У лесе пад Гомелем можа ляжаць пяць тысячаў ахвяраў сталінскіх рэпрэсій

Сёння Аргкамітэт па ўшанаванню ахвяраў сталінскіх рэпрэсій распаўсюдзіў заяву, дзе выказаў недавер як да “камісіі ўпаўнаважаных, створаных пры Гомельскім райвыканкаме дзеля вывучэння і перазахавання парэшткаў невядомых людзей, так і да гомельскіх уладаў увогуле”. Прычынай для гэтага стала фактычная адмова мясцовых уладаў займацца пытаннем знойдзеных пад Гомелем невядомых пахаванняў часоў сталінскіх рэпрэсій.

Незарэгістраваныя магільнікі былі знойдзены грамадскімі актывістамі ў траўні-чэрвені 2007 года. Раскопкі на гэтай тэрыторыі ў 1,5 га былі выкананыя 52-м спецыялізаваным батальёнам. У выніку парэшткі 70 чалавек перадалі на часовае захаванне ў Прыбыткоўскі раённы савет.

Як адзначыў сябра аргкамітэту Вячаслаў Сіўчык, на сёння няма ніводнай больш абгрунтаванай і разумнай версіі, акрамя той, што гэта парэшткі ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.

Па іншаму думаюць гомельскія ўлады. Да гэтага моманту афіцыйная версія заключаецца ў тым, што людзі былі расстраляны не ў часы 1937-38 гг., а падчас Другой сусветнай вайны. Паводле афіцыйнага заключэння судмедэкспертызы, парэшткі праляжалі ў магільніках прыблізна 70 гадоў. Пры гэтым, аднак, загадчык аддзялення медыцынскай крыміналістыкі Гомельскага абласнога ўпраўлення Дзяржаўнай службы судмедэкспертыз Віталь Фралоў заявіў, што заключэнне недакладнае, з пагрэшнасцю плюс-мінус 15 гадоў. Гэтая заява і дазваляе адносіць магільнікі да ваенных часоў. Па меркаванню ж прадстаўнікоў аргкамітэту, такая разбежка ў часе ўказвае на тое, што судмедэкспертыза не выканала ўскладзеных на яе абавязкаў.

В. Сіўчык адзначыў, што ў дадзеным выпадку аргкамітэт пераследуе дзве мэты: каб улады прызналі факт, што пахаванні – часоў сталінскіх рэпрэсій, і правялі комплекснае даследаванне ўсяго лесу. Прадстаўнікі аргкамітэту сцвярджаюць: калі і весці раскопкі, то не на 1,5 га, як гэта было зроблена, а на тэрыторыі 10-15 га. Мясцовая жыхарка, якая была сярод апытаных сведак, распавяла, што новабеліцкі лес пад Гомелем цалкам быў пасаджаны на месцах пахавання людзей пасля расстрэлаў 1937 г., і “можна праводзіць экспертызу, лесу будзе 70 гадоў”.

Як адзначыў сакратар Аргкамітэту Уладзімір Раманоўскі, па даследаванням, якія вяліся пад Гомелем яшчэ ў 1994-95 гадах, у гэтым лесе можа ляжаць каля пяці тысячаў чалавек, расстраляных пад час сталінскіх рэпрэсій.

Па сведках мясцовых жыхароў, сярод іх могуць быць і жыхары Чарнігаўскай вобласці Украіны. Таму прадстаўнікі аргкамітэту звярнуліся да прэзідэнта Украіны Віктара Юшчанкі з просьбай распачаць расследаванне гэтага факту.

На гэты момант справа з пошукам ісціны ў справе забітых пад Гомелем людзей з месцу не рухаецца. Афіцыйныя раскопкі завершаныя. А прадстаўнікі аргкамітэту распавялі, што ў Гомелі з’явіліся чуткі пра магчымую будоўлю на месцы лесу новых мікрараёнаў.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

‹‹ на галоўную | у архіў