Святкаванне 27 ліпеня адбудзецца нягледзячы на затрыманні
Нягледзячы на затрыманні і арышты многіх актывістаў, дэмакратычная апазіцыя збіраецца адзначыць 27 ліпеня — дзень прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце і незалежнасці Беларусі.
Арганізатары святкавання плануюць правесці 27 ліпеня а 16-й гадзіне ў Мінску каля Чырвонага касцёлу сустрэчу моладзі з дэпутатамі Вярхоўнага Савету 12-га склікання, якія прымалі Дэкларацыю. Потым ў скверы Янкі Купалы ўдзельнікі ўскладуць кветкі да помніка песняру.
Паводле сябра аргкамітэта Ігара Рынкевіча, гэтыя імпрэзы пастанавілі правесці ў межах заканадаўства, без сімволікі і гукаўзмацняльнай тэхнікі. Мінгарвыканкам адмовіў заяўнікам у правядзенні канцэрту на плошчы Бангалор – нібыта з той прычыны, што плошчу рыхтуюць да 940-годдзя Мінску. Заяўнікі лічаць адмову незаконнай і збіраюцца абскардзіць гэтае рашэнне ў судзе.
“У звязку з апошнімі перастаноўкамі ў сілавых ведамствах, а менавіта новае кіраўніцтва КДБ і Міністэрства ўнутраных спраў хочуць паказаць, што сітуацыя пад кантролем, сілавыя ведамствы працуюць, тут апазіцыі ці дэмсілам яны разгарнуцца не дадуць”, – лічыць намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.
Палітык упэўнены, што нягледзячы на гэта, святкаванне адбудзецца.
Паводле Радыё “Свабода” (www .svaboda .org ) і
“Хартыі’97” ( www . charter 97. org )
|