“Хочам вучыцца па-беларуску!”
1-га верасня 2007 года шэраг маладзёвых арганізацый ды інтэрнэт-праектаў плануюць правесці інфармацыйную акцыю “Хочам вучыцца па-беларуску!” у выглядзе святкавання Дня ведаў. Запланаваны святочныя флэш-мобы, імпрэзы ды віншаванне першакласнікаў.
Традыцыйна ў гэтыя першыя дні вучобы маладыя людзі з розных ініцыятыў праводзяць інфармацыйную кампанію “Хочам вучыцца па-беларуску!”, мэтай якой з’яўляецца прыцягненне ўвагі да праблем русіфікацыі беларускіх школ ды ўніверсітэтаў. Упершыню гэта кампанія адбылася ў Мінску 1 верасня 2004 г., тады некалькі дзесяткаў маладых людзей выйшлі на Кастрычніцкую плошчу беларускай сталіцы з падручнікамі роднай мовы і з сімвалічна залепленымі ратамі.
Не сакрэт, што на беларускай мове ў Беларусі навучаюцца 21,5% школьнікаў і колькасць беларускамоўных школ і класаў пастаянна змяншаецца. Напрыклад, калі ў 1993/1994 навучальным годзе на беларускай мове навучаліся 76% першакласнікаў, то ў мінулым – толькі 18,6%. Адпаведныя паказчыкі па Мінскай вобласці – 92,6% і 31,9%, па Мінску – 58,6% і 2,2%.
На пачатку 2006 года абмяркоўвалася пытанне аб скасаванні вывучэння беларускай мовы ў ВНУ і ПТВ, а ў жніўні стала вядома, што стала магчыма выкладаць гісторыю Беларусі па-руску.
“Штогод мы губляем больш за 100 беларускамоўных школ па ўсёй рэспубліцы, асабліва падае іх колькасць у вёсцы”, — зазначыў А. Лозка, старшыня Таварыства беларускіх школ.
Паводле прэс-цэнтру “Moladz.ORG”
|