ТБМ ушанавала памяць Янкі Брыля

Да 90-годдзя Янкі Брыля па ініцыятыве Таварыства беларускай мовы (ТБМ) “Белпошта” надрукавала спецыяльны канверт. Крыху раней ТБМ выдала каляндар з яго партрэтам. Цяпер Таварыства ініцыюе збор подпісаў грамадзянаў, каб надаць імя памерлага летась выдатнага пісьменніка адной з вуліцаў Мінска і ўсталяваць памятную шыльду на доме, дзе ён жыў.

Янка Брыль памёр 25 ліпеня летась, не дажыўшы дзесяці дзён да свайго 89-годдзя. Пахаванне адбылося сціпла, практычна без удзелу дзяржавы. І да 90-годдзя народнага пісьменніка ТБМ вырашыла наладзіць шэраг акцыяў дзеля ўшанаваньня ягонай памяці. Гаворыць старшыня ТБМ Алег Трусаў: “Мы яшчэ летась вырашылі зрабіць усё магчымае, каб годна ўшанаваць памяць Я. Брыля. З нашай прапановы ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры была адкрыта выстава, прысвечаная Брылю. Дамовіліся таксама, што ў верасні адбудзецца імпрэза альбо ў Міры, альбо ў Карэлічах, у яго на радзіме. ТБМ выдала каляндарык з партрэтам Янкі Брыля. Звярнуліся да ўладаў Карэлічаў, каб там назвалі ў гонар яго вуліцу і школу. А таксама быў зварот да мэра Менску назваць імем Брыля вуліцу ў сталіцы. Мы папрасілі Міністэрства сувязі выдаць канверт. Пасля доўгіх перамоваў ён выйшаў. Вельмі прыгожы. У ім увасобленая асноўная ідэя рамана Брыля “Птушкі і гнёзды”. Яго наклад 30.000 асобнікаў, і ён разасланы па ўсіх асноўных паштамтах Беларусі”.

Канверт з партрэтам Янкі Брыля і малюнкам буслоў над гняздом, прадаецца толькі ў афіцыйных установах сувязі таму, што выйшаў без маркі. Паводле А. Трусава, чыноўнікі не захацелі выпускаць канверт з маркай, бо, маўляў, у Брыля сёлета не круглая дата.

А. Трусаў гаворыць, што цяперашнія ўлады ніколі асабліва не шанавалі пісьменніка, які заўсёды выступаў за незалежную і дэмакратычную Беларусь. Дагэтуль няма адказу з Мінгарвыканкаму на просьбу ТБМ надаць адной з вуліцаў Мінску імя Янкі Брыля. “Таму, -- падкрэслівае Трусаў, -- цяпер Таварыства беларускай мовы ініцыюе грамадскую акцыю. Мы збіраемся пачаць збор подпісаў грамадзянаў. Пачнём напрыканцы жніўня”.

А. Трусаў перакананы, што калі подпісаў будзе некалькі дзесяткаў тысяч, вуліца імя Янкі Брыля з’явіцца ў Мінску ўжо да канца гэтага году.

Паводле Радыё “Свабода” (www.svaboda,org)

‹‹ на галоўную | у архіў