Спадарожнікавы тэлеканал “TV–Беларусь” пачне працу ў лістападзе
Польскае грамадскае тэлебачанне зацвердзіла ў сваёй структуры спадарожнікавы тэлеканал “TV–Беларусь” (гандлёвая марка “Белсат”).
Паводле словаў каардынатара праекта карэспандэнта Польскага грамадскага тэлебачання Агнешкі Рамашэўскай, гэта дазволіць завяршыць працу над арганізацыйнай структурай тэлеканала.
Зараз плануецца тэндэр на закупку абсталявання, працягваецца стажыроўка беларускіх журналістаў. А. Рамашэўская адзначыла, што канал будзе весці вяшчанне 16 гадзін у дзень выключна на беларускай мове.
Супрацоўнік праграмнага сакратарыяту каналу “Белсат” Міхась Янчук абверг звесткі пра тое, што канал мае фінансавыя праблемы, і выказаў перакананне, што “Белсат” распачне сваю дзейнасць у лістападзе гэтага года.
М. Янчук расказаў пра перадачы, якія будуць транслявацца на Беларусь: “Перш за ўсё гэта будуць свабодныя навіны на беларускай мове – тое, чаго ў нас не было ўжо шмат гадоў. Навінны элемент нашага тэлебачання будзе адным з галоўных. Ва ўсім астатнім мы будзем звычайным тэлеканалам. Мы не збіраемся быць тэлеканалам палітызаваным”.
Як падкрэслівае М. Янчук, працаваць над праграмамі каналу будуць перш за ўсё журналісты з Беларусі: “Гэта будзе менавіта беларускае тэлебачанне, зробленае беларусамі і для беларусаў. Працаўнікі нашага каналу – гэта беларуская моладзь, якая будзе рабіць матэрыялы на радзіме і перадаваць іх у Польшчу. А мы будзем іх трансляваць. Таксама рукамі беларусаў”.
Нагадаем, пагадненне аб стварэнні спадарожнікавага тэлеканала было падпісанае ў красавіку паміж Польскім грамадскім тэлебачаннем і Міністэрствам замежных спраў Польшчы. Праект будзе фінансавацца з рэзервовага бюджэту Польшчы. Сёлета на “TV–Беларусь” плануецца выдаткаваць каля 4 мільёнаў еўра.
Паводле БелаПАН, “Еўрапейскага радыё для Беларусі” ( www . belradio . fm ),
“Польскага радыё для замежжа” (www.polskieradio.pl/zagranica/by)
і Радыё “Рацыя” ( www . racyja . com )
|