Малады Фронт змагаецца за рэгістрацыю

Мінскі гарадскі суд прызнаў правамернай адмову ўпраўлення юстыцыі “Маладому Фронту” ў рэгістрацыі. Суддзя Зоя Салаўёва палічыла зыск незарэгістраванай арганізацыі да ўпраўлення юстыцыі Мінгарвыканкаму неабгрунтаваным і прызнала законнасць адмовы ў рэгістрацыі.

Прадстаўніца ўпраўлення юстыцыі Наталля Янушкевіч падставамі для адмовы рэгістрацыі назвала неадпаведнасць заканадаўству Беларусі статута арганізацыі, а таксама ўдзел актывістаў будучай арганізацыі ў несанкцыянаваных акцыях. На пытанне праваабаронцаў: “На якіх юрыдычных дакументах грунтуюцца прэтэнзіі да крытэрыяў сяброўства ў арганізацыі?” спадарыня Янушкевіч заявіла, што “закон не можа ўсё прапісаць, таму трэба глядзець шырэй”. Маўляў, з закону гэта вынікае.

Паводле высноваў упраўлення юстыцыі і суду, палажэнні статуту “Маладога Фронту” могуць быць выкарыстаныя ў розных палітычных мерапрыемствах, у тым ліку несанкцыянаваных вулічных шэсцях і акцыях пратэсту. Наталля Янушкевіч заявіла падчас судовага працэсу, што дзейнасць арганізацыі будзе накіраваная на дэстабілізацыю сітуацыі ў краіне. Падставай для гэтага з’яўляюцца адміністрацыйныя справы аб удзеле ў акцыях пратэсту і распаўсюдзе ўлётак заяўленых сяброў арганізацыі. Падчас сваёй прамовы яна кінула рэпліку, што ўдзел у апазіцыйных мерапрыемствах наогул з’яўляецца парушэннем заканадаўства.

Праваабаронца Юры Чавусаў распавёў: “Прэтэнзіі ўпраўлення юстыцыі да дакументаў былі нягеглыя, супярэчлівыя. Было ўражанне, што ўсе яны былі напісаныя “левай нагой”. Прагучала тое, што сам факт прыцягнення “маладафронтаўцаў” да крымінальнай адказнасці за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі ёсць перашкодай для стварэння грамадскай арганізацыі. Гэта прагучала ўпершыню. І гэта вельмі абуральна, бо фактычна, гэта паражэнне чалавека ў правах без вердыкту суду.

Улады асуджаюць за дробнае хуліганства. Мы ўсе ведаем, як гэта адбываецца: заходзяць у пад’езд, хапаюць чалавека і складаюць хлуслівы пратакол. Гэта становіцца падставай для адмовы рэгістрацыі грамадскага аб’яднання, пасля адмова ў рэгістрацыі становіцца падставай да крымінальнай адказнасці. Замкнёнае кола”.

Нягледзячы на чарговую паразу ў спробе легалізаваць сваю дзейнасць, “Малады Фронт” будзе працягваць адстойваць свае канстытуцыйныя правы на свабоду асацыяцый. Гаворыць прадстаўніца  “Маладога Фронту” Наста Лойка: “Мы будзем змагацца да апошняга – пойдзем у Вярхоўны суд, паспрабуем абараняць свае інтарэсы там. Калі нам адмовяць там, мы паспрабуем усе магчымасці ў еўрапейскіх адносінах. Акрамя таго, у нас ёсць спроба зарэгістраваць міжнародную арганізацыю “Малады Фронт” у трох еўрапейскіх краінах. І мы спадзяемся, што ўсё гэта прынясе нейкі плён, і мы пазбавімся тых рэпрэсій, якія накіравала на нас улада”.

Нагадаем, што незарэгістраваная моладзевая арганізацыя “Малады Фронт” сем разоў спрабавала ўвайсці ў прававое поле. І кожны раз Міністэрства юстыцыі адмаўляла ў гэтым. Зараз за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі крымінальныя справы заведзеныя на трох “маладафронтаўцаў”. Двое актывістаў “Маладога Фронту”  адбываюць пакаранне пазбаўленнем волі.

Польскага радыё для замежжа (www.polskieradio.pl/zagranica/by/)

‹‹ на галоўную | у архіў