Рускую мову выцясняюць з рэспублік былога СССР
Сёлета зімой прэзідэнт Расіі Уладзімер Пуцін абвясціў 2007-мы год Годам рускай мовы. Расійскія ўлады запланавалі мноства афіцыйных мерапрыемстваў ды імпрэзаў у Расіі і за мяжой для папулярызацыі рускай мовы. Тым не менш, паводле ацэнак экспертаў, сфера ўжывання рускай мовы ў краінах былога СССР няўхільна звужаецца.
На адкрыцці Году рускай мовы ў Парыжы сёлета наведнікаў імпрэзы сустракаў плакат “Руская мова – першая мова камунікацыі ў космасе”. Арганізатары нагадвалі французам, што руская – адна з шасці афіцыйных моваў ААН. Тым не менш, у многіх рэспубліках былога СССР, дзе руская мова раней была шырока распаўсюджаная, сфера яе ўплыву не без удзелу ўладаў пачала звужацца. Пра гэта распавёў намеснік дырэктара Інстытуту рускай мовы Расійскай Акадэміі Навук Леанід Крысін: “Сапраўды, колькасць людзей, якія ведаюць рускую мову, паступова падае. Гэта, па-першае. Па-другое, малодшае пакаленне не ведае рускую мову на такім узроўні, як яе ведала старэйшае пакаленне за савецкім часам. І па-трэцяе, колькасць школаў з выкладаннем на рускай мове драматычна зменшылася. Агулам, у сферы адукацыі школы, дзе выкладалі па-руску, страцілі тыя пазіцыя, што былі пры савецкай уладзе”.
Толькі пяць з былых савецкіх рэспублік цяпер маюць рускую мову ў якасці афіцыйнай побач са сваёй нацыянальнай мовай. Гэта Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Таджыкістан ды Узбекістан. Але нават у гэтых краінах праблема рускай мовы застаецца. У Беларусі палітычная апазіцыя абвінавачвае рэжым Лукашэнкі ў русіфікацыі краіны і заклікае вярнуцца да беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай.
У Туркменістане актыўна перашкаджаюць рускай мове. Зачынены рускія школы, што існавалі ў некаторых рэгіёнах, у 2002 г. зачынілі таксама аддзяленне рускай філалогіі ў дзяржаўным універсітэце Туркменістана. Цяпер усё навучанне ў краіне вядзецца на туркменскай мове, таму рускамоўныя абітурыенты часта не могуць атрымаць паўнацэннай адукацыі.
Эксперты звяртаюць увагу, што нават у самой Расіі праблема рускай мовы застаецца. У якасці прыкладу прыводзяць каўказскія аўтаномныя рэспублікі.
У Беларусі ў 1993 г., да прыходу ва ўладу Аляксандра Лукашэнкі, на беларускай мове навучаліся 76% першакласнікаў, у 2006 г. – 18%. Усяго па краіне ў 2006 г. на беларускай мове навучаліся 21,5% школьнікаў. Падчас перапісу 1999 г. беларусамі назвалі сябе 81% насельніцтва. Беларускую мову назвалі роднай 73,7% жыхароў Беларусі, рускую – 24,1%. У 1995 г. у Беларусі быў праведзены рэферэндум, на падставе рашэння якога руская мова атрымала статус дзяржаўнай мовы, роўны з беларускай. Паводле афіцыйных дадзеных за гэта выказаліся 83,3% ад тых, хто ўзяў удзел у галасаванні.
Паводле Радыё “Свабода” (www.svaboda.org)
|