Былы сталінскі вязень атрымаў дапамогу ад беларускай дыяспары з ЗША
Пастар Эрнест Сабіла перадаў былому вязню сталінскіх лагераў, свайму сулагерніку Цімоху Вострыкаву матэрыяльную дапамогу ад беларускай дыяспары ў ЗША. Іх сустрэча адбылася ў Гомелі.
Дзеяча нацыянальнага адраджэння Ц. Вострыкава ўзгадвалі 5 жніўня ў ЗША. Маладыя людзі, прадстаўнікі беларускай дыяспары, скакалі з парашутам у памяць пра падзеі, якія адбыліся больш чым пяцьдзесят год таму. Падчас гэтай акцыі і былі сабраныя сродкі ў дапамогу Ц. Вострыкаву. Дапамогу былому вязню сталінскіх лагераў аказаў таксама фонд “Салідарнасць”, які ўзначальвае жонка Аляксандра Мілінкевіча Іна Кулей.
У 1952 г. Ц. Вострыкаў у складзе групы быў закінуты на парашуце ў БССР. Ён быў паўнамоцным прадстаўніком Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Праз тыдзень пасля дэсантавання ў Налібоцкай пушчы Вострыкава арыштавалі супрацоўнікі спецслужбаў на мінскім вакзале. Па артыкуле 58 Крымінальнага кодэксу (здрада Радзіме) ён быў асуджаны на 23 гады пазбаўлення волі. Пакаранне адбываў у лагеры ў Мардовіі, дзе і пазнаёміўся з Э. Сабілам.
Пасля вызвалення Ц. Вострыкаў вярнуўся на радзіму і зараз жыве ў Гомелі. Яму 84 гады, ён перажыў два інсульты і знаходзіцца ў цяжкім стане. Даглядае яго знаёмая пенсіянерка.
Пры сустрэчы з былым сулагернікам Э. Сабіла адзначыў, што часта ўзгадвае пра яго і абяцаў сваю дапамогу. “Ты не забыты. Мы будзем нагадваць пра цябе і на Захадзе, і сярод нашых, у Беларусі. Каб не аказалася, што Вострыкаў невядома для каго служыў. Служыў ён для Беларусі, для Радзімы, для ўсіх нас, рызыкаваў жыццём не для сабе. Мы будзем намагацца, каб тваё рызыкоўнае, самаахвярнае жыццё не засталося забытым сапраўднымі беларусамі, для якіх ты ахвяраваў сабой”, – сказаў пастар.
Паводле БелаПАН і ўласнай інфармацыі
|