На месцы Аршанскай бітвы будзе ўсталявана памятная шыльда
На шыльдзе з чорнага граніту высечаны словы “Вечная памяць героям Аршанскай перамогі!” Такі надпіс прапанаваў зрабіць пісьменнік Уладзімір Арлоў. Эскіз шыльды стварыў мастак Алесь Пушкін.
Шыльда будзе ўсталяваная на вялікім валуне, што ляжыць на беразе рэчкі Крапівенкі. Такім чынам атрымаецца адмысловы помнік пераможцам славутай Аршанскай бітвы, якая адбылася ў гэтым месцы 8-га верасня 1514 г. Тады войскі Вялікага Княства Літоўскага на чале з гетманам Канстанцінам Астрожскім перамаглі амаль утрая большае маскоўскае войска, спыніўшы на пэўны час расійскі наступ на Беларусь.
Мяркуецца, што ўрачыстае адкрыццё помніка адбудзецца 8 верасня сёлета, падчас штогадовага фэсту беларускай бардаўскай песні і паэзіі “Аршанская бітва 2007”. Сёлета ён пройдзе 17-ты раз.
Упершыню такі фэст адбыўся ў 1991 г. з ініцыятывы вядомага барда Андрэя Мельнікава і гісторыка Юрася Копціка. На “Аршанскай бітве” ў розныя гады выступалі Андрэй Мельнікаў, Віктар Шалкевіч, Алесь Камоцкі, Зміцер Бартосік, Лера Сом, Зміцер Сідаровіч, Андрэй Хадановіч і многія іншыя вядомыя беларускія аўтары.
Паводле Радыё “Свабода” (www.svaboda.org)
|