Мэр Нью-Йорка: “Цімашэнка быў сапраўдным героем”
У нью-йоркскім шпіталі “Kings County” ад смяротных ран памёр 23-гадовы паліцыянт беларускага паходжання Расэл (Руслан) Цімашэнка. У мінулы панядзелак ў часе патрульнай службы ў адным з раёнаў Брукліна ён спрабаваў спыніць машыну са злачынцамі, аднак быў расстраляны бандытамі ў твар. Увесь час пасля ранення паліцыянт знаходзіўся ў коме. У 23.15 14 ліпеня, па мінскім часе, лекарскі кансыліум прыняў рашэнне аб спыненні апарата штучнага дыхання.
Паводле кіраўніка бруклінскага шпіталю “Kings County” Роберта Кэрца, кансыліум нью-йоркскіх лекараў канстатаваў у пацыента смерць мозгу. У адпаведнасці з законамі штату Нью-Йорк, гэта аўтаматычна азначае смерць хворага, а таму ўсе апараты, якія штучна падтрымліваюць яго арганізм, павінны быць адключаныя.
Як кажуць медыкі, абедзве кулі, якія трапілі ў Цімашэнку, былі смяротнымі.
“Цэлых 15 хвілінаў пасля ранення, то бок перад тым, як трапіць у шпіталь, Цімашэнка не атрымліваў аніякага кіслароду. Калі чалавек не дыхае цягам пяці хвілінаў, ужо ёсць небяспека для сур’ёзнага пашкоджання мозгу. Мы змагаліся да апошняга за жыццё паліцыянта, аднак у выніку былі бяссільныя”, – сведчаць хірургі.
Сваё спачуванне бацькам паліцыянта Таццяне і Леаніду выказаў мэр Нью-Йорка Майкл Блумберг. Увесь гэты тыдзень разам з іншымі жыхарамі гораду ён маліўся за Расэла. “Пакуты бацькоў, якія страцілі свайго адзінага сына, цяжка з чымсьці параўнаць. Аднак я хачу, каб Тацяна і Леанід ведалі, што іхны Расэл быў сапраўдным героем”, – сказаў М. Блумбэрг.
Як заявіў камісар нью-йоркскай паліцыі Райманд Кэлі, які штодня наведваў у шпіталі свайго падначаленага, “Цімашэнка быў смелым паліцыянтам”. “Развітваючыся з ім, мы не маглі стрымаць слёз. Мы будзем сачыць за тым, каб забойцы Расэла адказвалі па ўсёй строгасці закону”, – сказаў Р. Кэлі.
Паводле паліцыі, у аўтамабілі BMW, які разам з сваім напарнікам спыніў ў ноч здарэння Расэл Цімашэнка, знаходзіліся тры чалавекі – чальцы крымінальнай групоўкі. Іхныя твары, як і саму трагедыю, зафіксавала відэакамера назірання на адным з дамоў Брукліну. Двум крымінальнікам ужо выстаўлена абвінавачанне ў нападзе на паліцыянтаў – яны могуць быць асуджаныя на пажыццёвае зняволенне без права на амністыю.
Разам са сваімі бацькамі Леанідам і Таццянай Цімашэнкамі Расэл (Руслан) пераехаў з Бабруйску ў Нью-Йорк на пачатку 1990-х. Пасля заканчэння амерыканскай школы юнак пачаў вывучаць архітэктуру ў нью-йоркскім Сіці-каледжы. Аднак, як ён нярэдка паўтараў, “жаданне бачыць свой любімы Нью-Йорк бяспечным горадам усё ж перамагло”. У студзені 2006-га Расэл скончыў Паліцэйскую акадэмію і трапіў на службу ў 71-ы ўчастак Нью-Йорка. За гэты час малады афіцэр здзейсніў 15 асабліва цяжкіх затрыманняў.
Паводле Радыё “Свабода” ( www . svaboda . org )
|