27 жніўня 1937 году ў Мінску адбыўся першы масавы расстрэл

Учора споўнілася 70 гадоў ад першага масавага расстрэлу прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі. 27 жніўня 1937 г. у Мінску закатавалі групу археолагаў, настаўнікаў, каталіцкіх святароў – разам больш за пяцьдзесят чалавек. Сёння ў Курапатах адбылася жалобная імпрэза ў памяць ахвяраў сталінскага тэрору.

Людзі з кветкамі і свечкамі сабраліся каля крыжа, усталяванага ў памяць забітых археолагаў. Гэта адзіны ў Курапатах імянны крыж, які нагадвае пра забітых 70 гадоў таму. Уласнымі сіламі яго ўсталявалі цяперашнія археолагі. Адзін з ініцыятараў жалобнай імпрэзы Мікола Крывальцэвіч распавёў: “Тры вядомыя беларускія археолагі Сяргей Дубінскі, Аляксандр Ляўданскі і Аляксандр Каваленя. Гэта былі найвыдатнейшыя спецыялісты, а іх звінавацілі ў шпіянажы на карысць Польшчы і расстралялі 27 жніўня 1937 г. Безумоўна, гэта была велізарная страта. Нашая археалагічная навука пасля гэтага адрадзілася толькі ў 1960-я гады”.

Даследчыкі гісторыі сталінскіх рэпрэсіяў заяўляюць, што ў гэты дзень адбыўся першы масавы расстрэл прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі. Леанід Маракоў кажа, што сёння вядомыя імёны пяцідзесяці закатаваных у гэты дзень: “Ва ўнутранай турме НКВД было расстраляна шмат каталіцкіх святароў, некалькі археолагаў, літаратараў, настаўнікаў і сялян-аднаасобнікаў. Разам больш за пяцьдзесят чалавек, а праўдападобна, што сто. Гэта адбылося 27 жніўня, 70 гадоў таму”.

Паводле Л. Маракова, масавыя рэпрэсіі ў Беларусі працягваліся да лістапада 1938 г. Расстрэлы прымяркоўваліся да дня кастрычніцкай рэвалюцыі, Новага году, Дня чырвонай арміі і Першамаю.

Гісторык Ігар Кузняцоў кажа, што ўзмацненне рэпрэсіяў сталася вынікам новай хвалі змагання савецкай улады з так званымі “ворагамі народу”: “Упершыню ў гісторыі рэпрэсіўнай палітыкі савецкай дзяржавы былі ўведзеныя так званыя генацыдныя разнарадкі. Першая генацыдная разнарадка па Беларусі была такая: 2 тысячы – да расстрэлу і 5 тысяч – да высылкі ў лагеры тэрмінам не менш за 5 гадоў. І хваля расстрэлаў расла”.

Даследнікі заяўляюць, што ад жніўня 1937-га да лістапада 1938 г. толькі ў Мінску забілі каля 10 тысяч чалавек, а арыштавалі да 100 тысяч. Паводле розных звестак, за гэты перыяд у Беларусі закатавалі ад 50 да 250 тысяч чалавек.

Паводле Радыё “Свабода” (www.svaboda.org)

‹‹ на галоўную | у архіў