С. Шарэцкі: “Куды мне вяртацца? У турму?”

Былы старшыня Вярхоўнага Савету 13-га склікання Сямён Шарэцкі вось ужо 6 гадоў жыве ў штаце Каліфорнія ў ЗША. Ён з’ехаў з Беларусі ў 1999 г. ў Вільню, а ў 2001 г. атрымаў палітычны прытулак у ЗША. Зараз экс-спікер беларускага парламенту займаецца творчай дзейнасцю, піша ў эмігранцкія выданні артыкулы пра Беларусь ды плануе напісаць кнігу “Прывіды і міфы камунізму”. Час ад часу сочыць за падзеямі на радзіме, але вяртацца туды пакуль намеру не мае.

Творчыя планы

Сп. Шарэцкі распавёў, што зараз яму 70 год, і ён ужо не працуе. Затое мае багатыя творчыя планы: “Да 125-годдзя з Дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа я напісаў артыкул “Песняры зямлі беларускай”. Неўзабаве ў кліўлендскай газеце “Праспект” мае быць надрукаваны мой матэр’ял пра Рыгора Шырму”.

Беларуская дыяспара

Былы беларускі спікер распавёў пра стасункі з беларускай і іншымі дыяспарамі: “У Каліфорніі ўвогуле вельмі мала беларусаў, але з тымі, хто жыве непадалёк ад мяне, я кантактую. Падтрымліваю кантакт і з кліўлендскімі беларусамі, беларускімі габрэямі. Падтрымліваю сувязь з віленскімі беларусамі”.

“У Беларусі нічога не змянілася”

Па словах С. Шарэцкага за беларускімі падзеямі ён сочыць па меры магчымасці. На яго думку, сітуацыя ў Беларусі не мяняецца, як не мяняецца беларускі прэзідэнт: “Сёння там кажуць адно, а заўтра другое. Сёння Лукашэнка едзе ў Маскву, цалуецца там, а заўтра адкрывае ў Воршы мемарыяльную дошку ў гонар Канстанціна Астрожскага. Гэта ж такі ўжо чалавек. Калі ён яшчэ быў дэпутатам Вярхоўнага Савету 12 склікання, калі Зянон Пазьняк неяк быў захварэў, то Лукашэнка хадзіў у БНФ і хацеў стаць на чале гэтай партыі. Ад таго часу, на мой погляд, там нічога не змянілася”.

Не вельмі змяніўся і стан у беларускай апазіцыі. С. Шарэцкі кажа: “Нават тады, калі і я яшчэ быў у Беларусі, было вельмі цяжка нешта зрабіць. Апазіцыя вельмі раздробленая і не можа аб’яднацца, а ўлады спрыяюць, каб тыя сварыліся. Людзі ж атрымліваюць аднабаковую інфармацыю, таму і не могуць зразумець, што адбываецца. У свой час я ніяк не мог зразумець амерыканскага ладу жыцця, пакуль сюды не прыехаў і не паглядзеў. І людзям, якія жывуць у вёсцы і нідзе не былі як па-за раённым цэнтрам, цяжка зразумець сітуацыю. Калі няма вайны, то ўсё і добра, калі хлеб у краму прывозяць раз на тыдзень, таксама добра”.

“Мне Амерыка падабаецца”

С. Шарэцкі: “Мне Амерыка падабаецца. Калі ўдумацца ў іх законы, у сістэму аховы асобы і іншыя рэчы, то гэта мне вельмі падабаецца. Цяжка казаць пра прычыну поспеху ЗША, бо для гэтага трэба добра ведаць гісторыю гэтай краіны, чаго я пра сябе сказаць не магу. Тут народ вельмі працалюбівы, і больш за тое, тут усё зроблена для таго, каб чалавек мог паспяхова працаваць.

Таксама ўсё зроблена і для таго, каб дапамагчы чалавеку адаптавацца. Існуе мноства розных арганізацыяў, якія спрыяюць чалавеку, каб ён не адчуваў сябе адзінокім. Працуюць англамоўныя школы для эмігрантаў. Усё гэта бясплатна. Нам у СССР тлумілі галаву, што ў Амерыцы нічога без даляра не зробіш, а тут мастацкія музеі, бібліятэкі, шмат даступных інстытуцыяў працуюць бясплатна. Я тут такімі бібліятэкамі карыстаюся, што ў Беларусі аб іх мог толькі марыць”.

С. Шарэцкі адзначыў, што не спыніў вучыцца, вучыць мову і спрабуе пісаць невялікія артыкулы па-англійску. “Напісаў некалькі артыкулаў пра Тадэвуша Касцюшку, пра Янку Купалу, пра чарнобыльскую бяду”, – распавёў сп. Шарэцкі.

“Арыенцірам для Беларусі павінен быць менавіта такі заходні свет. Беларусы, на жаль, абралі для сябе іншы шлях, – адзначыў былы спікер. – У свой час яны мелі выбар, але, на жаль... Гэта не іх віна, але іх бяда ў тым, што яны былі мала інфармаваныя. Калі я працаваў старшынёй калгасу, то мяне таксама ніхто нікуды не пускаў. Часам давалі паглядзець горшы ці лепшы калгас”.

Вяртанне?

С. Шарэцкі: “Разумееце, што ж думаць і марыць аб тым, чаго ніколі яе здзейсніцца? Куды я паеду? У турму? Дзе Ганчар? Сітуацыя гэтая, відаць, захаваецца яшчэ надоўга, бо там няма ніякай сілы, якая б зрушыла гэты стан. А Расія будзе трымацца за Беларусь і будзе рабіць усё, каб не даць нашай краіне быць сапраўды незалежнай. Тым больш ёсць у іх да каго прытуліцца, на каго абаперціся”.

Паводле “Польскага радыё для замежжа” (www.polskieradio.pl/zagranica/by)

‹‹ на галоўную | у архіў