У Гродне паўстае незалежная кніжная серыя

Гродзенская філія руху “За свабоду” засноўвае выдавецкую серыю “Гарадзенская бібліятэка “Горад Святога Губерта”. Аснову серыі складуць кнігі, якія трапілі пад цэнзарскія нажніцы сучасных ідэолагаў, творы незалежных аўтараў.

Ідэяй заснаванай серыі – фармаванне лакальнай самасвядомасці, вяртанне памяці пра дэмакратычную традыцыю горада і яго еўрапейскасць. Агульнай тэмай усіх выданняў серыі стане Гродна, яго гістарычная спадчына, культурныя дасягненні, у тым ліку літаратурныя. На старонках серыі будзе прадстаўлена забытая гісторыя горада, традыцыя суіснавання розных народаў і культур: беларускай, польскай, яўрэйскай.

У рэдкалегію серыі ўваходзяць знаўцы Гродна, сярод якіх, вядомыя гродзенцы Данута Бічэль, Уладзімір Кіслы, Мікола Маркевіч, Алесь Смалянчук, Алесь Краўцэвіч, Віктар Шалкевіч. Ганаровы патранат над выдавецкай серыяй ажыццяўляе Аляксандр Мілінкевіч.

Сярод выданых па-беларуску кніг будуць творы аўтарства вядомых гродзенскіх пісьменнікаў, паэтаў, гісторыкаў, журналістаў, публіцыстаў.

На гэты момант рыхтуюцца да друку “Магдэбургская Гародня”, манаграфія ад’юнкта Інстытута Расіі і Усходняй Еўропы Ягелонскага універсітэта Юрыя Гардзеева; “Развітанне з ілюзіямі” Аляксея Карпюка, кніга ў якую ўвайшлі не надрукаваныя раней ўспаміны аўтара, ягоныя дзённікі, эсэ; унікальны падручнік “Гродназнаўства”, які не прапусціла гарадская цэнзура; бібліяграфічны зборнік “Беларускі рух у Гародні ў ХХ стагоддзі”; “Анталогія гарадзенскага року”.

Паводле Радыё “Рацыя” ( www . racyja . com )

‹‹ на галоўную | у архіў