Яны стварылі сваю Беларусь
Серыя “Бібліятэка Бацькаўшчыны” папоўнілася новай, трынаццатай кнігай Вольгі Грыцук “Мы стваралі сваю Беларусь” (укладальніца Вольга Іпатава).
Кніга складаецца з успамінаў Вольгі Грыцук пра мужа, вядомага дзеяча беларускай эміграцыі Аляксея Грыцука, успамінаў сяброў. Друкуецца ягоная творчая спадчына, у тым ліку раздзелы з дысертацыі пра М. Багдановіча.
Асобным раздзелам змешчана ліставанне з Алесем Салаўём, Міколам Абрамчыкам, Станіславам Станкевічам, Масеем Сяднёвым, Янкам Юхнаўцом, Кастусём Мерляком, Янкам Запруднікам, Сяргеем Хмарам.
Аляксей Грыцук нарадзіўся ў заможнай сялянскай сям’і на Беласточчыне. Скончыў Варшаўскі ўніверсітэт, выкладаў гісторыю ў Браслаўскай гімназіі. У 1939 г. бараніў ад немцаў Варшаву, трапіў у палон. І за саветамі, і за немцамі настаўнічаў. У 1944 г. падаўся на эміграцыю. Пасля трох гадоў у Аўстрыі, дзе ён спрычыніўся да стварэння Беларускага камітэту, выехаў у Канаду.
У 1948 г. яго нарачоная Вольга Грыцук была вымушана пакінуць аўстрыйскі Зальцбург і пераехаць з маці і сёстрамі ў Польшчу. Толькі ў 1958 г. аўтарка кнігі атрымала дазвол на выезд і перабралася ў Канаду.
Аляксей Грыцук стаў адным з заснавальнікаў Згуртавання беларусаў Канады (пазней ягоным шматгадовым старшынёй), а таксама праваслаўнай парафіі св. Кірылы Тураўскага.
Пры канцы жыцця Аляксей Грыцук ажыццявіў яшчэ адну сваю мару: атрымаў у Канадзе вышэйшую адукацыю і абараніў дысертацыю, прысвечаную творчасці Максіма Багдановіча.
Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла ў прадмове да кнігі напісала: “Перадчасную смерць Алеся ў 1976 г. уся беларуская грамада адчула як страшэнную страту. Не дачакаўся наш сябра незалежнасці Беларусі, за якую ўсё жыццё змагаўся. Але памяць пра яго жыве ў сэрцах усіх, хто яго ведаў, а партрэт вісіць да сёння ў залі Беларускага рэлігійна-грамадскага цэнтру ў Таронта. Хацела б тут аддаць чэсць усім патрыётам, якія, апынуўшыся, як Алесь Грыцук, на чужыне, не кінуліся шукаць для сябе выгадаў – даступных, між іншым, усім нашым працавітым суродзічам, – а ўзяліся за працу для Бацькаўшчыны. Гэта дзякуючы ім жыла Беларусь на чужыне, а свет пакрысе даведваўся пра існаванне паняволенай краіны, якое так старанна хавалася акупантам”.
Шукайце кнігу ў кнігарнях і незалежных распаўсюджвальнікаў.
Паводле “Нашай Нівы”

|