Ці будуць у Магілёве выкладаць і выхоўваць па-беларуску?
Зараз у абласным цэнтры няма ніводнай навучальнай установы з выкладаннем на беларускай мове. Менавіта на гэты факт звярнула ўвагу мясцовая арганізацыя ТБМ у звароце да кіраўніка абласной управы адукацыі Алега Кулакоўскага.
У лісце ўтрымлівалася просьба падтрымаць намаганні арганізацыі ў справе стварэння групы ў дзіцячым садку і класа ў школе з беларускай мовай навучання.
У адказе, які прыйшоў з аблвыканкаму, гаворыцца, што зараз у навучальных установах “ідзе вялікая праца з бацькамі па прапагандзе адукацыі дзяцей на беларускай мове”. Таксама ладзяцца святы, конкурсы, віктарыны, якія пашыраюць сферу ўжытку роднай мовы, зазначана ў афіцыйным лісце. Напрыканцы чыноўнік паведамляе, што “з мэтай поўнай адукацыі на беларускай мове на базе ясляў-садку №81 сёлета ў верасні будзе адкрыта пляцоўка для гульняў”.
Як чакаецца, у гэтым садку будзе створана група з выхаваннем дзяцей на роднай мове. На сёння, паводле звестак ТБМ, туды могуць пайсці шасцёра дзяцей. Сябры арганізацыі маюць намер працягваць у Магілёве пошук бацькоў, якія жадаюць аддаць сваіх дзяцей у беларускамоўныя групы і класы. Днямі на вуліцах гораду было расклеена некалькі сотняў адпаведных аб’яваў.
Паводле “Польскага радыё для замежжа” (www.polskieradio.pl/zagranica/by/)
|