Дэмакраты – за сацыяльныя правы беларусаў
Некалькі вялікіх мерапрыемстваў, накіраваных на абарону сацыяльных правоў жыхароў Беларусі, маюць адбыцца напрыканцы лета і ўвосень. 9 жніўня названыя канкрэтныя даты іх правядзення.
Так, на 19 жніўня запланаваны спецыяльны Форум для каардынацыі дзеянняў ліквідатараў аварыі на ЧАЭС, прадпрымальнікаў, прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў і праваабарончых арганізацыяў. Да іх далучацца і незалежныя дэпутаты мясцовых саветаў.
“Спадзяюся, што мы зможам скласці план сумесных дзеянняў”, – сказаў адзін з арганізатараў Форуму, барысаўскі прадпрымальнік Віктар Гарбачоў.
А 30 верасня плануецца правесці агульнарэспубліканскі сацыяльны пікет супраць адмены сацыяльных гарантыяў.
2 кастрычніка ў рамках кампаніі запланаваная перадача зваротаў, подпісаў, петыцый ад грамадзян і грамадскіх аб’яднанняў у Палату прадстаўнікоў (якраз пачынаецца восеньская сесія Палаты). Таксама пачнецца рэалізацыя ініцыятывы аб адкліканні некалькіх найбольш адыёзных дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.
Прызначаны раней на гэты дзень Сацыяльны марш пераносіцца на 11 лістапада. Яго ініцыятары вырашылі, што перад маршам трэба правесці шэраг іншых акцыяў.
На наступным тыдні будзе агучаная і дата правядзення аб'яднанымі дэмакратычнымі сіламі “Еўрапейскага маршу”, які папярэдне быў прызначаны на кастрычнік.
Паводле Радыё “Свабода” (www.svaboda.org)
і “Еўрапейскага радыё для Беларусі” (www.belradio.fm)
|