З 1 жніўня літоўскую візу можна атрымаць толькі па папярэднім запісе

Ад сённяшняга дня консульскі аддзел амбасады Літвы ў Беларусі выдае візы толькі па запісе ў журнале папярэдняй рэгістрацыі.

Нагадаем, з 28 траўня па 1 ліпеня гэтага года літоўская амбасада праводзіла эксперымент па запісе на атрыманне візы па тэлефоне.

Гэта прывяло да павелічэння чаргі тых, хто жадае атрымаць візу ў Літву без пасярэдніцтва турфірмаў. Апрача таго, амбасада атрымала мноства нараканняў з боку тых, хто проста не змог датэлефанавацца.

Як паведамляе дыпмісія, з 1 жніўня запіс на атрыманне візы праводзіцца ў журнале папярэдняй рэгістрацыі па панядзелках-чацвяргах з 10.00 да 13.00. Для запісу пры сабе неабходна мець пашпарт.

Амбасада выказвае спадзяванне, што з уводам у эксплуатацыю прыбудовы да консульскага аддзела, будаўніцтва якой плануецца закончыць у канцы жніўня 2007 г., выдача віз будзе больш зручнай для кожнага, хто жадае выехаць у Літву.

Паводле БелаПАН і Еўрапейскага радыё для Беларусі ((www.belradio.fm)

‹‹ на галоўную | у архіў