У 2009 годзе Вільня стане культурнай сталіцай Еўропы

Праз два гады Літва будзе адзначаць тысячагоддзе першай згадкі аб ёй у летапісах. Вось чаму Вільня першая са сталіц новых краін Еўрапейскага Звязу атрымала такі ганаровы тытул. Плануецца ажыццявіць 400 праектаў, 250 — у гэтым годзе, астатнія — ў наступным.

Рэалізацыя праектаў у рамках гэтай праграмы будзе каштаваць Літве 23 млн еўра, 60% з якіх выдзяляе Урад Літвы, астатнія выдаткі бярэ на сябе самакіраванне Вільні. Толькі адзін праект будзе фінансавацца Еўрапейскім Саюзам.

Аднак, былы мэр літоўскай сталіцы Артурас Зуокас зазначыў: “Мы разлічваем прыцягнуць еўрапейскія грошы на развіццё інфраструктуры”.

Ужо зараз можна ўбачыць, як Вільня рыхтуецца да 2009 г. Ідзе рэканструкцыя гістарычных будынкаў, прайшоў музычны фестываль “Be2gether”, які быў, па словах арганізатараў, толькі рэпетыцыяй таго фестывалю, што адбудзецца праз два гады, а па вуліцах Вільні ездзяць аўтобусы і тралейбусы з партрэтамі кампазітараў, музыка якіх і гучыць у гэтых транспартных сродках. Культура таксама патрабуе рэкламы!

У 2009 г. арганізатары абяцаюць зрабіць Літву краінай фестываляў і правесці фестывалі оперы, электроннай музыкі, яўрэйскай музыкі, субкультуры, рок?фестываль “Be2gether” на мяжы з нашай краінай.

Даведка. У 1985 г. па ініцыятыве міністра культуры Грэцыі Меліны Мэркуры Еўрапейскі Звяз распачаў праграму “Культурная сталіца Еўропы”. Лічыцца, што гэта самая ўдалая праграма ЕЗ у плане культуры. За апошнія 22 гады больш за 30 гарадоў краін ЕЗ атрымалі гэты тытул. Мэта — пазнаёміць еўрапейцаў з культурным і гістарычным набыткам краін ЕЗ, а таксама выпрацаваць доўгатэрміновую праграму развіцця еўрапейскіх гарадоў. У 2007 г. культурнымі сталіцамі Еўропы з’яўляюцца Люксембург і Сібіў (Румынія). Эстонія, Латвія і Польшча атрымаюць права зрабіць адзін са сваіх гарадоў сталіцай Еўропы адпаведна ў 2011, 2014, 2016 г.

Паводле www.tut.by і “Нашай Нівы” (www.nn.by)

‹‹ на галоўную | у архіў