“Вясна” без рэгістрацыі

Міністэрства юстыцыі Беларусі адмовіла ў рэгістрацыі праваабарончага аб’яднання “Вясна”, паколькі статут арганізацыі не адпавядае патрабаванням закону “Аб грамадскіх аб’яднаннях”. У прыватнасці, назва арганізацыі такая ж, як і назва грамадскага аб’яднання, ліквідаванага згодна з рашэннем Вярхоўнага суду Беларусі чатыры гады таму. Апроч гэтага, статут быццам бы не ўтрымлівае дакладнага перапісу ўсіх мэтаў дзейнасці арганізацыі. Ёсць недакладныя звесткі, датычныя дат нараджэння, месцаў працы, прозвішчаў заснавальнікаў, – гаворыцца ў інфармацыі Мінюста.

Праваабаронца Уладзімер Лабковіч заявіў, што “Вясна” абскардзіць рашэнне Мінюста, каб паказаць грамадству і міжнароднай супольнасці, што пры сённяшняй уладзе рэгістрацыя незалежнага аб’яднання проста немагчымая.

У. Лабковіч: “Гэта, бясспрэчна, палітычнае рашэнне. Не маю ніякіх ілюзіяў наконт таго, што ў гэтай улады можна дамагчыся рэгістрацыі грамадскага аб’яднання. Мы пройдзем усе працэдуры для таго, каб яшчэ раз яскрава падкрэсліць і ўнутры краіны, і для міжнароднай грамадскасці, што права на асацыяцыю, права свабодна, адкрыта бараніць іншых людзей, у гэтай краіне не існуе. Усе выказванні беларускіх уладаў на міжнародных форумах, напрыклад, на канферэнцыі АБСЕ, што яны шануюць права на асацыяцыю, гэта ўсё фікцыя. Дэмакратычныя асяродкі, моладзевыя арганізацыі і праваабаронцы гэтага права пазбаўленыя”.

Рэгістраваць арганізацыю за мяжой аргкамітэт “Вясны” не плануе, паколькі тады яна не будзе мець юрыдычных правоў у Беларусі.

Дакументы на рэгістрацыю аб’яднання былі пададзеныя ў Мінюст 23 ліпеня.

Паводле “Польскага радыё для замежжа” (www.polskieradio.pl/zagranica/by)

‹‹ на галоўную | у архіў