Новыя правілы правапісу выкладуць у Інтэрнэце
Праект закона “Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” будзе размешчаны на сайце Міністэрства адукацыі Беларусі, каб усе, хто жадае, змаглі выказаць свае заўвагі і пажаданні. Гэтае рашэнне было прынята 31 ліпеня на пасяджэнні камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Палаты прадстаўнікоў.
Старшыня камісіі Уладзімір Здановіч зазначыў, што законапраект будзе разгледжаны на восеньскай сесіі парламента. “Камісія атрымала адказы на ўсе пытанні, якія яе цікавілі, у тым ліку тыя, што тычацца фінансавых затрат пры прыняцці законапраекта. Мы прыйшлі да высновы, што ў нас няма прычын ні адхіляць праект, ні накіроўваць яго на дапрацоўку”, – заявіў дэпутат.
Паводле У. Здановіча, распрацоўшчыкі законапраекта прынялі частку паправак дэпутатаў. “Мы прыйшлі да высновы, што ёсць тры сімвалы беларускай дзяржаўнасці: герб, гімн і сцяг. Пры напісанні слоў “дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь” усе словы трэба будзе пісаць з вялікай літары”.
У законапраекце канкрэтызуецца напісанне вялікай літары ў найменнях дзяржаўных устаноў і пасадаў. “Пашыраць напісанне вялікай літары на ўсе ўстановы і пасады нерацыянальна. Аднак назвы вышэйшых службовых асоб, органаў кіравання дзяржавы будуць пісацца з вялікай літары”, – паведаміў У. Здановіч.
У. Здановіч таксама зазначыў, што ў новым законапраекце вырашылі адмовіцца ад распаўсюджання прынцыпу акання на канчаткі слоў.
Апрача таго, членамі профільнай парламенцкай камісіі прынятае рашэнне адкласці момант набыцця законам моцы з 2008 г. на 2010 г.
Праект закона будзе даступны па адрасе Міністэрства адукацыі ў Інтэрнэт (http://www.minedu.unibel.by/). На сёння законапраект прысутнічае на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Рэспублікі Беларусь (http://www.pravo.by/kbdpz/text.asp?RN=2007030001).
Паводле БелаПАН і Радыё “Рацыя” (www.racyja.com)
|