У Гданьску адбудзецца прэм’ера беларускага спектакля

27 ліпеня ў Гданьску адбудзецца прэм’ера спектакля па п’есе Міхаіла Анемпадыстава “Народны альбом” і аднайменнай праграмы вядомых беларускіх музыкантаў. На гэты раз п'есу паставяць беларускія і польскія ліцэісты.

Пастаноўка спектаклю ажыццяўляецца ў межах летняй паўтарамесячнай навучальнай сесіі вучняў былога Нацыянальнага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа, што праводзіцца ў Польшчы з пачатку ліпеня.

Дырэктар гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа Уладзімір Колас паведаміў, што спектакль распавядае аб падзеях 1920-х гадоў, калі ў склад II-й Рэчы Паспалітай уваходзіла Заходняя Беларусь: “Размова ідзе пра той перыяд нашай агульнай з палякамі гісторыі, які цяпер забыты альбо трактуецца тэндэнцыйна. Апрача працы над ролямі, ліцэісты вывучаюць характар эпохі і быт простых людзей, глядзяць матэрыялы кінахронікі, знаёмяцца з музейнымі экспазіцыямі, запісваюць успаміны яшчэ жывых сведак падзей 70-гадовай даўніны”.

На прэм'еру спектакля запрошаны ўлады Гданьска і былы прэзідэнт Польшчы Лех Валенса.

У Варшаве паказ п'есы ў выкананні ліцэістаў плануецца на 13 жніўня.

Паводле БелаПАН і “Польскага радыё для замежжа”

(www.polskieradio.pl/zagranica/by)

‹‹ на галоўную | у архіў