і журналісты, але іх лісты не дайшлі”, – кажа Сяргей Скрабец.
Ён заяўляе пра інфармацыйную ізаляцыю Казуліна, якую падтрымлівае ўлада: “Не думаю, што гэта ініцыятыва супрацоўнікаў, якія за ім назіраюць у калоніі. Гэта загад, атрыманы зверху”.
С. Скрабец быў адных з заяўнікаў пікетаў у падтрымку А. Казуліна, якія падаваліся ў болей як трыццаці гарадах і населеных пунктах Беларусі. Пікеты меркавалася правесці сёння, 30 жніўня, але ніводнай заяўкі ўлады не дазволілі.
Вось што кажа Сяргей Скрабец пра прычыны адмовы: “Сёння, калі вы ведаеце, у А. Лукашэнкі дзень нараджэння. Мы хацелі нагадаць яму зноў пра палітычных вязняў, але... Нават да сельскіх саветаў, у якія мы падавалі заяўкі на правядзенне пікетаў, прыкладам, у Лідскім раёне, дайшла гэтая каманда “не дазваляць”.
У адміністрацыі віцебскай калоніі адмовіліся каментаваць звесткі пра абмежаванні перапіскі для А. Казуліна. І. Казуліна паведаміла, што яе муж па-ранейшаму працуе на рэчавым складзе калоніі. Вязню пакінулі і адмысловы рэжым харчавання, які ўвялі неўзабаве пасля выхаду з галадоўкі. Сп. Казулін атрымлівае дадаткова малако і масла.
Паводле Радыё “Свабода” (www.svaboda.org)
|