Сёлета на вучобу па праграме Каліноўскага прынялі 63 студэнты
На вучобу па праграме Каліноўскага ў Польшчы сёлета прыняты 63 беларусы, якія пацярпелі за свае палітычныя перакананні. Пра гэта паведаміла старшыня камітэта абароны рэпрэсаваных “Салідарнасць” Іна Кулей.
Паводле яе слоў, кандыдатуры яшчэ пяці-сямі чалавек разглядаюцца польскім бюро праграмы. Сярод залічаных на праграму – 44 студэнты, якія былі выключаны з беларускіх ВНУ па палітычных матывах, і 19 абітурыентаў, якія так ці інакш пацярпелі за свае палітычныя перакананні, – актывісты БНФ, былыя навучэнцы зачыненага ўладамі гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа, члены сямей рэпрэсаваных.
З 3 верасня для ўсіх адабраных беларусаў будуць арганізаваныя месячныя курсы польскай мовы і культуры, а 1 кастрычніка – пачнецца навучанне ў ВНУ Польшчы. У межах праграмы беларускім студэнтам будуць выдзеленыя польскія куратары і прадстаўлена магчымасць бясплатна вывучаць польскую мову на працягу года.
Паводле слоў І. Кулей, выбар канкрэтнай навучальнай установы ў Польшчы адбудзецца ў ходзе гутарак з будучымі студэнтамі ў польскім бюро праграмы Каліноўскага. “Студэнты яшчэ не ведаюць магчымасцей, што прадстаўляюць розныя ВНУ Польшчы”, – сказала І. Кулей, зазначыўшы, што выбар спецыяльнасцей неабмежаваны.
Яна таксама паведаміла, што сёлета колькасць студэнтаў, якія жадаюць вучыцца па праграме Каліноўскага, паменшылася: “Такога валу рэпрэсій у адносінах да студэнтаў мы ўжо не назіраем, урад зразумеў, што гэта неэфектыўна”.
Паводле яе слоў, студэнтаў, якія пацярпелі за свае палітычныя погляды, апрача Польшчы гатовы прыняць ва Украіне і Літве, у прыватнасці ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільнюс). Пяць месцаў для пацярпелых па палітычных матывах магістрантаў выдзеліў і ўрад Эстоніі.
Праграма Каліноўскага была заснавана 30 сакавіка 2006 г. у Варшаўскім універсітэце прэм’ер-міністрам Польшчы і рэктарамі вышэйшых навучальных устаноў гэтай краіны. Першы набор у польскія ВНУ адбыўся ў ліпені 2006 г.: на вучобу прынялі больш за 200 чалавек.
Паводле БелаПАН і “Нашай Нівы” (www.nn.by)
|