На Віцебшчыне пачаўся мастацкі пленэр, прысвечаны Язэпу Драздовічу
20 жніўня ўвечары ў Германавічах, што ў Шаркоўшчынскім раёне Віцебшчыны, распачаўся мастацкі пленэр, прысвечаны Язэпу Драздовічу. Цягам тыдня ўдзельнікі гэтай творчай акцыі наведаюць усе мясціны Віцебшчыны, звязаныя з асобай легендарнага мастака-вандроўніка.
Сёлетні пленэр на Віцебшчыне – ужо пятнаццаты. Штогод мастакі з усяе Беларусі з’язджаюцца ў Германавічы, дзе пад эгідай культурна-асветнага цэнтру імя Язэпа Драздовіча натхняюцца краявідамі, якія некалі чаравалі іх легендарнага папярэдніка.
З імем Язэпа Драздовіча найперш звязаныя мясціны Шаркаўшчыны і Глыбоччыны. І ўдзельнікі пленэру, як распавёў адзін з іх, Аляксей Марачкін, маюць намер цягам шасці дзён пабываць ва ўсіх гэтых малых і большых мястэчках: “У праграме перш за ўсё – гэта наведванне магілы Язэпа Драздовіча недалёка ад Ліплянаў, а таксама паездкі па мясцінах, звязаных з ягоным жыццём – гэта Лужкі, Лучайка, Залессе. Хочам пабываць ва ўсіх мясцінах, дзе таптаў сцежкі Язэп Драздовіч”.
Некалькі папярэдніх пленэраў былі мастацка-літаратурнымі і прысвячаліся памяці Васіля Быкава, Уладзімера Караткевіча, творчасці Рыгора Барадуліна і маладых паэтаў. Таму ў іх удзельнічалі і многія пісьменнікі, а па іх выніках выдаваліся літаратурна-мастацкія зборнікі.
Сёлетні пленэр – чыста мастацкі. Ягоныя ўдзельнікі – Аляксей Марачкін, Алесь Шатэрнік, Георгій Сматрычэнка, Алег Скавародка, Стась Шамшур і іншыя мастакі, якія з’яўляюцца сябрамі творчай суполкі “Пагоня” ці падзяляюць яе эстэтычныя і духоўныя прынцыпы. Ён завершыцца 26 жніўня. Але выніковая выстава, сказаў Аляксей Марачкін, будзе наладжаная мастакамі пазней: “Выстава будзе не адразу, а пасля таго, як мы асэнсуем, што бачылі, што зрабілі”.
Паводле Радыё “Свабода” (www.svaboda.org)
|