Пачалася падрыхтоўка да фэсту “Аршанская бітва-2007”
Пачалася падрыхтоўка да традыцыйнага фэсту беларускай аўтарскай песні і паэзіі “Аршанская бітва-2007”. Ён мае адбыцца 8 верасня на гістарычным месцы Аршанскай бітвы 1514 г. – на беразе Дняпра блізу Оршы. Пачатак а 20-й гадзіне.
Арганізатары паведамляюць, як найлепш дабрацца да месца, што паглядзець і даюць гістарычную даведку.
Да месца можна даехаць
З чыгуначнага вакзала Оршы на аўтобусе ці маршрутцы № 11 да аўтавакзалу (канец маршруту). Далей – аўтобусам “Орша – Дуброўна” да прыпынку “Гацькаўшчына”.
Гуртам можна наняць маршрутку з чыгуначнага вакзалу проста да Гацькаўшчыны.
Таксама аўтобусам або маршруткай можна ад’ехаць ад прывакзальнай плошчы да прыпынку “Цэнтр”, затым ад Цэнтральнай плошчы, што ля “Дома гандлю” (прыпынак за помнікам Леніну) можна сесці на аўтобус ці маршрутку “Орша – Дуброўна” і ехаць зноў жа да прыпынку “Гацькаўшчына”.
Ад прыпынку “Гацькаўшчына” да месца фэсту каля 1 км.
Што трэба ведаць гледачу і ўдзельніку
Фестываль традыцыйна адбываецца на гістарычным месцы Аршанскай бітвы 1514 г. – левым беразе Дняпра пры ўпадзенні ў яго рэчкі Крапівенкі – Крапівенскім полі.
Фэст ад пачатку быў задуманы як імпрэза выхаднога дня ў фармаце open air, таму пачынаецца вечарам бліжэйшай да 8 верасня суботы (сёлета гэта якраз 8 верасня) і доўжыцца практычна ўсю ноч з тым, каб за нядзелю ўдзельнікі змаглі выспацца, адпачыць і спакойна дабрацца дадому.
Трэба памятаць, што фэст праходзіць на адкрытым паветры на беразе ракі, таму варта падумаць пра адпаведную вопратку, запас ежы і пажадана дах над галавой (намёт). Запас дроў для вогнішча будзе на месцы.
Некалькі слоў з гісторыі
Першы фестываль беларускай аўтарскай песні “Аршанская бітва” адбыўся ў 1991 г. з ініцыятывы вядомага барда Андрэя Мельнікава і арганізацыйнай падтрымкі журналіста Юркі Копціка. З таго часу фэст нязменна праходзіў у азначаны час і на азначаным месцы ва ўсе гады, за выключэннем 1994, 1996-1997 г.г., для чаго былі прычыны.
На “Аршанскай бітве” ў розныя гады выступалі практычна ўсе вядомыя беларускія аўтары: Андрэй Мельнікаў, Віктар Шалкевіч, Алесь Камоцкі, Зміцер Сідаровіч і гурт “Камелот”, Лера Сом, Зміцер Бартосік, Андрэй Хадановіч, Лана Медзіч, Таццяна Барысік і гурт “Водар сусвет”, Сяргей Мінскевіч, Анатоль Кудласевіч і многія, многія іншыя.
Мапы праезду можна паглядзець тут: http://orshacity.narod.ru/map/orshamap/index2.html
http://www.emaps-online.com/rus_win/maps/oblast/obl_vitebsk/regions/reg_orsha/cities/orsha/map.shtml
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
|