У Мінску адкрылася фотавыстава Андрэя Лянкевіча “Жыццё з мастацтвам”
“Жыццё з мастацтвам” – пад гэтай назваю ў мінскай галерэі “Падземка” адкрылася выстава фотажурналіста “Нашай Нівы” Андрэя Лянкевіча. Серыя прысвечана карцінам вядомага аўстрыйскага мастака Аляксандра Вальтнера, якія патрапілі ў прыватныя калекцыі мільянераў.
Каб перадаць жыццё карцін праз іхных гаспадароў, А. Лянкевіч наведаўся ў лепшыя дамы Аўстрыі. Ён кажа, што там назіраў, якім чынам карціны і людзі уздзейнічаюць паміж сабой у прыватным, хатнім жыцці: “Атрымаўся абсалютны мікс паміж журналістыкай і ARTам, чаго я ніколі не рабіў раней. Абсалютны эксперымент працы з людзьмі, назіраннем над людзьмі. Стварэнне гэткіх не вельмі натуральных сітуацый у жыцці, але якія цалкам маглі б адбыцца”.
Крытык Максім Жбанкоў мяркуе, што А. Лянкевічу ўдалося падгледзець у стасунках мастацтва і чалавека новыя рысы: “Гэта фотасерыя пра станы чалавечай душы. Калі чалавек сустракаецца з мастацтвам і пачынае жыць у ягонай прысутнасці. Сугучнасць чалавечага, інтымнага – і як бы знешняга, што прэзентуецца ў выглядзе мастацкіх твораў – вось гэта вельмі цікавая штука. І вельмі трапна аўтар паказвае, што няма тут нейкіх агульных формулаў. Што кожны жыве з мастацтвам вельмі інтымна, вельмі прыватна, вельмі асобна”.
Паводле Радыё “Свабода” (www.svaboda.org)
|